Час, што існуе вобласць, – зусім невялікі тэрмін у 1000-гадовым мінулым Берасцейшчыны. Аднак гэтыя гады шмат у чым з’яўляюцца вызначальнымі для сённяшняга сацыяльна-эканамічного становішча рэгіёна. Берасцейшчына – гэта тое, што стварылі, а затым адстаялі ў вайну, прымножылі нашы бацькі і дзяды, што палепшым мы і перадамо дзецям і ўнукам.
4 снежня 1939 года, завяршаючы працэс уваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР, Указам Вярхоўнага Савета СССР была створана Брэсцкая вобласць. Яе абрыс на карце адрозніваўся ад цяперашняга: шэраг раёнаў, якія звыкла з’яўляюцца часткай існуючай адміністрацыйнай адзінкі, у той час уваходзілі ў склад Пінскай і Баранавіцкай абласцей. Дарэчы, яны таксама былі ўтвораны 4 снежня 1939 г., што робіць гэты дзень святочным для ўсіх рэгіёнаў вобласці.
З 1954 года, пасля ўзбуйнення абласцей Беларускай ССР, Берасцейшчына развівалася як адзіны рэгіянальны народнагаспадарчы комплекс.
Пра тое, як да пінчукоў у заходне-палескі край 80 гадоў таму прыйшлі эпахальныя змены, напісаў былы дырэктар музея сацыялістычнага пераўтварэння Палесся, ветэран-дняпровец, журналіст, адзін з першых пазаштатных аўтараў газеты «Пінскі веснік» Веніямін Курсаў, які ў апошнія гады жыцця займаўся падрыхтоўкай гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Пінск». Зараз звернемся да некаторых старонак яго працы.
Адным шляхам
У верасні 1939 года Чырвоная Армія перайшла польскую мяжу. Працоўныя Заходняй Беларусі актыўна дапамагалі чырвонаармейцам: рамантавалі масты, будавалі пераправы, перапраўлялі на лодках і плытах байцоў цераз рэкі, праводзілі іх па непраходных месцах у пінскіх балотах.
У раёне Пінска мясцовымі патрыётамі быў створаны паўстанцкі штаб у складзе М.Андраюка, Ф.Куліча, М.Тарасюка, М.Піскуна, А.Мальца, Т.Зырко, Г.Сіткаўца, І.Прыступы. Атрад паўстанцаў на чале з М.Піскуном захапіў мост цераз Ясельду каля Пінска і абяззброіў варожыя падраздзяленні, якія знаходзіліся ў суседніх вёсках. Атрад сялян пад камандаваннем І.Прыступы заняў чыгуначныя станцыі Малоткавічы і Юхнавічы, устанавіў каля Пінска кантроль над чыгуначнай магістраллю.
Часці Чырвонай Арміі ўступілі ў горад 20 верасня 1939 г. На ўсходняй ускраіне Пінска жыхары збудавалі арку, якая была ўпрыгожана плакатамі і кветкамі. У руках трымалі самаробныя чырвоныя сцяжкі, кветкі. Камандзіраў падкідвалі на руках. «Не закранаючы больш позняга часу, – апавядалі сведкі падзей, – калі сталінскія дзеячы ўзяліся ўсталёўваць свае парадкі, у верасні мы сустракалі Чырвоную Армію як вызваліцельку. Мы ад усёй душы весяліліся і радаваліся».
Часовае ўпраўленне
У той жа дзень, нягледзячы на позні час, у горадзе прыступілі да фарміравання Часовага ўпраўлення з прадстаўнікоў інтэлігенцыі, былых падпольшчыкаў і з ліку армейскага камандавання. Затым адбылося яго першае арганізацыйнае пасяджэнне. А ранкам 26 верасня паўсюль былі расклеены афішы, у якіх паведамлялася насельніцтву аб сфарміраваным органе народнай улады. Пастанову № 1, якая вызначала задачы Часовага ўпраўлення, падпісалі камісар Шавякоў і начальнік палітаддзела Малееў.
Для ўсталявання новага жыцця ў горадзе былі створаны аддзелы: харчовы, прамысловы, фінансавы, аховы здароўя, народнай адукацыі, камунальны, сувязі і іншыя. Узначалілі іх энергічныя людзі, якія добра разумелі патрэбы гараджан: Э.Нейман, Р.Марголін, В.Дадзюк, П.Хацімчанка і іншыя. Кіраваў гэтай працай прадстаўнік Чырвонай Арміі Постнікаў, потым яго змяніў Дружынін.
На заводах і фабрыках ствараліся камітэты рабочага кантролю за дзейнасцю прадпрыемстваў. Фабрыкантам і заводчыкам было прапанавана пусціць у ход усе прадпрыемствы і выплачваць заработную плату, захоўваючы 8-гадзінны працоўны дзень.
Найбольш вострай праблемай тых дзён было беспрацоўе. Колькасць беспрацоўных дасягнула 5 тысяч чалавек. Каб аблегчыць іх становішча, былі шырока арганізаваны грамадскія работы: будаўніцтва вытворчых і жыллёвых аб’ектаў, машчэнне вуліц, г.д. На гэтыя мэты былі выдзелены значныя сродкі, і Часовае ўпраўленне даручыла загадчыку аддзела камунальнай гаспадаркі Хацімчанку і камісару аддзялення Дзяржбанка Вінаградаву адшукаць магчымасць крэдытаў на будматэрыялы. На дзясяткі тысяч рублёў штомесячна выплачвалася пенсій і дапамог. Усе дзіцячыя ўстановы, дамы састарэлых, медыцынскія ўстановы, школы былі ўзяты на дзяржаўнае забеспячэнне.
Значная работа праводзілася па арганізацыі сеткі ўстаноў адукацыі, наладжванні медыцынскага абслугоўвання, размеркаванні жылля, развіцці гандлю, забеспячэнні насельніцтва палівам, барацьбе са спекуляцыяй.
Пры новай уладзе
У сценах Часовага ўпраўлення прасіцелі знаходзілі паразуменне. Па магчымасці аказвалася матэрыяльная дапамога. Так, у першыя ж дні беспрацоўныя, дзеці-сіроты і ўдовы атрымалі дапамогу ў памеры 100 тысяч рублёў.
Насельніцтва адразу прызнала новы орган улады. Звярталіся за дапамогай, у першую чаргу, бежанцы, беспрацоўныя і бяздомныя. Толькі за першыя дні дзейнасці члены ўпраўлення прынялі болыш за 3000 чалавек. У ліку першых пабывалі на прыёме ў старшыні жыхары вёскі Почапава Сцяпан Пікіна і Ягор Лапушка. Яны прыехалі ў Пінск, каб вырашыць важнае пытанне: як лепш распарадзіцца панскай зямлёй? Адразу ж узніклі цяжкасці з харчаваннем. Прычыны былі розныя. Адчуваўся сабатаж былых гандляроў. Тая частка харчавання, якая паступала ў Пінск з усходніх раёнаў краіны, канешне ж, не задавальняла патрэбы насельніцтва. Таму ў членаў Часовага ўпраўлення ўзнікла ідэя арганізаваць чырвоныя абозы ў вёсках. Ужо 5 кастрычніка жыхары горада прынялі абоз з 200 павозак з бульбай, зернем, капустай і іншымі сельгаспрадуктамі з 28 вёсак Піншчыны. На гарадской плошчы адбыўся мітынг. Прадстаўнікі Часовага ўпраўлення і рабочыя дзякавалі сялянам за аказаную дапамогу. Такія акцыі ўзмацнялі аўтарытэт народнай улады, прываблівалі да яе тых, хто сумняваўся.
Адной з задач Часовага ўпраўлення з’яўлялася аднаўленне работы прадпрыемстваў. Амаль усе іх гаспадары эмігрыравалі. Гэтай важнай справай займаліся былыя кіруючыя работнікі КПЗБ В.Валейка, А.Гендлер, У.Бернштэйн, а таксама спецыялісты, што прыбылі з Расіі і ўсходніх раёнаў Беларусі. Напрыклад, загадчыкам Пінскага абласнога аддзела паліўнай прамысловасці з’яўляўся Ф.Кунькоў, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны стаў адным з арганізатараў партызанскага руху на Піншчыне.
Да пачатку 1941 г. у горадзе працавала 15 дзяржаўных прамысловых прадпрыемстваў і 16 прамыслова-кааператыўных арцелей. 3 ліку дзяржаўных прадпрыемстваў найбольшае значэнне мелі два фанерныя заводы, запалкавая фабрыка, леспрамгас, лесасплаўная кантора, малочны завод, друкарня, мясакамбінат, мармеладная фабрыка. Набіралі сілу арцелі сістэмы «Аблмногапрамсаюза» «Чырвоны металіст», «Чырвоны хімік», «Чырвоны абутнік», «Стаханавец», «Чырвоны рымар», «Новышлях», «Уперад» (галантарэйная), «Перамога» (харчовая), «Вызваленне», арцелі сістэмы «Аблдрэўхім- саюза» «Чырвоны мэбельшчык», імя 25 Кастрычніка (мэблевая), «Рэкорд», «Чырвоная зара» (лесазавод), «Чырвоны калеснік».
Працавала 4,2 тысячы рабочых.
На варце парадку
Першыя органы Савецкай улады па навядзенні парадку абапіраліся на атрады рабочай гвардыі і сялянскія камітэты, на творчую актыўнасць працоўных мас, вызваленых ад прыгнёту памешчыкаў і капіталістаў, ад пагрозы гітлераўскай акупацыі. Сапраўды, у Пінску ў гэты час знаходзіліся многія камуністы, якія выйшлі з турмаў або прыбылі з акупіраванай гітлераўскімі войскамі Польшчы. Сярод іх быў Аляксандр Завадскі, у далейшым Старшыня Дзяржаўнага Савета народнай Польшчы. Разам з пінчанкай В.Валейка ён ажыццяўляў нацыяналізацыю гасцініц. В.Валейка была ў 1940 г. абрана дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, а А.Завадскі – дэпутатам Пінскага абласнога Савета.
У памяшканні былога магістрата размясцілася рабочая гвардыя, начальнікам якой быў член Часовага ўпраўлення Б.Дадзюк, намеснікам начальніка М.Жукоўскі-Зільбер. Яе актыў складалі А.Сяргеюк, А.Глінскі, А.Зырко, М.Антанюк, У.Дабралінскі, М.Чалей, Д.Селязнёў, І.Хурс, В.Кірылка, І.Івашкевіч, І.Духовіч, П.Шпырко, П.Карпец і іншыя.
Усяго ў радах мясцовай рабочай гвардыі налічвалася болыш за 400 чалавек. Гэта суднарамонтнікі, чыгуначнікі, рабочыя фанерных заводаў і запалкавай фабрыкі, батракі і беднякі з навакольных вёсак. Былі ўзяты пад ахову заводы, чыгуначная станцыя і іншыя жыццёваважныя аб’екты. У начны час была арганізавана каравульная служба.
У рукі рабочай міліцыі трапіў зацяты рэакцыянер, былы міністр ва ўрадзе Пілсудскага Ч.Міхалоўскі. Гэта ён у пачатку 1930-х гадоў увёў так званы новы турэмны статут, які пазбавіў палітзняволеных раней заваяваных прывілегій і ўраўнаваў іх з крымінальнымі злачынцамі. Арыштаваны былі многія іншыя контррэвалюцыянеры.
Падрыхтавана па матэрыялах гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Пінск» (Мн., 1998)