13.7 C
Пинск
Среда, 18 июня, 2025
Пiнскi Веснiк
Культура

Вандроўкі па Палессі

Трымаю ў руках чарговую кніжку на роднай мове аб гісторыі Заходняга Палесся ў фотаздымках «Вандроўкі па Палессі». З задавальненнем прыдбала яе ў адной з кнігарняў Мінска амаль што адразу пасля выхаду з друку. З першага ж погляду здзівілі здымкі. Але ўжо пры больш грунтоўным знаёмстве з кнігай здзіўлення паменшала і з`явіўся шчыры інтарэс – яны пра што альбо пра каго, гэтыя здымкі?

Аўтар, Вольга Лабачэўская, доктар мастацтвазнаўства, не прымусіла доўга шукаць адказ на гэтае пытанне. Яе прадмова да выдання – сапраўдны даведнік, гiстарычная сведка той вялікай працы, якую яна разам са сваімі памочнікамі і дарадцамі ўклала ў змест «Вандровак». Самі здымкі – пуцяводная нітка, на якой нанізаны жыццё і побыт палешукоў у перыяд з 1923 па 1939 гады. Фотазбор аб падзеях, быце і існаванні палешукоў чакаў свайго часу амаль стагоддзе. І тое, як і што бачылі фатографы на Палессі на працягу гэтага перыяду, яскрава адлюстравана ў кнізе «Вандроўкі па Палессі».

Здымкі ў асноўным выкарыстаны з фондаў Музея Беларускага Палесся, які заснаваны ў Пінску ў 1924 годзе. Фонды гэтай асветніцкай установы папаўняліся дзякуючы энтузіязму і ахвяраванням мясцовых патрыётаў амаль да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. А як гэта адбывалася, Вольга Аляксандраўна паведамляе сучасным чытачам і багата ілюструе тагачаснымі здымкамі. Зроблены яны, дарэчы, у 58 населеных пунктах, пераважная колькасць якіх – гэта вёскі і хутары Пінскага павета/Пінскага раёна. Усяго надрукавана больш за 200 здымкаў, некаторыя падрыхтаваны да друку ўпершыню, некаторым вось-вось споўніцца па сто гадоў. Яны і складаюць фотазбор Музея Беларускага Палесся і з`яўляюцца сведкамі і дакументамі па этнаграфіі, архітэктуры, краязнаўству Заходняга Палесся, гісторыі Пінска і яго музея.

Не меншую цікавасць выклікаюць і фотаздымкі па гісторыі ўзнікнення фоталетапісу Палескага рэгіёна і фарміраванне фотакалекцыі. Аўтар у кнізе змяшчае і біяграфіі мясцовых фатографаў і даследчыкаў. Каментарыі да снімкаў зрабіла сама Вольга Аляксандраўна – іх амаль 60 змешчана ў «Вандроўках». Гэтыя кароткія паведамленні насычаны ёмкай інфармацыяй і даюць яскравае ўяўленне аб змесце, часе і абставінах, у якіх яны зроблены.

В.А.Лабачэўская з прэзентацыяй сваёй кнігі мінулым летам пабывала ў Пінску. Прафесар кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў на сустрэчы ў Музеі расказала, як збіраліся і захоўваюцца тут экспанаты, аб сучаснай калекцыі фотаздымкаў.

«Вандроўкі», якім яшчэ і году не споўнілася з выхаду ў свет, сталі кнігай, з дапамогай якой можна адначасова пабываць у падарожжы геаграфічным і вандраваць па часе, зазірнуць у мінулыя сто гадоў і на свае вочы пабачыць, як жылі нашы суайчыннікі.

Падарожнічайце і чытайце «Вандроўкі па Палессі».

Тамара ШЧАРБАКОВА

Похожие новости

З самабытнай культурай Палескага краю пазнаёміў “Фальварак мінулага”

pv

«Фактор.BY»: таланты искали в Пинске

pv

Учащиеся Пинской детской художественной школы вышли на пленэр

pv
ТГ канал