Народны каляндар: Чэрвень – кветак карагод, там і пчолы, там і мёд
13 чэрвеня
Гэты дзень называўся Ерамей-распрагальнік. Для сялян – гэта час заканчэння сяўбы. Сейбіты і аратыя пасля працы каталіся па траве, каб падужэць. Прыходзіў час падумаць пра коней, якіх распрагалі і вялі на раку купацца, пасля чаго прытомленых на ворыве адпускалі пасвіцца на лузе.
У гэты дзень багатая раса і спывы зязюлі прадказвалі ясны, сонечны дзень.
14 чэрвеня
У гэты час сяляне звычайна аглядалі свае пасевы, што і адбілася ў прыказцы: «Юстын цягне ўверх каноплі, Харытон – лён». Былі такія прыкметы: пахмурная раніца ў гэты дзень – да ўраджаю ярыны; дождж – да добрага ўраджаю ільну.
15 чэрвеня
Нічыпар-дубадзёр, зялёныя святкі. З гэтага дня пачыналі дзерці новую кару – «лыка», якое выкарыстоўвалі для вырабу летняга абутку, кошыкаў і іншых гаспадарчых прылад. Дзяўчаты плялі з травы і кветак вянкі, прыкладалі да іх дубовыя галінкі, упрыгожвалі хаты бярозкамі і вадзілі карагоды.
Былі такія прыкметы: калі вераб’і б’юцца, то будзе добрае надвор’е; сплесці вянок сёння – да шчаслівага сямейнага жыцця.
16 чэрвеня
Лук’янаў дзень. Нашы продкі назіралі за ветрам і па ім спрабавалі дазнацца, якім будзе бліжэйшае надвор’е. А ад гэтага залежала, за якую працу брацца селяніну.
«На Лук’яна не кладзіся спаць рана, а даглядай, адкуль вецер дзьме». Цягне вецер з поўдня – яравому кліну добры рост; дзьме вецер з гнілога кута (паўночны захад) – чакай непагадзі. Але ж больш за ўсё баяліся паўночна-ўсходняга ветру, які быццам бы прыносіў бесперапынныя дажджы, шкодныя пры наліванні жыта.
17 чэрвеня
Мітрафанаў дзень. Калі лета выдавалася гарачае,гукалі паўднёвы вецер і прасілі яго прыгнаць дождж, а ў дажджлівы час прасілі, каб вецер разагнаў хмары. З гэтага дня пачыналі вывозіць гной на паравое поле, а таксама сеялі лён і грэчку.
Паўночны вецер на Мітрафана прадказваў кепскае надвор’е; калі ўжо паспелі суніцы, тады пара сеяць грэчку. Таксама нашы продкі лічылі, што ад сённяшняга дня лён пачынае расці на ўсю моц.
18 чэрвеня
Дарафееў дзень. У народзе верылі, што ў гэты час сняцца прарочыя сны і квітнее сон-трава. Калі знайсці такую кветку, то яна можа ад бессані выратаваць, бо сцішае душэўны непакой, дае сэрцу роўнае біццё.
Калі на Дарафея цёпла – зерне будзе буйным; калі ў першай палове дня выпалоць пустазелле, то яно болей не вырасце.
19 чэрвеня
Ларыён-прапольнік. З гэтага дня звычайна пачыналася праполка агародаў. Казалі: «Прыйшоў Ларыён – благую траву з поля вон». Лічылі, калі 19 чэрвеня пустазелле не вырваць, то ў будучыні прыйдзецца ўвесь час з ім змагацца.
Алена Брыч.
Фота з адкрытых крыніц.