9.6 C
Пинск
Четверг, 25 апреля, 2024
Пiнскi Веснiк
Культура

XXII Дзень беларускага пісьменства запрашае ў Шчучын

  Дзень беларускага пісьменства – нацыянальнае свята, якое адзначаецца з 1994 года і праходзіць штогод у першую нядзелю верасня. Традыцыйна яно праводзіцца ў  гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. У 1999 годзе свята духоўнасці, друкаванага слова і нацыянальнай культуры Беларусі прымаў Пінск.



  Сёлета літаратурным цэнтрам Беларусі ўпершыню стане Шчучын. Гэты горад у Гродненскай вобласці — радзіма вядомай Цёткі (паэтэсы Алаізы Пашкевіч) і іншых людзей, якія ўнеслі ўклад у беларускую культуру. Акрамя таго, свята пісьменства ў Шчучыне непарыўна звязана са святкаваннем 70-годдзя Перамогі і Годам моладзі і стане зыходным пунктам для падрыхтоўкі да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання — юбілейная дата будзе святкавацца ў 2017 годзе. Гэтыя важныя тэмы знойдуць сваё адлюстраванне на свяце: ім будуць прысвечаны экспазіцыі, адпаведна аформлены гандаль.

  Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі. У рамках свята ўдзельнікі і госці могуць азнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, паслухаць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў. Таксама па традыцыі на Дні беларускага пісьменства праходзяць узнагароджанне пераможцаў конкурсу на лепшыя літаратурныя творы года, навукова-практычная канферэнцыя і шэраг іншых мерапрыемстваў.

  У Дзень беларускага пісьменства 6 верасня ў Шчучыне ўпершыню будзе ўручана Нацыянальная літаратурная прэмія. Урачыстая цырымонія адбудзецца на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы свята ў час адкрыцця. Заснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Вядома, што прэмія прадугледжвае сем намінацый, імёны намінантаў і магчымых лаўрэатаў пакуль не раскрываюцца.

  Таксама на Дні пісьменства шэраг маладых літаратараў атрымае сваё першае прызнанне ў выглядзе публікацыі. З друку выйшаў зборнік вершаў і прозы таленавiтай моладзi, якi будзе прэзентаваны на свяце.

  На думку мiнiстра інфармацыі Беларусі Ліліі Ананіч, на прыкладзе правядзення Дня пiсьменнасцi беларусы паказваюць не толькi любоў i павагу да роднай мовы, але i да краiны ўвогуле. Таму назва галоўнага творчага дзейства свята — цырымоніі адкрыцця — гучыць як "Квітней, Беларусь наша родная!".

  У Шчучын прыедзе мноства гасцей, вядомых пісьменнікаў не толькі з Беларусі, але і з Сербіі, Расіі, Украіны, Казахстана, Таджыкістана, Арменіі, Узбекістана, каб аддаць даніну павагі нашай сінявокай Радзіме і яшчэ раз пераканацца ў тым, што наша краіна мае моцны духоўны фундамент, глыбокія культурныя, гістарычныя карані.

  Вольга ЛЕЎЧАНКА.

Оставить комментарий

Похожие новости

Пинск: волшебство искусства в сердце истории

pv

Мировые рок-хиты в исполнении концертного оркестра духовой и эстрадной музыки под управлением Михаила Агиевича

pv

“Парохонская ГДШИ: Участие в программе “В будущее с надеждой” – перспективы развития талантливых детей”

pv
ТГ канал