Народны каляндар: час касіць ды сена сушыць
20 чэрвеня
Менавіта з 20 чэрвеня людзі нарэшце пачыналі хадзіць на вадаёмы і купацца — да гэтага дня было нельга, бо лічылася, што злыя духі могуць пацягнуць чалавека пад ваду.
У гэты дзень нашы продкі прыкмецілі, што калі ідзе дождж – будзе дрэнны наліў коласа; цёплы дзень – да добрага ўраджаю; грыміць гром – непагадзь надоўга.
21 чэрвеня
Хведар (Тодар) Калодзежнік. «На Тодара раса – лета сухое і ўраджайнае». Людзі наймалі калодзежнікаў, якія капалі і чысцілі студні. Капальнікі вечарам прыкмячалі месца, дзе пар з зямлі моцна ўздымаўся, і пакідалі там патэльні, перакульваючы іх. На другі дзень, калі сонца за поўдзень пакоціцца, патэльні здымалі. Так правяралі тры разы: на тым месцы, дзе была вільготная ўсярэдзіне патэльня, капалі калодзеж.
Людзі верылі, што сабраныя на Хведара травы гаючыя, а загаданыя жаданні здзейсняцца.
22 чэрвеня
Гэта астранамічны пачатак лета, дзень летняга сонцастаяння. На Кірылу – канец вясне, пачын лету – лічылася ў Беларусі. Казалі так: «З Кірылавага дня – што сонейка дае, то ў мужыка ў свірне». У гэты дзень надыходзіў час касіць ды сена сушыць.
Былі такія прыкметы: калі жыта цвіце, то прыйшоў час касіць і сушыць сена; вароны часта крычаць – хутка пойдуць дажджы.
23 чэрвеня
Нашы продкі лічылі, што любыя знакі і прыкметы не абяцаюць нічога добрага. «На Цімафея знакі – да галоднага года».
Людзі прыкмецілі: калі на таку мышы, то год будзе галодным; калі дзень сухі – ураджай будзе няўдалым; калі ў поле прыходзілі ваўкі – знікне жывёла.
24 чэрвеня
Людзі верылі, што гэта дзень цудаў, чараўнікоў і вядзьмарства. Таму забаранялася рваць траву, бо лічылі, што па ёй апоўдні качаецца невядомая сіла, якую нельга турбаваць і якая праз траву можа перадаць чалавеку ліха.
Нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень нячыстая сіла спутвае хамуты і лейцы, таму з імі трэба было быць вельмі асцярожнымі.
25 чэрвеня
З гэтым днём у народным календары звязвалі паспяванне на ўзвышшах суніц. Таксама было прынята сеяць да абеду якое-небудзь белае зерне, а па абедзе – чорнае. Верылі – гэта гарантавала поспех.
Былі такія прыкметы: калі стаіць спёка, будзе добры ўкос сена; калі ідзе дождж – касіць давядзецца ў мокрае надвор’е. Нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень сонца паварочваецца на зіму, а лета – на спёку.
26 чэрвеня
Людзі называлі гэты дзень Акуліна-задзяры хвасты. З гэтага часу жывёла ад сляпнёў ды аваднёў моцна пакутуе і часам бегае, высока задраўшы хвост, адмахваючыся ад надакучлівай машкары. Таму стараліся выганяць худобу на папас як мага раней, а як толькі сонца пачынала прыграваць – вярталі ў хлявы.
Людзі заўважылі: калі на Акуліну папіць малака, то можна нашкодзіць свайму здароўю; калі шмат машкары – добрае надвор’е будзе трымацца яшчэ доўга.
27 чэрвеня
У гэты дзень, калі стаяла спёка, ірвалі ў канавах крапіву і секлі яе. Гэта быў абрад для выкліку дажджу, які гарантаваў ураджай. З іншага боку, дажджлівае 27 чэрвеня абяцала сем тыдняў непагадзі. Існавалі і іншыя прыкметы на гэты дзень. Рыба гуляе ў рацэ – ноччу можа быць навальніца. Шмат камароў – ураджай на ягады, а шмат мошак – на ўраджай грыбоў.
Былі такія прыкметы: калі ўсход яркі, ураджай будзе багатым; вячэрняя вясёлка азначае добрае надвор’е назаўтра; чырвоны захад сонца – чакайце ветраў і непагадзі.
Падрыхтавала Алена БРЫЧ.
Фота з адкрытых крыніц.