Пад такой назвай у Парэцкай базавай школе прайшла літаратурна-музычная гасцёўня, прысвечаная 75-годдзю з дня нараджэння вядомай беларускай паэтэсы Яўгеніі Іосіфаўны Янішчыц. Гэта сумеснае мерапрыемства, падрыхтаванае аддзелам па адукацыі райвыканкама і цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Яўгеніі Янішчыц.
Нарадзілася будучая паэтэса 20 лістапада 1948 года ў вёсцы Рудка, што на Піншчыне. Праз некаторы час бацькі пераехалі жыць у Велясніцу. Жыццё ў ціхай беларускай вёсцы ў глыбіні Палесся са сваёй свабодай, прасторай і павагай да гістарычнай памяці паспрыялі развіццю таленту і самасвядомасці дзяўчыны. Ужо ў першых паэтычных спробах яна імкнецца выказаць сваё захапленне жыццём, сваю любоў да роднай зямлі, што дала ёй магчымасць радавацца, любавацца гэтым светам.
Рудка, Велясніца, Мерчыцы, Парэчча… Гэта няпроста вёскі на правым беразе прыгожай ракі з не менш прыгожай назвай – Ясельда. Гэта значна больш. Іх аб’ядноўвае не толькі рака, але і тое, што гэта родныя мясціны, малая радзіма знакамітай паэтэсы. Сувязь з роднай вёскай, з Палессем Я. Янішчыц не страчвала ніколі. Там засталася светлая казка дзяцінства.
– Сёлета мы адзначаем 75 гадоў з дня нараджэння нашай зямлячкі, паэтэсы Яўгеніі Янішчыц. Яе паэзія набывае ўсё большую вагу і грамадскую значнасць. Палессе не забывае сваю слаўную дачку. Яе імя носяць вуліцы Пінска і вёскі Парэчча, Парэцкая базавая школа, дзе вучылася Яўгенія Іосіфаўна і працуе музей. Таксама імя славутай зямлячкі прысвоена Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы, у якой вядзецца праца па папулярызацыі творчасці паэткі, збор інфармацыі аб яе жыцці і літаратурнай дзейнасці, штогод праходзіць Тыдзень творчасці «Янішчыцкі лістапад», – адзначыла намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Людміла Двараніновіч.
У 1963 годзе Жэня, на той час вучаніца 9 класа, склала свой рукапісны зборнік вершаў «Першыя россыпы». Друкавацца пачала ў раённай газеце «Полесская правда», потым у сталічных выданнях. Беларуская мова была невычэрпнай крыніцай яе творчага натхнення, будучыняй маладой паэтэсы. Першая кніга паэзіі «Снежныя грамніцы» была выдадзена ў 1970 годзе. У 1974-м выйшаў другі зборнік паэзіі «Дзень вечаровы», які быў адзначаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі. Ён адкрывае новы этап у творчасці Я. Янішчыц. У змесце твораў адлюстраваны і два гады раставання з Радзімай, Палессем, маці і сынам. За гэтай кнігай выйшлі новыя: «Дзень вечаровы», «Ясельда», «На беразе пляча», «Пара любові і жалю», «Каліна зімы» і іншыя. За зборнік «Дзень вечаровы» ў 1978 годзе Я. Янішчыц была адзначана прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі, за кнігу лірыкі «Пара любові і жалю» ў 1986-м – Дзяржаўнай літаратурнай прэміяй імя Янкі Купалы.
Клопатамі і ўвагай акружалі Я. Янішчыц пісьменнікі і паэты старэйшага пакалення: Анатоль Вялюгін, Пімен Панчанка, Максім Танк, Ніл Гілевіч, Алег Лойка, Мікола Мятліцкі, Генрых Далідовіч… Лірыка паэтэсы была прадстаўлена ўсесаюзнаму чытачу, яе вершы публікавалі «Литературная газета», часопісы «Молодая гвардия» і «Дружба народов».
Сяброўка і аднакурсніца Яўгеніі Іосіфаўны паэтка Тамара Аўсяннікава і прафесіянал-тэкстолаг, кандыдат філалагічных навук, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Святлана Калядка выступілі з ініцыятывай выпусціць выданне, якое распавядала б пра жыццё і творчасць Яўгеніі Янішчыц, ўключала творы, якіх няма ў прыжыццёвых зборніках паэткі. Таму ў свет выйшлі тры тамы выдання «Яўгенія Янішчыц. Творы. Жыццяпіс. Каментарыі», чацвёрты знаходзіцца ў распрацоўцы.
На свяце прысутнічала заснавальнік, першы кіраўнік музея Яўгеніі Янішчыц Антаніна Паўлаўна Сідарук. Калісьці яны былі знаёмыя, вучыліся ў адной школе і нават прыходзіліся далёкімі сваячкамі. У іх быў любімы настаўнік Фёдар Цудзіла. Калі Жэні не стала, менавіта ён сказаў, што захаваць памяць паэткі яны проста абавязаны.
Такім чынам, пачалася крапатлівая праца па зборы экспанатаў, якая расцягнулася на восем гадоў. Ёй займалася Антаніна Паўлаўна. У 1998 годзе літаратурны музей расчыніў свае дзверы для наведвальнікаў.
Гасцёўня сабрала шмат прыхільнікаў творчасці знакамітай зямлячкі. Тут былі пляменніца Таццяна Ганчарык, аднакласнікі паэтэсы, удзельнікі клуба літаратараў Піншчыны «Пінчукі», настаўнікі беларускай мовы і літаратуры.
На вершы Яўгеніі Янішчыц спявак, кампазітар, член Беларускага саюза музычных дзеячаў Віктар Мяцельскі напісаў музыку. На свяце ён выканаў дзве песні «Палессе» і «Ты пакліч мяне, пазаві».
Апошнія гады жыцця Яўгеніі Янішчыц насычаны разнастайнай дзейнасцю: яна з’яўлялася загадчыкам аддзела паэзіі ў часопісе «Маладосць», актыўна выступала ў перыёдыцы са сваімі творамі. У апошняй прыжыццёвай кнізе «У шуме жытняга святла» сабрана лепшае з напісанага за 20 гадоў літаратурнай працы.
Таццяна ПАЛХОЎСКАЯ.
Фота аўтара.