5.1 C
Пинск
Пятница, 19 апреля, 2024
Пiнскi Веснiк
Культура

Журавінавы край, альбо Адзін дзень з жыцця людзей на балоце

  У маім выпадку «людзі на балоце» — гэта не метафара. Гэта пэўны перыяд у жыцці амаль што кожнага майго аднавяскоўца, калі ён бадай штодзень праводзіць на балоце. І ўсё дзеля збора журавін.

  Мне здаецца, што кожны чытач «ПВ» ведае пра лекавыя здольнасці гэтай ягады. Кіслая, а якая ж карысная! Ды вось толькі для жыхароў суседняга Столінскага раёна журавіна – гэта не толькі лекі. Гэта перш за ўсё заработак.

Нядаўна я вярнулася з водпуску. Звычайна гэтае слова асацыіруецца з адпачынкам. А вось я свой водпуск правяла на балоце. Не жыла я, канечне, на ім, але ж і не адпачывала.


  

  Падрыхтоўка да «падарожжа»

 Дзень пачынаўся з таго, што ўставала я ў 5.30, а ў 6.00 гатова была ехаць на балота. Ездзілі мы з суседзямі на грузавой машыне. Але ж толькі да лесу, а потым яшчэ гадзіну, а то і больш рухаліся пешкі да самога балота. Даехаць на машыне немагчыма, бо дарога месцамі ўжо нагадвае дрыгву і можна лёгка засесці. Ісці патрэбна перацяжынамі і краем. Краем у нас называюць лясныя астраўкі, а перацяжынамі – балоцісты масіў паміж імі.



  

  Адна за адной – і вось «запол» поўны


  Збіраюць журавіны рукамі. Лепш, канечне, калі яна расце ў імху на чыстым месцы, а не ў чароце ці «хваёнцы». Бо ў гэтых выпадках рукі вельмі моцна рэжуцца аб траву, а ў пальчатках збіраць нязручна. Хаця на чацвёрты дзень маіх заработкаў я парэзала рукі ў траве ажно да крыві, так што прыйшлося карыстацца пальчаткамі. Падскажу адзін хітрык — крыху зручней, калі адрэзаць ад пальчатак кончыкі пальцаў. Збіраюць журавіны ў мяшок. Не, ніхто не ходзіць з мяшком ад купіны да купіны. Мясцовыя жыхары на пояс завязваюць фартух так, каб у яго можна было збіраць ягадкі – у «запол». А вось прыезджыя збіраюць у вядзерцы.



 

  Як жа выйсці?



  Самае цяжкае ў такім промысле зусім не сам працэс збору. Тут, калі стомішся, можна прысесці на купіну і адпачыць крыху (але пры гэтым рукі ўсё адно цягнуцца да ягадак). Ды і ўвогуле, у балоце кожны амаль увесь час збірае журавіны ўпрысядкі альбо ж на каленях поўзае па імху. У гэтым годзе нам пашанцавала — вады ў балоце было мала. Дык вось, сам збор, паўтаруся, не самае цяжкае. Цяжка вынесці мяшок журавін з балота. У маім мяшку на пачатку сезона было па дваццаць кілаграмаў. Ідучы да краю па пратаптаным «дарожышчы», дзе ўсё чаўкала і нага час ад часу застравала так, што без старонняй дапамогі выбрацца было амаль немагчыма, здавалася, што я вось-вось магу душу богу аддаць. А прадстаўце, што ў нас жанчыны набіраюць па 30-40 кілаграмаў, а мужчыны ўвогуле 40-50! І выносяць неяк!


 

  Палёгка, калі «бумажкі» шуршаць

  І ўсе гэтыя цяжкасці становяцца такімі апраўданымі і няважнымі, калі вынік працы прыемна «шуршыць» у руках. Для прыкладу скажу, што за першыя чатыры дні (гэта быў самы пладаносны час майго падзаработку) я атрымала 166 бел. руб. На пачатку сезона 1 кг журавін каштаваў 1,50 бел. руб., а вось зараз ужо 3 рублі. Праўда, ужо ніхто і не набірае нават па 30 кілаграмаў. Але ж, набраўшы ў два разы менш, чым напачатку, атрымоўваеш тыя ж грошы. Сезон збору ўраджаю ў нас пачаўся першага верасня, і звычайна ён прадаўжаецца, аж пакуль снег не выпадзе. Але і гэта не канец збору, бо як толькі снег растане, людзі зноў накіруюцца на балота. Зараз прадпрымальнікі закупляюць не пачы-шчаную ад балотнага смецця журавіну. А раней прыносілі ягады дадому.



 Там яе, перш чым здаць, чысцілі з дапамогай спецыяльнай дошкі з борцікамі, якую лажылі адным канцом на ўзвышэнне, а другім на зямлю, дзе прасцілалі «кляёнку». Дошку змочвалі вадой і сыпалі па ёй журавіны. Такім чынам смецце «клеілася» да мокрай дошкі, а на «кляёнку» сыпаліся чыстыя ягадкі.


 

  Балотныя начлежнікі


  У халодны сезон, калі і журавін стала менш, і часу на іх збор таксама, многія ідуць на балота з начоўкай. А ўсё дзеля таго, каб зранку прачнуцца і не траціць час на дарогу, а хутчэй пачаць збіраць. Начуюць, канечне, не на самым балоце, а на краю. Дзеля гэтага будуюць з апаўшага галля штосьці накшталт палаткі і па чарзе сядзяць на вахце каля вогнішча.



 

Адвечная ягада



  Для нас журавіна гэта ўжо візітоўка вёскі і ўвогуле Альманскіх балот. І менавіта таму не так даўно было арганізавана раённае свята журавін. Праходзіць яно адзін раз у два гады. Тут ушаноўваюць лепшых збіральнікаў і радуюць гасцей, якіх збіраецца больш, чым мясцовых гледачоў.

  Што тычыцца непасрэдна Пінска, то тут ёсць свой журавінавы промысел. У ААТ «Полесские журавины» чырвоную ягаду вырошчваюць у штучных умовах. Збіраюць яе не рукамі, а з дапамогай машын. Калі я збірала журавіны і здавала іх прадпрымальнікам, то не хвалявалася аб іх далейшым прымяненні. Уласнікі пінскіх журавінавых плантацый зацікаўлены ў шырокім экспарце сваёй прадукцыі. Экспартуецца «кісліна» у Польшчу, Англію, Літву і Латвію. 


  А калі гаварыць пра практычнае прымяненне журавіны, то тут ёсць два напрамкі: народная медыцына і ежа.

Сярод страў можна назваць не толькі традыцыйны морс.



 Зараз з журавін вараць варэнне, пякуць пірагі і булачкі з журавінавай начынкай, дадаюць гэтую ягаду у салаты і нават у заліўную рыбу – яна надае стравам свой, асаблівы прысмак, кіслінку.



  Журавінавы морс 

  Нам спатрэбіцца 500 г журавін, 2 ст. л. мёду і 2 л вады. Журавіны перабраць, прамыць і расцерці ў місцы. Атрыманы сок адціснуць праз марлю. Размятыя ягады перакласці ў рондаль, заліць вадой, давесці да кіпення і кіпяціць 3-5 хвіл. Адвар працадзіць. Развесці ў адвары мёд, дадаць журавінавы сок. Змяшаць і астудзіць.

  Лекавыя ўласцівасці журавіны абумоўлены вялікай колькасцю вітаміну С і іншых, да таго ж ёсць у гэтай маленькай ягадцы і шмат карысных мінералаў. Гэта самая багатая ягада па зместу ў ёй біялагічна актыўных рэчываў. Журавіна – гэта прыродны антыбіётык, які дапамагае арганізму змагацца з захворваннямі органаў дыхання. У якасці лекаў з яе вараць морс, які п’юць падчас ліхарадкі, напрыклад. Журавінавы сок дапамагае вывесці з арганізма таксіны, а таксама ўмацаваць імунітэт, асабліва ў дзяцей.

  Лекавыя рэцэпты

  Ад артрыту і рэўматызму

  Бяруць 4 сталовыя лыжкі ягад журавін, пераціраюць іх з 2 лыжкамі цукру і заліваюць 3 шклянкамі кіпеню. Прымаюць праз 1 гадзіну пасля ежы. Курс лячэння 10 дзён. Рэкамендуецца пры артрыце і рэўматызме як абязбольвальны сродак.

  Вітамінавы сродак

  Бульбу дзяруць на тарцы і сцэжваюць сок, пасля чаго даюць яму настаяцца гадзіну для ўтварэння крухмалу. Зліваюць вадкасць з крухмалу, змешваюць з журавінавым сокам і адварам з аджымак, дадаюць цукар па гусце. Атрыманы напой п’юць 3-4 разы ў дзень па 0,5 шклянкі (суадносіны бульбянога соку, журавінавага соку і журавінавага адвара 1:1:1).

  Бывайце здаровы, жывіце багата,
 дай бог журавіну ў кожную хату!

  Ірына ДЗЕНІСОВІЧ
 Фотакарткі узяты з вольных крыніц

Оставить комментарий

Похожие новости

Мировые рок-хиты в исполнении концертного оркестра духовой и эстрадной музыки под управлением Михаила Агиевича

pv

“Парохонская ГДШИ: Участие в программе “В будущее с надеждой” – перспективы развития талантливых детей”

pv

В Музее Белорусского Полесья открылась выставка живописи, акварели и графики из частного собрания Николая Дудко

pv
ТГ канал