23.6 C
Пинск
Пятница, 5 сентября, 2025
Пiнскi Веснiк
Культура

“Наперад у мінулае”: з песеннай спадчынай Беларускага Палесся знаёміла “Славяначка”

Наўрад ці знойдзецца чалавек, які калі не бачыў хаця б адну з перадач “Наперад у мінулае”, то ніколі не чуў пра гэты праект рэспубліканскага тэлебачання, прысвечаны спрадвечнай песеннай культуры Беларусі. Сэнс яго ў тым, што згадка народнай мінуўшчыны ў выкананні сучаснага спевака – стымул адвечнага руху наперад. І з гэтым цяжка не згадзіцца.“Наперад у мінулае”: з песеннай спадчынай Беларускага Палесся знаёміла “Славяначка”

У жніўні бягучага года героем праграмы стаў калектыў “Славяначка” вёскі Полкацічы Іванаўскага раёна. Вось толькі ў гэтым раёне жыве адна з яго ўдзельніц — дырэктар мясцовага клуба Валянціна Аляксееўна Застроўская, ды і тая – у вёсцы Вілы, частка якой лічыцца тэрыторыяй Пінскага раёна. Як кажуць, касцяк калектыву – жыхаркі Піншчыны Таццяна Паўлаўна Сахарук і Марыя Аляксандраўна Жук, а таксама пінчанкі Антаніна Мікалаеўна Трушко, Марыя Іванаўна Ляшук і Ніна Іванаўна Кахновіч. Не магу не нагадаць, што доўгія гады Марыя Іванаўна, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза журналістаў Беларусі, працавала рэдактарам гарадской газеты “Пінскі веснік”, а Ніна Іванаўна з’яўлялася старшынёй гарадскога Савета дэпутатаў, таму сясцёр добра ведаюць і паважаюць у Пінску. І не толькі. Калі жанчыны выйшлі на заслужаны адпачынак, змаглі ў поўнай меры заняцца любімай справай – спяваць, дарыць тым самым людзям радасць, абуджаць у іх душах найлепшыя пачуцці. Спачатку выступалі перад землякамі – жыхарамі Табулак, потым і іншымі вяскоўцамі. Дуэт выконваў самыя розныя песні – і сучасныя, і тыя, якія спявалі яшчэ матулі і бабулі.

Калі “Славяначка” засталася без акампаніятара, сёстры пачалі выступаць у складзе калектыву – Ніна Іванаўна не толькі цудоўна спявае, сама піша вершы і музыку, але і выдатна валодае такімі інструментамі, як баян і гармонь. Лепшага акампаніятара не адшукаць! Менавіта яна цяпер нефармальны кіраўнік – падбірае рэпертуар, складае сцэнарыі святаў.

Ішлі гады, калектыў далей адточваў сваё майстэрства. Па-сапраўднаму яго заўважылі ў кастрычніку мінулага года у час справаздачнага канцэрта “Вячоркі ў Полкацічах”, прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзю Брэсцскай вобласці. Выступленне вельмі спадабалася кіраўніцтву аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама, усім гледачам, якія прысутнічалі тады на свяце. Таму калі з рэспубліканскага тэлебачання патэлефанавалі і спыталі, пра які калектыў лепш расказаць у перадачы “Наперад у мінулае”, выбралі “Славяначку”.

Жанчыны, дарэчы, малодшай з іх 65 гадоў, старэйшай – 79, расказалі, што здымкі праходзілі на сядзібе Валянціны Застроўскай у тых самых Вілах. У родным кожнаму сэрцу палешука куточку з плотам з лазы, мноствам кветак песні ліліся ракой, ні водную з іх не прыйшлося перапісваць. Праўда, у эфіры 24 жніўня прагучалі не ўсе – не хапіла часу, бо передача цягнецца ўсяго 40 хвілін. Праз тыдзень, 31 жніўня, у праграме тэлегледачоў знаёмілі з іншымі калектывамі, але ў яе ўключылі і дзве песні ў выкананні “Славяначкі” – “Жураўлі” і “А рокі ляцяць”. Аўтар і вядучая Аксана Вечар прызналася, што ўся здымачная група была ўражана песнямі, якія выконваліся на самабытнай мове.

— Гэта было вельмі пачэсна і адказна – прадстаўляць усёй нашай краіне багацце песеннага свету Беларускага Палесся, яго асаблівую культуру, традыцыі, якія нашы людзі не проста беражліва захоўваюць, а з любоўю перадаюць маладому пакаленню, — дзеліцца ўражаннямі Марыя Іванаўна. – Жыве сакавітая, яскравая, мілагучная, гаварлівая мова нашых матуль і бабуль. Песні, якія гучаць на ёй, як і раней, кранаюць сэрцы людзей. І гэта сапраўдны стымул руху наперад.

19 жніўня, як раз на Праабражэнне Гасподняе, у Адрыжыне праходзіла традыцыйнае свята сям’і “Пад дахам хаты тваёй”, у час якога ўшаноўвалі сем’і, што жывуць і працуюць у аграгарадку. Прыняць удзел у ім запрасілі і “Славяначку”. Як шчаслівую творчую сям’ю, сустрэч з якой з нецярпеннем чакаюць вяскоўцы.

Наталля Кіркавец

Фота рэдакцыі газеты “Янаўскі край”

🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.

Похожие новости

В библиотеках района завершилась программа летних чтений

pv

Льецца спеў срэбразвонных «Крыніц»

pv

Белорусские инвестпроекты в социальной сфере могут поучаствовать в российском конкурсе

pv
ТГ канал