31 студзеня ў народным календары – дзень памяці святых Афанасія і Кірылы (Апанасаў дзень, гусінае свята, Гусеўнік, свята свойскай жывёлы).

Менавіта ў гэты дзень праводзіўся гусіны кірмаш, на якім галоўным таварам былі жывыя гусі, гусяціна, вырабы з гусінага пяра.
Дзень Апанаса лічыўся паловаю зімы ў дачыненні да назапашанага для хатняй скаціны корму. Калі яго ўжо выкарыстана палова, селяніну можна спакойна чакаць першага веснавога выпасу. Калі ж заставалася меней – трэба было карміць больш ашчадна.
Прасiлi аб здароўi жывёлы: «Святы Уласiй, Ахванасiй, саблюдзi, Божа, красуль нашых». Мяцеліца ў гэты дзень, нагадваючы белы пух, нібыта варажыла на тое, што выведзецца багата гусянят. Па надвор’ю вылічвалі пачатак надыходу цяпла і палявога сезона: раз на Апанаса завіруха – трэба чакаць працяглай вясны.
Прыкмячалі, што «на Апанаса-ломаса холад не жартуе», і стараліся не пачынаць важных спраў. Гаварылi, нiбы апанасаўскiя маразы здаралiся такiя моцныя, што ў «быка-траццяка» (трохгодкі) зрывала рогi. I папярэджвалi: «Хавай нос у апанасаўскi мароз».
Адліга 31 студзеня абяцала дрэнны ўраджай бульбы і лета з дажджамі.
Не рэкамендавалася на Апанаса хрысціць хлопчыкаў, каб не наклікаць на іх хваробы.
Верылі, што ў гэты дзень нячысцікі асабліва злосныя, таму іх адганялі ад хат малітвамі.
Былі такія прыкметы: калі на дварэ завіруха – ранняй вясны не будзе; калі ясна, то ранняя вясна будзе; калі вады заўважна паменела ў рацэ ці ў возеры, то лета будзе сухім; калі ўвечары вакол месяца ўтвараецца круг, чакалі ўзмацнення марозу.
Каб у апошні дзень студзеня не было так зімна, гатавалі стравы са свойскай птушкі.
Падрыхтавала Алена Брыч
Фота з адкрытых крыніц
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.


