У народным літаратурна-краязнаўчым музеі Якуба Коласа ў Пінкавічах прайшлі традыцыйныя “Каласавіны”, прымеркаваныя да стагоддзя трэцяга выдання паэмы “Сымон-музыка”, пад назвай “Стагоддзе выдання – стагоддзе чытання”. Яны былі не зусім звычайныя. Але аба ўсім па парадку.
Свята, можна сказаць, было тры ў адным. Падчас яго падвялі вынікі конкурсу буктрэйлераў па паэме “Сымон-музыка” і ўзнагародзілі яго ўдзельнікаў. Таксама, што немалаважна, 11 лістапада музей Якуба Коласа адзначыў 35 гадоў з дня адкрыцця. Хоць сваю гісторыю ён пачынае з 1962 года, у 1990-м музей з’явіўся у асобным памяшканні. Кульмінацыяй мерапрыемства стаў прыезд унука Якуба Коласа Андрэя Данілавіча Міцкевіча.
Але найперш ён здзейсніў вандроўку па Пінску, па тых мясцінах, дзе жыў яго дзед, нарадзіўся бацька. Смачную вячэру гасцям прапанавала кафэ “Альтанка”, гаспадары якога сталі спонсарамі сустрэчы. Андрэй Данілавіч зрабіў у “Пінскім дворыку” фотаздымак у галерэі вядомых асоб, якія праславілі наш горад.
Цікавым фактам падзялілася метадыст цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, кіраўнік музея Якуба Коласа, экскурсавод Жанна Верыч.
– Начаваў Андрэй Данілавіч у гасцініцы “Універсітэцкая”. Вядома, што яна знаходзіцца ў будынку, які належыў Скірмунту. А Якуба Коласа папрасілі з’ехаць з Пінкавічаў па прычыне таго, што ён дапамог малаграматным жыхарам гэтай вёскі скласці ліст, які ўвайшоў у гісторыю як “Петыцыя да Сігізмунда Сігізмундавіча Скірмунта, які дапёк мясцовых сялян”, – расказала Жанна Мікалаеўна..

Свята ў музеі Якуба Коласа
На другі дзень свята прадоўжылася ў музеі Якуба Коласа. На яго ганку славутага госця сустракалі з хлебам-соллю ўдзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Каласок” Чухаўскай школы. Дзецям, а таксама ўсім прысутным было цікава паразмаўляць з Андрэем Данілавічам. Яны задавалі яму розныя пытанні. Той у сваю чаргу дзяліўся ўспамінамі пра знакамітага дзеда. Хлопчыку было ўсяго чатыры з паловай гады, калі класік беларускай літаратуры пайшоў з жыцця, але дзіцячая памяць, як вядома, трывалая. Андрэй Данілавіч успамінаў, як дзед гушкаў яго на каленях, як чытаў яму свой новы верш.
Прыемна было ўдзельнікам конкурсу буктрэйлераў, таму што ім выпала ўнікальная магчымасць атрымаць свае дыпломы з рук Андрэя Данілавіча. Ну і, канешне, не абышлося без фотаздымка на памяць.
Дарэчы, на ўрачыстасць нават знайшлі “Сымона-музыку”. Ім стаў вучань Пінкавіцкай школы Міхаіл Літвіновіч, навучэнец Пінскай дзіцячай школы мастацтваў. Выступленне мясцовага скрыпача ўнесла лірычную нотку ў свята.
Ну і якія ж “Каласавіны” без пачастункаў. Усе дзеці пакаштавалі караваю з печы.
Цікавая вандроўка
Нікому не хацелася развітвацца, але ж Андрэя Данілавіча чакала цікавая вандроўка.
Пасля свята ён адправіўся ў царкву Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Пінкавічах, дзе яго дзед, Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, кіраваў царкоўным хорам. Экскурсію правяла бібліятэкар Пінкавіцкай бібліятэкі, настаўніца нядзельнай школы Святлана Мажароўская. Тут госць змог акунуцца ў той час, які апісваецца ў трылогіі “На ростанях”.
Адтуль накіраваліся ў Пінск. Андрэй Данілавіч упершыню ў жыцці патрапіў на надворак той самай хаты пад нумарам 63 на вуліцы Івана Чуклая, былой Вадаправоднай, дзе нарадзіўся яго бацька. Сустрэў наведвальнікаў малады гаспадар Ілля. Аказалася, што ў адной з кватэр, а там іх усяго чатыры, жывуць нашчадкі першага гаспадара, чыгуначнага фельчара Арсенія Балевіча.
Затым накіраваліся да будынка былога трэцяга двукласнага прыходскага вучылішча. Зрабілі фотаздымак на яго фоне.
Яшчэ адзін сюрпрыз чакаў Андрэя Данілавіча ў Музеі Беларускага Палесся. Гэта канапа з той самай хаты на Вадаправоднай, якая зараз знаходзіцца ў экспазіцыі, прысвечанай Якубу Коласу. Дарэчы, на цэнны экспанат нікому не дазваляецца садзіцца, але для Андрэя Данілавіча зрабілі выключэнне.
Наведалі таксама і дзіцячую бібліятэку імя Якуба Коласа, супрацоўнікі якой правялі змястоўную экскурсію. Госця цікавіла літаратура пра вядомага беларускага песняра, у тым ліку і аб яго творчасці.
– Вось такую змястоўную вандроўку падрыхтавалі мы з юнымі экскурсаводамі аб’яднання па інтарэсах “ГіД” для нашага доўгачаканага госця, – адзначыла Жанна Верыч. – Чаму доўгачаканага?
Таму што мы даўно запрашалі, але ў яго ніяк не атрымлівалася. Прыхільнікі нашага музея ведаюць, што ў нас былі ўнучкі Коласа Марыя Міхайлаўна Міцкевіч, Вера Данілаўна Міцкевіч, праўнучкі Васіліна і Валянціна, нават прапраўнук Даніла. Вось нарэшце мы змаглі сустрэцца і з Андрэем Данілавічам. Прыемна, што на наступны дзень пасля ад’езду наш госць даслаў эсэмэску с удзячнасцю за такую цікавую вандроўку.
Жанна Мікалаеўна паведаміла, што Андрэй Данілавіч, нягледзячы на сталы ўзрост, а яму хутка споўніцца 74 гады, яшчэ працуе ў Дзяржаўным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці. Ён вельмі адукаваны чалавек, свабодна валодае англійскай мовай, самастойна вывучыў польскую. Яшчэ ведае японскую мову, нават тройчы быў у Японіі як перакладчык.
– Ён – прыклад інтэлігентнасці і адукаванасці, дарэчы, як і ўсе нашчадкі Коласа, – падкрэсліла Жанна Верыч.
Іна УРБАНОВІЧ
Фота прадастаўлены ўдзельнікамі мерапрыемства
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.

