«Кожная пятніца – роднае, сваё!». Ансамбль танца «Пінская шляхта» — скарбніца народнай культуры, якую выкладчыкі Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў не проста зберагаюць, але і далучаюць да спадчыны моладзь.

Вядомы і любімы не толькі у нас, але і далёка за межамі нашага горада калектыў быў створаны ў 1992 годзе ў Пінскім дзяржаўным вучылішчы мастацтваў. Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь захоўвае народныя традыцыі і вывучае танцавальны фальклор. Ініцыятарам стварэння калектыву і першым яго кіраўніком быў малады выкладчык харэаграфічных дысцыплін Валерый Жыльцоў.

У 2022 годзе яго ўзначаліла выкладчык харэаграфічных дысцыплін Наталля Бархерыт.
У 1994-м ансамблю танца было прысвоена ганаровае найменне «народны», у 2019-м – званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь».

Карэспандэнт «ПВ» пабывала на рэпетыцыі «Пінскай шляхты», паразмаўляла з яго кіраўніком, удзельнікамі калектыву, каб дазнацца, як яны берагуць спадчыну і чаму выбралі такі напрамак дзейнасці – народную культуру.
Наталля Бархерыт падцвердзіла, што моладзь насамрэч захапляецца спрадвечна беларускімі танцамі, у тым ліку і пінскімі.
— Раней мы ездзілі па вёсках і сёлах, каб паслухаць песні старых людзей, паглядзець на тыя вобразы, нават развучыць тыя рухі, з якіх складаліся скокі бацькоў нашых дзядуляў і бабуль, — гаворыць Наталля Ўладзіміраўна. – Але носьбітаў аўтэнтычных танцаў становіцца ўсё меньш, а рытм жыцця толькі расце. Таму па большасці мы працуем з тым рэпертуарам, які ёсць. Аднак хлопцы і дзяўчаты, у якіх бабулі жывуць у вёсках, і зараз атрымліваюць творчае заданне на лета запытацца ў іх пра старыя часы, веру, культуру, побыт, прывезці артэфакт. Вось нядаўна адна з навучэнак, Аляксандра Баркоўская, прыехала на вучобу надзвычай удахнаўлёная. Аказваецца, у яе бабулі да гэтага часу ткацкі станок. Дзяўчына сама села за кросны, паспытала іх у справе. У нас нават ёсць танец, які так і называецца – «Кросны». Усяго ў рэпертуары каля 60 нумароў.
Ведаеце, рабяты, якія прыехалі да нас з вёсак, спачатку неяк саромеліся расказваць пра свае карані. Ім было боязна, што будуць кпіны і крывыя позіркі з боку аднагодак. Але мы многа працуем над тым, каб перамяніць такое меркаванне. Яно абсалютна памылковае. Тлумачым навучэнцам, что нашы карані – гэта наша багацце! Гэта тое, на што мы можам аперціся, каб рухацца далей па жыцці. З цягам часу хлопцы і дзяўчаты згаджаюцца з гэтым. І тым больш згаджаюцца, чым мацней усведамляюць, хто яны, упітваюць роднае, свае.
Рэпертуар
У сувязі з тым, што ў ансамбль уваходзяць навучэнцы каледжа, натуральна, што яго склад мяняецца. А з ім і рэпертуар. Хаця ёсць нязменныя. Такія, як гарадскія-бытавыя (Пінскага рэгіёна) «Прасцяк», «Трамблянка», «Расхадуха», «Матлёт», «Карапет». Але выкладчык упэўнена, што час дыктуе свае ўмовы, таму ўсё больш папулярная стылізацыя народных танцаў. Напрыклад, «Кавалі», «Рэчанька», «Крыжачок», «Жарты забубёныя». Да традыцыйнага беларускага танца «Сербіянка» (аўтары пастаноўкі – выкладчыкі Міхаіл і Ала Сеген) Міхаіл Арцёмавіч нават напісаў прыпевачкі, якія выконваюць самі танцоры.
Ансамбль танца «Пінская шляхта» — удзельнік і пераможца шматлікіх фэстаў і конкурсаў як у Беларусі, так і за яе межамі. Ён вядзе шырокую канцэртную дзейнасць, прымае ўдзел у розных абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах, прысвечаных, напрыклад, Дню Незалежнасці нашай краіны, фестывалю-кірмашу «Дажынкі» і іншым.
Гавораць танцоры – навучэнцы каледжа мастацтваў
Радыён Кашцелян:
— Родам я з Драгічына, танцаваў у харэаграфічнай школе ў ансамблі «Прыгажосць». Таму вырашыў паступіць сюды вучыцца. Мару пра вышэйшую адукацыю, а затым працу ў Дзяржаўным акадэмічным ансамблі танца Беларусі. Вучоба ў каледжы мне падабаецца, я палюбіў народныя скокі і ўвогуле танцы. Калі так здарыцца, што я стану выкладчыкам, то хачу данесці любоў да беларускай культуры сваім вучням.
Арсеній Прускі:
— Я на трэцім курсе па спецыяльнасці «харэаграфічнае мастацтва. Народны танец». Сем гадоў вучыўся ў пінскай харэаграфічнай школе. Вырашыў па гэтаму шляху крочыць далей. Ведаеце, у каледжы я зразумеў, што танцы – гэта не проста рухі, у іх, як і ў песнях, паэтычных творах, выяўляецца душа народа. Лічу, што мастацтва ў шырокім сэнсе слова ўзбагачае чалавека. Увогуле, ствараць музыку, вершы, прыдумляць танцы – гэта крута.
Сафія Чарвякоўская:
— Родам я з Белаазёрска. Марыла стаць балярынай. Аднойчы мне пашчасціла быць вядучай на канцэрце заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, узорнага ансамбля народнага танца «Журавінка». Я была пад такім уражаннем, што напачатку запісалася на танцавальны гурток, а потым вырашыла паступіць сюды. Да вучобы і настаўнікаў нашага коледжа я стаўлюся з вялікай павагай, хоць вучуся ўжо трэці год. Люблю народны танец і нашу культуру.
Дар’я Кадоліч:
– У гэтым годзе я выпускніца. А здаецца, толькі ўчора прыехала са Століна, адкуль родам, каб паступаць у каледж. Народныя танцы дагэтуль не былі мне знаёмы. Але паступова я іх палюбіла, бо там ёсць усё: тэхніка, эмоцыі, кантакт з гледачамі. Мы развучваем і мясцовыя скокі. І тут ну проста адчуваецца нейкая пінская энергетыка. Я проста душой адчула характар пінчукоў і выраз «па-першае, я з Пінска!». Пінчукі, я вас палюбіла!
Анастасія Кухарчук:
— У дзяцінстве я займалася ў харэаграфічнай студыі «Страказа». Там больш было эстрадных нумароў. Паступіла ў каледж – спадабаліся народныя танцы. Хоць было і трохі складана. Але хачу далей працягваць вывучаць усё народнае, у тым ліку і беларускія танцы. У іх – подых старых вякоў.
Алена ЖУК
Фото аўтара і прадастаўлена ансамблем танца «Пінская шляхта»
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.

