Народны каляндар: кожная хата ў жніўні багата. Назва месяца паходзіць ад слова “жніво”. Збору збожжа датычаць і іншыя назвы, што існавалі ў народзе: копень, густар, хлебачол, серпень, гароднік, прыбярыха-прыпасіха.
Жнівень дае знаць, што заканчваецца лета і набліжаецца восень. Ночы становяцца халаднейшымі, даўжэйшымі і цямнейшымі. Раніцай з’яўляюцца туманы. Працягласць светлавога дня змяншаецца ў параўнанні, напрыклад, з ліпенем прыблізна на 50 хвілін.
Яшчэ ў пачатку месяца заканчваецца ўборка азімых, затым з поля прыбіраюць пшаніцу, ячмень, авёс, грэчку, проса, лён-даўгунец, скараспелую бульбу, іншую гародніну і садавіну. Людзі карыстаюцца і багатымі дарамі лесу. Таксама вядзецца сяўба азімых, касавіца атавы.
1 жніўня
Дзень «Макрыны». Звычайна характарызуецца дажджлівым надвор’ем, пра што сведчаць і прыказкі: «Глядзі восень па Макрыне», «Калі ў дзень Макрыны дождж, то ўсё лета і восень будуць мокрыя, а калі суха, то восень сухая».
Людзі прыкмецілі: на дубе шмат жалудоў – восень будзе ранняй; калі з асіны ляціць пух – час ісці па грыбы; калі мурашы схаваліся ў мурашнік, то пахаладае.
2 жніўня
Дзень Іллі. Яго ўспрымалі як мяжу паміж летам і восенню: «Ілля жніво пачынае, а лета канчае». Лічылася нормай, калі ў гэты дзень ішоў дождж: «Ілля наробіць гнілля».
У гэты час праводзілі зажынкі – свята пачатку жніва. Прыносілі з сабой у поле хлеб і сыр, якія клалі на першую зжатую жменю жыта, пакрываючы яе ручніком. Потым гэта ўсё заносілі дадому і ладзілі святочны стол.
Былі такія прыкметы: калі пойдзе дождж, то ўвесь жнівень будзе дажджлівы; калі надвор’е сухое, то спёка прастаіць шэсць тыдняў; доўгі гром – да непагадзі. У некаторых мясцінах таксама лічылі, што ў гэты дзень у хату нельга пускаць катоў і сабак, бо яны могуць завабіць да жылля маланку.
3 жніўня
Пачатак развітання з летам. Сяляне сеялі азімыя, збіралі яблыкі ў садах. Таксама прыбіралі свірны, якія былі адведзены пад захоўванне збожжа.
Заўважылі: калі шмат расы, то ўраджай ільну будзе кепскі; шмат светлячкоў – да ранняй восені; туман сцеліцца над зямлёй – будзе адліга.
4 жніўня
З гэтага дня можна было збіраць і сушыць на зіму цыбулю.
Былі такія прыкметы: калі 4 жніўня навальніца – сена будзе шмат; калі ў гародзе шмат слімакоў, то некалькі дзён будуць дажджы; калі шмат павуціння, а павукоў не бачна, то таксама будуць дажджы.
5 жніўня
Трафімаў дзень. Збіралі маліну і каліну, сушылі, пяклі пірагі.
Людзі прыкмецілі: навальніца 5 жніўня – на доўгую і цёплую восень; вячэрні туман казаў нашым продкам пра тое, што да канца жніўня будзе цёпла; калі на небе шмат зор, то будуць дажджы.
6 жніўня
Пра гэты дзень казалі так: «Барыс і Глеб – паспеў хлеб». Старыя людзі лічылі, што ад гэтага дня пачынаецца час збору грыбоў, чаромхі, а таксама нарыхтоўкі бярозавых венікаў для лазні.
7 жніўня
Дзень Ганны, ідучы следам за Барысавым днём, нічым не адрозніваўся ў сялянскіх занятках: «Барыс з Ганнай не гуляюць, святому Іллі дапамагаюць». У Беларусі сустракаліся мясціны, дзе на Ганну працаваць можна было толькі на талацэ ці па найме.
Па гэтым дні прадказвалі надвор’е ўзімку: цяпло абяцала халодную зіму; дождж – снежную і цёплую. Калі ноч з 7 на 8 жніўня халодная, то зіма будзе ранняй і доўгай.
Падрыхтавала Алена Брыч
Фота з адкрытых крыніц
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.