Народны каляндар: кастрычнік землю балоціць, а лес залоціць
У гэты дзень завяршалася «пчаліная дзевяціна» – восеньскае свята пчалы. Вуллі падрыхтоўвалі да зімоўкі. У некаторых месцах лічылася вялікім грахом працаваць 10 кастрычніка – «усё зробленае на карысць не пойдзе».
Навальніца ў гэты дзень прадказвала кароткую і бясснежную зіму.
11 кастрычніка
Былі такія прыкметы: калі дрэвы заінелі, то зіма будзе халоднай і зацяжной; калі куры паднялі пер’е і нахохліліся, то ў бліжэйшыя дні чакай халадоў; калі зайцы да гэтага часу не пабялелі, то зіма будзе цёплай.
12 кастрычніка
У гэты дзень святкавалі «Пакроўцы» – паміналі памерлых сваякоў.
Заўважылі: шмат зорак на небе – да сухога восеньскага надвор’я. Выпаў вячэрні туман – будзе хуткае пацяпленне.
13 кастрычніка
Чысцілі гароды ад бульбоўніку, набівалі пярыны свежай саломай, а старую палілі ў печах. Маці праводзілі на парозе хаты абрад купання дзяцей з рэшата, каб яны меней хварэлі.
Лічылі: калі ў гэты дзень выпадзе першы снег, то зіма надыдзе не хутка; калі ўжо ўсе жоравы ўляцелі ў вырай, то зіма будзе ранняй і халоднай.
14 кастрычніка
Пра гэты дзень казалі: «Прыйшлі Пакровы і пытаюць: «Ці да зімы гатовыя?»»; «Пакровы – пастухоўскія кіі на дровы». Ад 14 кастрычніка пачынаўся перыяд “вялікай свадзебніцы”. Моладзь ладзіла вячоркі, дзе хатняя праца спалучалася з песнямі, гульнямі і танцамі. Дзяўчаты, якія яшчэ не ішлі пад вянец, з’ядалі салёную аладку нанач, каб у сне ўбачыць суджанага, які дапамагае наталіць смагу.
Заўважылі: якое надвор’е на Пакровы, такое яно будзе ўсю зіму да вясны; калі на Пакровы яшчэ не выпаў снег, то яго яшчэ доўга не будзе.
15 кастрычніка
З гэтага дня адзначалі «дзявоцкае лета», якое доўжылася тыдзень. Варажылі пра характар будучых маладух.
Моцны дождж і вецер прадказвалі халодную зіму.
16 кастрычніка
Сялян наведвалі розныя майстры, шылі кажухі, паўкажушкі, боты, каталі валёнкі, фарбавалі прадзіва.
Людзі прыкмячалі, што дзень усё больш памяншаўся, і казалі так: «Дзяніс пацягнуў дзень уніз».
Падрыхтавала Алена Брыч
Фота з адкрытых крыніц
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.