Пятница, 1 июля, 2022
Культура

Пінская “пешаходка” здзіўляла цудоўнымі вырабамі, прысмакамі, песнямі і танцамі

Пачаўся другі дзень абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод”. На пінскай “пешаходцы” была арганізавана выстава-конкурс “Горад майстроў”. Яго “жыхары” дэманстравалі разнастайныя рушнікі, гліняны посуд, вырабы з саломкі, многае-многае іншае. Некаторыя непасрэдна на месцы праводзілі майстар-класы.

Падыйшла да дзяўчынак, якія з цікавасцю разглядалі нейкую прыладу. Як расказала ім настаўніца беларускай мовы і літаратуры Лышчанскай сярэдняй школы Юлія Гушча, гэта ступа, якую раней выкарыстоўвалі для апрацоўкі зярнят пшаніцы, аўса, грэчкі на крупы.

Насця КАЛЕШКА (злева), Кіра САУЦІНА, навучэнкі 6 “Г” класа сярэдняй школы № 14:

– Мы адразу падумалі, што гэта маслабойка, бачылі такія яшчэ ў сваіх прабабуль, калі ездзілі да іх ў вёскі. Аказваецца, памыліліся. Цікава было даведацца, для чаго ж гэтая ступа! Сёння на “пешаходцы” вельмі незвычайна: вакол спяваюць, частуюць прысмакамі. Дарэчы, мы тут не выпадкова. Наша класны кіраўнік Ірына Васільеўна Яваш паведаміла нам, што тут адбудзецца абласное свята фальклору, вось мы і вырашылі прыйсці сюды. Тут цудоўна!

Дзяніс БРАНЦАЎ, удзельнік гуртка “Спадчына” Цэнтра дадатковай адукацыі на базе Мілавідскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна:

– Я упершыню на такім фестывалі. Мне вельмі падабаецца. Захапляюся фальклорнымі песнямі і танцамі. Цікава назіраць, як адны і тыя ж танцы, напрыклад, “Лявоніху” ці “Лысы”, кожны калектыў выконвае па-свойму.

А на вуліцы Леніна праходзіў і яшчэ адзін конкурс – “Бабуліна кухня”. Цікаўлюся, як падрыхтаваліся пінчане. Колькі ж тут усяго!

Вольга КАЗАЧУК, настаўніца рускай мовы і літаратуры, кіраўнік этнаграфічнга музея “Спадчына” гімназіі № 2:

– Калі даведаліся пра конкурс “Бабуліна хата”, вырашылі разам за маімі вучнямі з 5 “Б” класа і іх бацькамі, што абавязкова будзем удзельнічаць. Усе стравы гатавалі па рацэптах нашых бабуль: шчаўевы суп з карасікамі, курачка з бульбай, пірог “Радасць палясяначкі”, нават палескі хлеб ёсць “Ад Мамаевых”, які выпякаў бацька нашага вучня Цімафея. Разам з намі блюда бабулінай кухні на “Радавод” гатавалі таксама вучні і настаўнікі сярэдняй школы № 10. Мне здаецца, што ў нас усё атрымалася.

А на сцэне гарадскога Дома культуры ў гэты час праходзіў фінал конкурса выканаўцаў традыцыйных бытавых танцаў, пасля якога свой крэатыў дэманстравалі ўдзельнікі конкурса касцюмаў, у тым ліку і ў стылі фольк-мадэрн.

У фае гледачы з цікавасцю сачылі за тым, як разгортвалася спаборніцтва паміж тэатрамі лялек “Батлейка”.

Конкурс фальклорнага тэатра “Бабулін куфэрак” праходзіў у сярэдняй школе № 3 і гімназіі № 1 імя Ф.Я.Перца.

На жаль, надвор’е ўнесла свае карэктывы ў праграму абласнога свята – з-за дажджу прыйшлося адмяніць святочнае шэсце па пінскіх вуліцах.

На ўрачыстай цырымоніі закрыцця намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ірына Папова падкрэсліла, што абласны фестываль фальклорнага мастацтва праводзіцца праз тры гады. Сімвалічна, што на гэты раз – у Год гістарычнай памяці. “Радавод” сведчыць пра тое, што мы ведаем звычаі і традыцыі нашых продкаў, захоўваем іх і перадаем з пакалення ў пакаленне.

Намеснік старшыні Пінскага гарвыканкама Генадзь Палікоўскі заўважыў, што Пінск заўсёды з радасцю сустракае гасцей, асабліва калі гэта юныя беларусы, наша будучыня. Мы ўдзячныя, што для правядзення абласнога свята арганізатары абралі наш горад.

Яскравым заключным акордам фестывалю стаў гала-канцэрт.

Узнагароды пераможцам уручыла начальнік аддзела выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ала Сянькевіч. Сярод іх нямала пінчукоў. Так, дыпломаў першай ступені ўдастоены гурт “Спадчына” сярэдняй школы № 3, аб’яднанне па інтарэсах “Батлейка” сярэдняй школы № 12, Іван Лебядзеўскі і Марк Петруковіч з сярэдняй школы № 14 – у намінацыі “Майстар-клас”, Ганна Гарбарчук з гімназіі № 2 – у конкурсе “Бабуліна кухня”, а яшчэ навучэнец Пінскага каледжа мастацтваў Максім Ладыга – у намінацыі “Фальклорныя спевы”.

Нікога не пакінула абыякавым песня “Галоўка мая бедная” ў яго выкананні!

Генадзь ПАЛІКОЎСКІ, намеснік старшыні Пінскага гарвыканкама:

– Пінск любіць прымаць гасцей. У нашага горада багатая гістарычная і культурная спадчына. Для правядзення абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод” быў створаны арганізацыйны камітет. І свята ўдалося. Яго ўдзельнікі засталіся задаволеныя, дарэчы, як кажуць, асабліва спадабалася ім пінская “пешаходка”.

Ала СЯНЬКЕВІЧ, начальнік аддзела выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама:

– Абласны фестываль фальклорнага мастацтва «Радавод» праходзіў ужо восьмы раз. Ён стаў сапраўдным святам, на якім кожны калектыў прадэманстраваў сваё майстэрства, свае любоў і пашану да традыцый і звычаяў продкаў, да роднай мовы. Шчыра скажу: сэрца і душа разгарнуліся. У гэтых таленавітых дзецях ёсць зярнятка духоўных каштоўнасцей, якое абавязкова прарасце і дасць багаты ўраджай.

Наталля КІРКАВЕЦ.
Фота аўтара.

Похожие новости

Вместе весело рисовать

P-V2020

Фестиваль детского творчества “Золотая пчелка” собрал около 1 тыс. участников из 6 стран

P-V2020

Гродно приглашает на ХIII Республиканский фестиваль национальных культур

P-V2020

Оставить комментарий