10 апреля, Пинск /ПВ/ Светлае свята Вялікадня мае вялікае сімвалічнае значэнне. Так, напрыклад, фарбаваныя яйкі (фарбоўкі) азначаюць перамогу жыцця над смерцю. Булкі – гэта цела Хрыстова і радасць жыцця. Соль – сувязь Бога з людзьмі, дабрабыт і сэнс жыцця, а традыцыйны кагор – кроў Хрыста.
Акрамя таго, людзі лічылі сімвалічнымі і іншыя велікодныя стравы. Каб муж і жонка жылі ў згодзе, яны заўсёды ставілі на святочныстол запечаную свініну, для росквіту і дабрабыту – сала. Жадаючыя папоўніць сям’ю гатавалі каўбасу. А вось алей, сыр, тварог, а таксама вырабы з іх заўсёды сімвалізавалі сытае жыццё і поспех у справах. Першую порцыю ежы пакідалі на ноч для дзядоў – каб іх душы пачаставаліся.
Напярэдадні свята прыбіраліся дома і ў садзе, праводзілі дробны рамонт, гатавалі ежу для гадаванцаў, хатніх жывёл, каб потым увесь тыдзень не хвалявацца аб гэтым. Таксама рыхтавалі чыстае адзенне для паходу ў царкву.
Нядзеля, панядзелак і аўторак называліся Вялікімі. У гэтыя дні не працавалі і нават не палілі ў печы. Групы валачобнікаў хадзілі па хатах і выконвалі песні з пажаданнем селяніну плёну на ніве, прыплоду ў статку, добрага здароўя, шчаслівае долі, велічалі гаспадароў і руплівую працу.
У сераду святкаванне працягвалася. Дзень меў дзве назвы: Людаў дзень і Градавая серада. Апранутыя ў новае адзенне дзеці і падлеткі гулялі ў біткі і качалі яйкі з лубкоў. Каб лён рос доўгім, гушкаліся на арэлях. Дарослыя не працавалі, асцерагаючыся, каб летам поле не пабіў град. У некаторай мясцовасці гналі зіму, кідаючы на ваду шкарлупіны з яек, і спявалі: “Ідзі, зіма, бо ты нам хліб выела”.
Чацвер пасля Вялікадня таксама меў розныя назвы: Наўскі Вялікдзень, Шопшы Вялікдзень, Бабскі Вялікдзень, Мёртвы Вялікдзень, Наўская Пасха, Наўскі чацвер. У многіх вёсках хадзілі на могілкі. Парадкавалі магілы, вешалі новую хусцінку ці стужку на крыж, сцялілі на магілах рушнік або абрус і выстаўлялі ежу. Пасля памінання пакідалі там чырвонае яечка і хлеб. Памаліўшыся сыходзілі.
У пятніцу і суботу займаліся штодзённымі гаспадарчымі справамі. Завяршаўся Велікодны тыдзень Праводнай нядзеляй. У некаторых мясцовасцях у гэты дзень паміналі памерлых, як на Радаўніцу.
Падрыхтавала Алена Брыч
Фота з адкрытых крыніц
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Любые рассказы, новости или сообщения мы принимаем через Telegram-бот PinskNews_bot.
Обсудить происшествия, поделиться мнением, получить совет или просто пообщаться с пинчанами можно в нашей Telegram-группе Pinsk Chat. Это место, где жители Пинска делятся новостями, помогают друг другу и обсуждают события города.
