Спакон вякоў нашы продкі насілі вышытыя кашулі, світкі, сарочкі. Асабліва людзі верылі ў «цудадзейную сілу» ручніка. На ім падносілі хлеб-соль, калі віталі дарагіх гасцей, дарылі іх на вяселлі, юбілеі, імі абрамлялі іконы…
Для таго каб старажытныя рамёствы не канулі ў Лету, у раённым Доме рамёстваў праводзяць розныя майстар-класы і арганізуюць аб’яднанні, дзе навучаюць дзетак тонкасцям старажытных промыслаў. Адным з такіх з’яўляецца гурток «Цудадзейны клубочак», кіраўнік якога Ніна Дэвіск. Майстрыха навучае дзетак вышыванню гладдзю і крыжыкам.
– За час працы ў Доме рамёстваў так атрымалася, што ў мяне падбіраліся толькі цудоўныя дзеці, – дзеліцца Ніна Сямёнаўна. – Так бывае, калі вучні з асаблівай увагай ловяць кожнае маё слова, з непадробленай цікавасцю бяруцца за выкананне ўсіх заданняў. Такіх дзяцей няшмат, але ў маёй практыцы было некалькі такіх хлопчыкаў. Асабліва памятаю аднаго з Аснежыц. Глядзела на вышытыя ім працы і думала: «Ну як так можа атрымацца з першага разу?»
Ніна Дэвіск родам з Украіны. У 1973 годзе яна трапіла ў Пінск, стала працаваць у ААТ «Палессе» (сучасная назва) матальшчыцай. Гэтаму прадпрыемству жанчына прысвяціла больш за 40 гадоў, а калі выйшла на пенсію, яе запрасілі ў раённы Дом рамёстваў кіраўніком гуртка.
Кожная рэч, якой кранаецца рука Ніны Дэвіск, мае пад сабой аснову, векавыя традыцыі народа. На такіх ручніках можна ўбачыць валошкі з макамі ў вяночак, галубоў, ягады каліны, нагаткі, рамонкі, гожыя вяргіні. У кожнай мясцовасці вышыўка была непаўторнай, каларытнай, адметнай, не такой, як у суседзяў. Арнамент выкарыстоўваўся часцей геаметрычны. Меней чорнага колеру. Пераважала «вясёлка» – жоўты, чырвоны, сіні, блакітны. Ручнік заўсёды лічыўся сімвалам чысціні, цяпла беларускай зямлі.
– Думаеце, гэта проста кветкі? – пытаецца майстрыха, паказваючы вясельны ручнік. – Ваша б бабуля здагадалася: пажаданне «росквіту».
Такія сакральныя вырабы было прынята вышываць абавязкова да ўзыходу сонца, не выконвалі працу майстрыхі ў нядзелю і ў святочныя дні. У народзе верылі, што па ручнікам анёлы спускаюцца з нябёсаў да людзей. І чым ніжэй да зямлі, тым больш цярністы шлях – вышыўка ад сярэдзіны да краю ручніка становіцца больш шчыльнай.
Вырабы ручной працы сёння цэняцца ва ўсім свеце. Модніцам даспадобы адзенне з вышыўкай.
– Традыцыйны строй – гэта гармонія, практычнасць і натуральнасць, некрыклівая прыгажосць, што уласціва пінчукам. Столькі гадоў займаюся вышыўкай і ніяк не налюбуюся, — прызнаецца Ніна Дэвіск.
– Дзякуючы інтэрнэту, соцсеткам, сарафаннаму радыё мае вырабы карыстаюцца папулярнасцю, – дзеліцца Ніна Сямёнаўна. – Вельмі прыемна атрымліваць станоўчыя, натхнёныя водгукі і ведаць, што вышытыя табой рэчы робяць людзей шчаслівымі.
Таццяна ПАЛХОЎСКАЯ.
Фота аўтара.