Народны каляндар: дажыначкі на нашу нівачку
22 жніўня
Дзень Мацея. Большая частка работ у полі была выканана. Падступала восеньская прахалода, што адлюстравалася ў прыказках: «Пасля Мацея мужык на полі не пацее» і «Мацей непагадзь падпускае». Сяляне пачыналі рыхтавацца да восеньскіх кірмашоў.
Людзі прыкмецілі: калі надвор’е кепскае, то наступны год будзе неўрадлівым.
23 жніўня
Гаспадарчыя работы ў гэты час змянялі адна адну, і селянін ужо выпраўляўся малоць новае збожжа.
Заўважылі: калі ў гэты дзень вада спакойная, то і восень будзе ціхая, а зіма не віхурная, а калі моцная спякота або моцныя дажджы – так будзе ўсю восень.
24 жніўня
У народзе казалі: «Прыйшоў Баўтрамей – жыта на зіму сей».
Бязветраны дзень прадказваў спёку; бязвоблачнае неба – доўгае бабіна лета.
25 жніўня
У некаторых месцах Беларусі сяляне казалі, што пачыналася так званая «чарвівая нядзеля»: пасеяны хлеб даваў «чарвівую муку», з якой немагчыма было вывесці казурак.
Заўважылі: калі ў гэты дзень дажджліва – «бабіна лета» будзе кароткім; калі цёпла і ясна – будзе шмат белых грыбоў.
26 жніўня
Сяляне прыбіралі ў адрынах і скляпах, каб да зімовых сховішчаў не прыстала восеньская гніль.
Была такая прыкмета: калі ў гэты дзень ціхае надвор’е, то наступныя некалькі дзён, наадварот, будзе дзьмуць моцны вецер.
27 жніўня
Міхееў дзень.
Калі ў гэты час адляталі жураўлі, то ў сярэдзіне кастрычніка чакаліся маразы.
28 жніўня
Дзень раней называлі Прачыстая, Гаспажа, Спажа, Зельна. Адзначалі свята завяршэння ўборкі ўраджаю – Дажынкі. Казалі так: «Да Прачыстай поле мусіць быць чыстым».
У апошні дзень жніва родныя і блізкія сям’і, якая працуе на зямлі, накіроўваліся на поле. Галоўная жанчына выходзіла ў цэнтр, прызначала кожнаму сваё месца. Гаспадару ж адводзілася іншая роля – яго на полі абмывалі вадой. Лічылася, што такім чынам праводзілася ачышчэнне, загартоўваліся яго сілы на наступны год.
Дарэчы, апошні дажыначны сноп на сваім полі кожная жняя жала моўчкі. Таму гэты сноп часам звалі маўчальным. Яго ўрачыста неслі ў хату гаспадара і на час святочнай вячэры ставілі на покуці. Потым адносілі ў гумно.
Каб заручыцца падтрымкай палявых духаў і забяспечыць будучы ўраджай, рабілі «завіванне барады». Для гэтага пакідалі нязжатымі некалькі каласкоў і звязвалі іх уверсе стужкай ці жытняй саломай. Пучок прызначаўся каму-небудзь са святых – Іллі, Міколу, Юр’ю. Гэта было цэнтральнае абрадавае дзеянне. Сцёблы звівалі жгутом, а каласы ўтоптвалі ў зямлю і тут жа клалі кавалак хлеба з соллю. Лічылася, што гэты абрад можа вярнуць зямлі сілу, якая дала ўраджай.
Падрыхтавала Алена Брыч
Фота з адкрытых крыніц
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.