7.1 C
Пинск
Вторник, 16 апреля, 2024
Пiнскi Веснiк
Культура

Пінскія мясціны Песняра

Сёлета адзначаецца 140­годдзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Яго лёс звязаны з Палессем, Піншчынай. Гэта быў насычаны перыяд у творчым жыцці і шчаслівы ў асабістым. Усё, што звязана са спадчынай славутай постаці ў нацыянальнай культуры, шануецца і даследуецца. Чым жа адметна прысутнасць Коласа ў Пінску?

Пінскія мясціны Песняра

Дом пад ялінамі

Зусім невыпадкова Якуб Колас, тады яшчэ Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, падчас свайго другога прыезду на Піншчыну летам 1912 года зняў пакой у фельчара чыгуначнай станцыі Пінск, калежскага рэгістратара Арсенія Аляксандравіча Балевіча ў ягоным доме на вуліцы Вадаправоднай. Такі выбар абавязвала новая пасада – настаўнік у трэцім Пінскім прыходскім двухкласным вучылішчы. Не абышлося без дапамогі даўняга знаёмага Р.Русецкага, інспектара народных вучылішч Пінскага павета. Безумоўна, месца жыхарства павінна было станоўча паўплываць на ўзаемаадносіны начальства і калег з аўтарам «Нашай нівы».

Пінскія мясціны Песняра

Канстанцін Міцкевіч атрымаў пасведчанне аб добранадзейнасці і месца працы. Балевічы лічыліся ў Пінску адной з прыстойных сем’яў сярод, як кажуць, сярэдняй, гарадской праслойкі – дзяржаўных службоўцаў, лекараў, педагогаў. Дом іх дагэтуль захаваўся, вядомы многім пінчукам па адрасе: вуліца Івана Чуклая, 63.

Па-ранейшаму тут жывуць нашчадкі Балевічаў, ужо пятае пакаленне гэтай сям’і, якая асела ў горадзе над Пінай.

Аднак як пачыналася іх пінская гісторыя, хто даў прытулак аднаму са стваральнікаў беларускай літаратуры?

Маёнткаў у Арсенія Балевіча не было. Шмат што даводзілася прабіваць толькі ўласнай працай і ведамі. У 1886 годзе ў дваццацігадовым узросце ён – выпускнік Магілёўскай цэнтральнай фельчарскай школы, дзе прайшоў поўны курс вышэйшай адукацыі, атрымаў атэстат. Затым – фельчарская практыка, са снежня 1887-га – двухгадовая служба ў войску. Да пераводу ў кастрычніку 1900 года фельчарам станцыі Пінск Палескіх казённых чыгунак Арсеній Аляксандравіч працаваў у мястэчках і сёлах Барысаўскага павета, у тым ліку і ў Глуску, дзе пазнаёміўся з будучай сваёй жонкай Марыяй Іванаўнай Каленто.

Пінскія мясціны Песняра

Да таго часу калі К.Міцкевіч стаў пастаяльцам у доме на Вадаправоднай, Балевічы грунтоўна размясціліся ў горадзе. Зямля для ўзвядзення жылля А.А.Балевічам была набыта яшчэ да канчатковага пераезду ў Пінск.

Пінскія мясціны Песняра

Будаўнічы праект гарадская ўправа зацвердзіла 14 верасня 1900 года. Справа не зацягвалася. Арсенію Аляксандравічу трэба было як мага хутчэй атрымаць прасторны дом, бо сям’я папоўнілася 28 лістапада 1898 года дачкой Варварай і 21 жніўня 1900 года сынам Карнэліем. Затым (верагодна, ужо ў Пінску) убачылі свет сын Андрэй, дачка Таісія. Малодшыя сыны Валянцін і Аляксандр нарадзіліся тутака ж. Натуральна, каб неяк утрымоўваць сям’ю, кампенсаваць выдаткі, звязаныя з будаўніцтвам, Балевічы змушаны былі здаваць пакоі ўнаймы, у асноўным настаўнікам школ. Таму і пасяліўся ў іх чарговы кватарант – дваццацідзевяцігадовы Канстанцін Міцкевіч. І менавіта тут яго чакала лёсавызначальная падзея. Ён закахаўся і вянчаўся.

Пінскія мясціны Песняра

«Кастусь, можа, мы пажэнімся?»

Вясной 1913 года Канстанцін Міхайлавіч папрасіў у лісце бацьку і маці благаславення на шлюб з Марыяй Каменскай. А трэцяга чэрвеня ў Пінску адбылося іх вянчанне.
Адсвяткавалі вяселле Міцкевічы ў доме Балевічаў, тут жа праз некаторы час зрабіў свае першыя крокі іх сын Даніла.

Абодва настаўнікі – прыклад для ўсіх, а правіламі грамадскай маралі забаранялася выносіць пачуцці напаказ. Сваё, асабістае Якуб і Марыя захавалі ў сабе. Хіба што з успамінаў малодшага з сыноў Міцкевічаў, Міхася Канстанцінавіча, трохі праяўляецца сітуацыя: «Колас праводзіў інспекцыю настаўнікаў малодшых класаў. Убачыў прыгожую дзяўчыну і не спускаў вачэй. Як яна зловіць яго погляд, так ён пачырванее. Потым ён падышоў да яе, пазнаёміўся, праводзіў да дома. І доўга, каля года, далікатна заляцаўся, праводзіў яе. А яна дзяўчына маладая, трэба будаваць сям’ю, бачыла, што настаўнік сімпатычны, добры, і сама сказала: «Кастусь, можа, мы пажэнімся?»

Рана ці позна, але іх сустрэча не магла не адбыцца. Дом Балевічаў як раз знаходзіўся паміж установамі, дзе працавалі Канстанцін Міхайлавіч і Марыя Дзмітрыеўна. Двухпавярховы будынак былога вучылішча стаіць на скрыжаванні вуліц Чыгуначнай і Касмадзям’янскай. Жаночая чыгуначная школа месцілася ў драўлянай пабудове пры чугуначнай царкве (не захавалась), між сучаснымі вуліцамі Ахоўскай і Палескай, а малодшыя класы – у памяшканнях на тэрыторыі дэпо.

Пінскія мясціны Песняра

Будынак былога прыходскага вучылішча (дом Клякоцкага), у якім працаваў настаўнікам Якуб Колас. У сваіх успамінах ён удакладняў: «Змяшчалася яно на Прывакзальнай вуліцы ў доме Клякоцкага. Дом гэты быў двухпавярховы, мураваны, з гастранамічным магазінам унізе».

Пінскія мясціны Песняра

Вярнуцца яшчэ раз

Цікава, што Якуб і Марыя мелі намер назаўсёды пасяліцца ў Пінску.
Якраз у жніўні 1914 года К.Міцкевіч наведваў свайго выдаўца ў Вільні, каб атрымаць хоць які ганарар. «Грошы патрэбныя ў сувязі з хваробай Марыі Дзмітрыеўны, якая засталася ў Пінску (дзе Колас «думаў жыць»), і паступленнем брата ў семінарыю», – знаходзім у змястоўным сучасным выданні «Летапіс жыцця і творчасці Якуба Коласа».

Міцкевічаў і Пінск разлучыла Першая сусветная вайна.

У эвакуацыі ў Пермі яны адшукалі адрас дачкі Балевічаў Варвары, якая вучылася ўжо ў Чэлябінску, і павіншавалі з Новым годам. Нават у цяжкі 1917-ы Колас усё яшчэ разлічваў «дай Бог іншы Новы год сустрэць у Пінску ў добрым здароўі і дабрабыце». А Марыя Дзмітрыеўна завяршыла ліст з надзеяй, што Новы год «быць можа, скончыць разбуральную вайну».

Міцкевічы і Балевічы больш не ўбачыліся. Паштоўка вярнулася ў Пінск разам з былымі шчырымі кватэрнымі гаспадарамі Марыі і Якуба.

Многія прадметы з дома, дзе сышліся два радавода, перададзены ў Музей Беларускага Палесся. Напрыклад, на выставе гарадскога побыту канца ХІХ-пачатку ХХ стагоддзяў знаходзяцца скураная кушэтка Міцкевічаў, самавар… Зараз створана юбілейная экспазіцыя.

Пінскія мясціны Песняра

Сем гадоў назад на званіцы Свята-Варварынскага сабора была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка ў памяць шлюбу Песняра. Але ёсць і адмысловая фізічная сувязь гэтых мужа і жонкі з пінскай зямлёй. Гэта іх сын, першынец Даніла. Ён стаў выдатным навукоўцам-хімікам, аднак прысвяціў сябе таксама захаванню коласаўскай спадчыны – амаль 25 гадоў працаваў дырэктарам Літаратурнага музея Якуба Коласа. Па завяшчанні Данілы Канстанцінавіча частка яго праху была развеяна паміж магіламі бацькоў, а астатняя – па любімых месцах, і ў першую чаргу ў Пінску, каля дома пад ялінамі, адкуль пачалося яго жыццё.

На хвалях творчасці

Менавіта ў час свайго знаходжання ў Пінску Канстанцін Міцкевіч вырашыў выкарыстоўваць псеўданім Тарас Гушча для прозы, а вершы падпісваць Якуб Колас.
У горадзе над Пінай ён пражыў крыху часу, але некалькі гадоў былі даволі плённымі ў літаратурнай дзейнасці.
Край лугоў, край балот…
А ўсё міл ты мне… чым?
Я не ведаю сам.
І твой вобраз маім
Прыглядзеўся вачам.
Да цябе мае сэрца ляжыць.

Створаны і надрукаваны дзясяткі вершаў, апавяданняў, публіцыстычных артыкулаў. Выйшлі ў свет некалькі асобных выданняў: «Родныя з’явы», «Апавяданні», «Нёманаў дар»… Працягвалася праца над паэмай «Сымон-музыка». Дарэчы, першы тэкст, пад якім апроча даты пазначаны «Пінск» – апавяданне «Дзеравеншчына», напісанае ў пачатку верасня 1912 года.

Яркае ўяўленне пра пінскі перыяд жыцця пісьменніка дае аповесць «У глыбі Палесся» з трылогіі «На ростанях». Па яе матывах вядомы беларускі кінарэжысёр Уладзімір Корж-Саблін у 1960-1961 гадах зняў мастацкі фільм «Першыя выпрабаванні». Для натурных сцэн выкарыстоўваліся кварталы старога Пінска. Дзякуючы гэтаму можна ўбачыць некаторыя гістарычныя мясціны, якія не захаваліся да нашага часу.

Пінскія мясціны Песняра

Вячаслаў ІЛЬЯНКОЎ.
Фота і фотарэпрадукцыі аўтара і з адкрытых крыніц.

Оставить комментарий

Похожие новости

В Музее Белорусского Полесья открылась выставка живописи, акварели и графики из частного собрания Николая Дудко

pv

В деревне Лыще открыли мемориал воинам Русской императорской армии времен Первой мировой войны

pv

Корреспондент газеты «Пiнскi веснiк» побывала на репетиции кавер-группы «Другой ритм»

pv
ТГ канал