Рэспубліканскі ўзровень свайго майстэрства ўжо другі год дэманструюць навучэнцы аб’яднання па інтарэсах «Каласок» Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна на базе Чухаўскай сярэдняй школы. Дзейнасць юных артыстаў на IV рэспубліканскім фестывалі-конкурсе даследчых праектаў «Нашчадкі традыцый адзначана Дыпломам Міністэрства адукацыі III ступені.
Дзеці паказалі мясцовы абрад “Саракі” на мясцовай гаворцы (што заслугоўвае асаблівай увагі)! Кіруе юнымі пераймальнікамі і захавальнікамі фальклору педагог дадатковай адукацыі Алена Ерш. Дзякуючы ёй вось ужо 10 гадоў навучэнцы адпраўляюцца ў пошукава-даследчыя экспедыцыі па сваёй і суседніх вёсках. Таленавіты кіраўнік-прафесіянал адзначае, што сакрэт поспехаў “Каласка” крыецца ў шчырай сяброўскай дапамозе і падтрымцы яе калег. Так, напрыклад, Дзмітрый Нарывончык заўсёды гатовы выступіць у ролі акампаніятара-баяніста, Наталля Селюжыцкая дапамагае з касцюмамі і грымам, а Іна Кірыковіч піша сцэнарыі.
Удзел у конкурсах, наогул, пачаўся з лёгкай рукі метадыстаў цэнтра творчасці. Яны надалі ўпэўненасці ў сваіх сілах і выступілі ў ролі так званых “прадзюсараў”.
Каб вы адчулі асаблівасць праграмы нашых юных герояў свята, прапаную ўрыўкі з іх прэзентацыі :
Льецца дзіўны галасок,
Так спявае “Каласок”.
Аўтэнтычна мы спяваем,
Край наш Пінскі праслаўляем!
А у нашому сылі
Пісні хвайные булы.
Добрэ, шчо іх запысалы
І ў Мінск ажно попалы.
Дарэчы, у гэта раз калектыў выступаў у новым саставе. І інтэрв’ю дзіцячаму радыё артысты-фалькларысты давалі ўпершыню.
Хочацца ім пажадаць, каб любоў і цікавасць да спадчыны сваёй мясцовасці заўсёды знаходзілі месца ў іх сэрцах.
Жанна ВЕРЫЧ,
натхняльнік і назіральнік творчага выступлення.
Фото аўтара.