Народны каляндар: Май халодны — год хлебаробны

23 мая Нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень трэба ўшаноўваць маці сырую зямлю. Яна павінна адпачыць, прыняць віншаванні, пачуць добрыя словы. Было ў звычаі высцілаць глебу святочнымі хусткамі, ручнікамі, а таксама ставіць пірагі, квас, піва. Карысным было збіраць лекавыя расліны.
24 мая У даўнейшыя часы ў гэты дзень была традыцыя ўспамінаць усіх людзей, якія загінулі і пакінулі пасля сябе добрую памяць.
Па гэтым дні меркавалі пра ўсё наступнае лета: калі ён мокры – і лета будзе мокрае, калі сухі – усё лета сухое. На зямлі працаваць не дазвалялася – град паб’е ўсе пасевы.
25 мая Гэты дзень называлі Епіфан чырвоны, альбо Рабінаўка, бо пачынала квітнець рабіна. Дзяўчаты апраналіся ў чырвонае і вадзілі карагоды вакол гэтага дрэва, прасілі зберагчы хаты ад пажараў і ліха.
На 25 мая ў нашых продкаў была такая прыкмета: «Калі на Епіфана раніца ў чырвоным кафтане – да сухога лета». Яшчэ людзі верылі, што калі на сажалках з’явілася лісце гарлачыкаў, то халадоў болей не будзе. А вось дахаты іх прыносіць забаранялася – іначай можа пасці скаціна.
26 мая Старыя людзі называлі гэты дзень Лукер’я Камарніца, бо паўсюль пачыналі лётаць камары. А значыць, прыйшоў час сеяць жыта. Казалі так: калі камароў няма, то аўса і травы не будзе. Шмат камароў у гэты дзень – ураджай будзе багаты; з’явілася шмат мошак – у лесе будзе многа грыбоў.
27 мая Сідар Агурочнік – такая назва гэтага дня. Людзі садзілі агуркі і сеялі лён. Калі ўвесь дзень быў ясны, то чакалі добрага ўраджаю. Калі на Сідара дзьмулі паўночныя вятры, то лета хутчэй за ўсё было дажджлівым.
28 мая «Пахом павее цяплом», – казалі людзі ў гэты дзень. Дазвалялася рабіць усё, што заўгодна. Увогуле гэты дзень лічыўся агародным святам. Людзі працягвалі сеяць агуркі, бо верылі, што «Пахом носіць агуркі мяхом».
У ранейшыя часы прыкмецілі: калі ў гэты дзень цёпла – усё лета будзе цёплае. Калі ўсход сонца чырвоны, летам будзе шмат навальніц.
29 мая Дзень называўся жытнік, лічыўся самым апошнім тэрмінам для пасеву яравых. Для нашых продкаў жыта – гэта збожжа наогул да той пары, пакуль яно не станавілася мукой. Ураджай жыта даваў надзею на шчаслівае і багатае жыццё, таму да хлеба заўсёды было трапяткое стаўленне.
У гэты дзень на стол абавязкова падавалі любую кашу. Былі такія прыкметы: калі менавіта сёння цвіце рабіна, то прыйшло сапраўднае лета; калі грыміць гром – ураджай будзе багаты.
30 мая Лічылася, што ў гэты час з’яўляецца вялікая колькасць змей, таму стараліся асцярожна хадзіць у лясы і палі. Паўночны вецер 30 мая прарочыў халоднае лета – так меркавалі нашы продкі. Таксама заўважылі, што якое сёння надвор’е, такім і лета будзе.
31 мая Гэты дзень старыя людзі звязвалі з дубам – дрэва было сімвалам магутнасці, чысціні, славы і веры. «Калі на Хвядота на дубе верхавіна з апушкай, то будзеш мераць авёс кадушкай».
Былі такія прыкметы: калі дуб пазелянеў раней за ясеня, то лета будзе засушлівым; калі ад зямлі падымаецца пар – будзе дождж; сінія хмары на небе – будзе моцны вецер; калі месяц ясны – лета будзе вельмі сухім.
Алена БРЫЧ.