22.6 C
Пинск
Пятница, 4 июля, 2025
Пiнскi Веснiк
Калейдоскоп

Народны каляндар: ліпень косіць і жне, доўга спаць не дае

Народны каляндар: ліпень косіць і жне, доўга спаць не даеНародны каляндар: ліпень косіць і жне, доўга спаць не дае

 4 ліпеня

У гэты дзень прынята займацца зборам кветак ліпы, з якіх рыхтавалі розныя адвары і зёлкі. Ліпавым адварам гаспадыні нават паілі жывёлу і хатнюю птушку – каб здаровымі былі і добра пладзіліся.

Лічылася, што ў ноч на 4 ліпеня сняцца прарочыя сны.

Былі такія прыкметы: ранішняя раса доўга не прасыхае – будзе навальніца; гром грыміць – непагода будзе працяглай.

5 ліпеня

У гэты дзень было прынята чысціць калодзежы, а таксама хадзіць у лес і вязаць венікі для лазні.

Людзі прыкмецілі: увечары гуляе месяц – да добрага ўраджаю.

6 ліпеня

Напярэдадні Купалля нашы продкі збіралі лячэбныя карэнні і травы. Нават старыя купаліся ў рэчках, мыліся і парыліся ў лазнях, ужываючы пры гэтым для вылечвання ад хвароб розныя духмяныя травы.

Лічылі неабходным пакупацца ў гэты дзень, каб прыдбаць здароўе і маладосць.

7 ліпеня

Працяг купальскага свята, якое доўжылася ўсю папярэднюю ноч. «Учора было Купалле, а сёння Ян…» – спяваецца ў народнай песні. У гэты дзень было прынята пачынаць сенажаць, пакуль трава не абсыпалася.

Людзі заўважылі: моцная раса на Яна – да ўраджаю агуркоў; калі ўмыцца купальскай расой і пакупацца ў рацэ – прыбавяцца здароўе і прыгажосць; травы, сабраныя ў гэты дзень, гаючыя; калі пераскочыць праз купальскае вогнішча, то ўсе беды і хваробы згараць.

8 ліпеня

Дзень Пятра і Хяўронні, дзень кахання.

Былі такія прыкметы: калі ў гэты дзень ідзе дождж, то будзе добры ўраджай мёду; свінні і мышы сена ядуць – да дрэннага пакосу.

9 ліпеня

У гэты дзень моладзь адпраўлялася ў лес па суніцы. Было такое павер’е: хто жадае пазычыць грошы, павінен пакласці траву суніцы ў кішэню і тады ўжо ісці па пазыку – адмовы не будзе.

Калі ў гэты дзень ідзе дождж, то лета да канца будзе дажджлівым; сонечны дзень прарочыць добрае надвор’е да самай восені.

10 ліпеня

Самсон-сенагной. Гэта значыла, што сена, якое скошана і нарыхтавана ў гэты дзень, прападзе.

Людзі прыкмецілі: калі на Самсона дождж, то да бабінага лета будзе мокра; лес без ветру шуміць – да дажджу.

Падрыхтавала Алена БРЫЧ.

Фота з адкрытых крыніц.

Похожие новости

Народны каляндар: не чакай лета доўгага, маліся за цёплае

pv

Народны каляндар: час касіць ды сена сушыць

pv

Народны каляндар: Чэрвень – кветак карагод, там і пчолы, там і мёд

pv
ТГ канал