ХХVIII Дзень беларускага пісьменства пройдзе на Міншчыне ў Капылі 5 верасня. З 1994 года крочыць гэтае свята па зямлі беларускай. Полацк, Орша, Слонім, Пінск, Іванава і іншыя малыя і вялікія гарады рэспублікі гасцінна расчынялі дзверы для ўдзельнікаў урачыстасцяў. Адзін са старэйшых паселішчаў краіны – упершыню ў пісьмовых крыніцах Капыль упамінаецца ў 1006 годзе – пераняў сёлета эстафету свята ад Бялынічаў.
Чым вядомы сёння старажытны Капыль? Кожны тутэйшы жыхар, гаворачы пра сваю малую радзміму, не памыляючыся, паведаміць такія факты: 11 ураджэнцаў раёна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, 12 – Героя Сацыялістычнай Працы. Капыльшчына – радзіма амаль 50 пісьменнікаў. Напярэдадні Дня беларускага пісьменства ў горадзе новае аблічча набылі болей за 10 аб`ектаў сацкультбыту, рэканструяваны стадыён, адрамантаваны краязнаўчы музей. Па традыцыі горад, які прымае свята пісьменства, атрымлівае падарунак. У Слоніме гэта быў помнік Льву Сапегу, у Рагачове – першая дзяржаўная друкарня, а для Капыля падарункам стала новая дзіцячая бібліятэка.
Тэмай чарговага свята беларускага пісьменства стаў Год народнага адзінства. Арганізатары імкнуліся адлюстраваць знакавыя падзеі краіны, што аб`яднаны пісьменніцкім словам.
Адной з важных сярод такіх падзей ў Капылі называюць круглы стол з удзелам пісьменнікаў, філосафаў, грамадскіх і культурных дзеячаў блізкага і далёкага замежжа. Мерапрыемства пройдзе ў фарматах афлайн і анлайн. Цэнтральная плошча горада стане месцам фестывалю кнігі і прэсы. Звернуць на сябе ўвагу выданні 1921 – 1939 гадоў. Выстава газет і часопісаў мае назву «17 верасня – Дзень народнага адзінства». Аформлены таксама пяць тэматычных павільёнаў – «Памяць», «Адзінства», «Разам з кнігай расцём» і інш. Адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя «Капыльскія чытанні».
Сёлета на вылучэнне ў сямі намінацыях лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі было пададзена амаль 60 заявак. У конкурсе актыўны ўдзел прымаюць журналісты і публіцысты. Імёны лаўрэатаў стануць вядомы на прыканцы свята.
Плануецца прэзентацыя мабільнага дадатку аўдыякніг «Чытанка», які ўжо сёння дазваляе слухаць каля 30 кніг беларускіх класікаў. Саюз мастакоў рэспублікі вырашыў адкрыць у Капылі алею пісьменнікакў-землякоў з QR-кодамі.
Знакавым мерапрыемствам свята стане адкрыццё помніка Цішку Гартнаму (Зміцеру Фёдаравічу Жылуновічу) – пісьменніку і перакладчыку, акадэміку, грамадскаму і дзяржаўнаму дзеячу. Гэта будзе другі помнік слыннаму земляку жыхароў Капыля. Першы ўсталяваны ля школы, якая носіць імя Цішкі Гартнага.
Не парушана традыцыя Дзён пісьменства – усё, што адбываецца на свяце, асвячаецца Жыватворным агнём ад Гроба Гасподня, які быў дастаўлены ў Капыль з Мінска ўдзельнікамі навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святынь».
Завершыцца праграма ХХVIII Дня беларускага пісьменства перадачай эстафеты Добрушу, які мае гонар стаць сталіцай свята ў наступным, 2022 годзе. І хай надалей нас яднае беларускае слова, славіць народ і нашых слынных землякоў, лунае над свабоднай шчаслівай краінай.
Тамара ШЧАРБАКОВА.