4 C
Пинск
Пятница, 19 апреля, 2024
Пiнскi Веснiк
Культура

Трыумфальныя канікулы пінскай «Палясяначкі»

  Навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў №3 і ўзорны ансамбль «Палясяначка» вярнуліся з італьянскага горада Рыміні з чарговымі перамогамі. У міжнародным конкурсе «Рыміні Фэст-2015» удзельнічалі прадстаўнікі больш за 20 краін.

  Пінскія танцоры трох узроставых груп прадставілі на конкурсе праграму «Вянок беларускіх танцаў». Усе ўзроставыя групы атрымалі дыпломы лаўрэатаў і кубкі пераможцаў фестывалю ў катэгорыі «Харэаграфія. Народны танец». Дыпломы першай ступені прывезлі навучэнцы 12-ці, а таксама 13-14 гадоў, другой ступені — 10-гадовыя танцоры. Асобнымі дыпломамі за прафесійную падрыхтоўку і ўмацаванне міжнародных культурных сувязяў узнагароджаны настаўнікі харэаграфічных дысцыплін І.М. Кідун і Е.У.Ненадавец.



  Навучэнцы не толькі плённа папрацавалі, але і добра адпачылі, набраліся новых уражанняў. Яны пабывалі ў Венецыі, Сан-Марына, а таксама на шоу танцуючых коней, якое называюць яшчэ «конным балетам».

  А зусім нядаўна ўзорны ансамбль «Палясяначка» вярнуўся з XV сусветнага форуму-фестывалю танца «Фальклорная лавіна», які праходзіў у Германіі. Пасля жорсткага прафесійнага адбору гонару паўдзельнічаць у ім былі ўдастоены прадстаўнікі з 12 краін, такіх як Індыя, Іспанія, Кіпр, Канада, Шатландыя і іншыя.



  Каб трапіць на гэты фэст, навучэнцы і выкладчыкі школы напружана працавалі на працягу двух гадоў, рыхтавалі нешта ўнікальнае, непаўторнае, каб адабралі менавіта пінскую школу мастацтваў.

  Для гэтага быў распрацаваны этнапраект — 25-хвілінная праграма народнага рэгіянальнага танца Заходняга Палесся Беларусі ў сучаснай сцэнічнай рэдакцыі, якую і прадставіў калектыў «Палясяначка» на «Фальклорнай лавіне».



 «Нашы кампазіцыі адрозніваліся ад іншых тэхнічнасцю, складанай танцавальнай лексікай, мы хацелі паказаць гледачам усю прыгажосць беларускай сцэнічнай харэаграфіі. Пад нашу «польку» танцаваць хацелася ўсім прысутным. Праграма была разнастайнай, знайшлося ў ёй месца і для беларускай меладычнай лірыкі. Мы даказалі, што народны танец быў, ёсць і застанецца тым, што можна з гонарам дэманстраваць за мяжой, гэта тое, што адрознівае нашу краіну», — падзялілася ўражаннямі дырэктар ДШМ №3 А.А. Мяцельская.

  Пінскія танцоры пакарылі сэрцы мясцовых жыхароў: неаднаразова яны станавіліся героямі газет, а таксама будуць прадстаўляць Беларусь у дакументальным фільме пра фэст, у які ўвайшлі толькі пяць найбольш яркіх краін-удзельніц.

  А.А. Мяцельская адзначыла, што  хлопцы і дзяўчаты выступалі, можна сказаць, у экстрэмальных умовах 40-градуснай спёкі, аднак гэта не перашкодзіла ім годна прадставіць наш горад і краіну на найбуйнейшым міжнародным танцавальным форуме.

  Ганна ІЛЬЯШЭВІЧ

 

Оставить комментарий

Похожие новости

Мировые рок-хиты в исполнении концертного оркестра духовой и эстрадной музыки под управлением Михаила Агиевича

pv

“Парохонская ГДШИ: Участие в программе “В будущее с надеждой” – перспективы развития талантливых детей”

pv

В Музее Белорусского Полесья открылась выставка живописи, акварели и графики из частного собрания Николая Дудко

pv
ТГ канал