-1 C
Пинск
Понедельник, 30 января, 2023
Актуально Культура

Традыцыі святкавання Калядак захоўваюцца на Піншчыне

Самае галоўнае і ўрачыстае зімовае свята – Каляды. На Палессі да нашых дзён ходзяць калядоўшчыкі па вясковых вуліцах, у вокны стукаюць, песні спяваюць ды гаспадароў славяць – весела, з гумарам ды каларытнымі прыпеўкамі.

Традыцыі мінулага зберагаюць работнікі культуры Пінскага раёну. Так, яны завітваюць да землякоў, каб паспяваць адметныя песні і павіншаваць са святам Раства Хрыстова. Праходзіць і раённы агляд-конкурс “Пад святлом каляднай зоркі” –  для таго, каб калектывы мастацкай самадзейнасці маглі паказаць майстэрства, асаблівасці сваіх вёсак. Бо ў кожнай мясцовасці і песні крыху іншыя, і абрады, і нават зорка, з якой ходзяць калядоўшчыкі, мае свае адметнасці.

У вёсцы Пасянічы захоўвае багатую спадчыну, песні, прыпеўкі, абрады, фальклорны калектыў “Куфэрак” Пасяніцкага сельскага клуба. Дырэктар установы Людміла Чыркун, кіраўнік гуртка Ала Гаўрусік, узельнікі калектыву Любоў Сухаверхая, Антаніна Баран, Галіна Мартынчук, Соф’я Сідарэвіч, Таісія Быхан, Сяргей Чыркун падрыхтаваліся і да Каляд. Гурт калядоўшчыкаў пераапрануўся у Казу, Дзеда, Бабу, цыганоў і іншых персанажаў ды разам з галоўным сімвалам свята – прыгожай каляднай зоркай з “батлеем” – адправіўся віншаваць вяскоўцаў. Важна, што ўдзел прымала і моладзь – Іван Чыркун і Кацярына Гаўрусік.

Пад вокнамі разгортваліся цэлыя спектаклі. Пачыналі заўсёды такімі словамі: “Вечар добры, пане гаспадару, ці можна коледу спэваты?”. Атрымаўшы згоду, каляднікі заходзілі ў хату, шчыра жадалі гаспадарам дабрабыту, багацця, шчасця.

Гучалі самабытныя песні на сакавітай палескай гаворцы:

“Святы вэчор, добры вэчор,

Да й на покуцці куцця,

Піражочкі прама з печкі,

Да й у колысочцы дытя,

У небе зорка золотая людзям радасць прынэсла,

То Марыя Прэсвятая сына ў яслях сповыла”…       

Канешне, не абыходзілася без жартаў. Раптам пасярод хаты падала Каза: Дай хазяйка, кусок сала, каб каза ўстала, гаспадынька, возьмі ножа гострого, урэж сала тоўстого”. А гаспадыня частавала не толькі салам, але і каўбаскай, хлебам і нават дала “два піражочкі – на твае, козанька, ражочкі!”. Калядоўшчыкі прыгаворвалі –  Дзе каза рогам – там жыта стогам, а дзе каза ногою, там жыта капою”. Сыпалі ў памяшканні зерне ды казалі такія словы:  “Сею, сею, пасяваю, гэту хату жытам пасыпаю, каб было тут  дабро і здароўе”. У выніку калядоўшчыкі атрымлівалі ад гаспадароў пачастункі, якія складаліся ў торбу, і ад двара да двара тая торба рабілася ўсё цяжэй і цяжэй.

Дарэчы, па традыцыі ў шчыры пост на вячэру была толькі посная куцця, кісель, кампот. Перад тым, як вячэраць, на стол клалі сена ці салому, засцілалі абрусам. Дзеці выцягвалі саломінку з-пад абруса і глядзелі –  калі яна доўгая, то будзе добры ўраджай лёну. Да Каляд гаспадынькі рыхтавалі шмат смакаты. На стале павінна было быць 12 страў. Звычайна рабілі пальцам пханую каўбаску, кравянку, кумпячкі, запякалі мяса, варылі куццю і дрыгвіцу (халадзец), пяклі пірагі.

Няхай яшчэ доўга захоўваюцца старажытныя калядныя абрады, дзверы хат будуць гасцінна адкрыты для калядоўшчыкаў, якія нясуць з сабою шчасце, дабрабыт і добры настрой на ўвесь будучы год, ды гучыць на Палессі песня:

“Хрыстос народывса,

І к міру явівса,

А мы вэсэлімся,

Хрысту поклонімся”…

Наталля МІЛЕЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Похожие новости

Чёрная львинка, или Как в ПолесГУ реализуют экопроект

P-V2020

Год мира и созидания в Музее Белорусского Полесья начался с выставки юной художницы Василисы Русско

P-V2020

Как «репетировали» централизованный экзамен одиннадцатиклассники Пинска и региона

P-V2020

Оставить комментарий

Обсуждение