Вось ужо 40 гадоў бруяцца спеўныя «Крыніцы» – песні народнага фальклорны калектыву Пінкавіцкага сельскага Дома культуры прымушаюць трымцець сэрцы ад захаплення, клічуць ногі ў скокі, радуюць душу.
Калактыў быў створаны 25 жніўня 1985 года. Яго заснавальніцай стала Ксенія Паўлаўна Даніловіч. Першапачаткова ў складзе «Крынiц» было 10 чалавек. Нязменным яго кіраўніком з’яўляецца Ігар Няхайба.
Сэрцам першага склада калектыву сталі носьбіты палескага народнага фальклора Марыя Андрэеўна Платошына, Надзея Якаўлеўна Лемяшэўская, Алена Цімафееўна Лой, дачка якой, Таццяна Фёдараўна Максімчук, падхапіла любоў да народнай песні і ў цяперашні час з’яўляецца загадчыкам Пінкавіцкага Дома культуры і актыўнай удзельніцай «Крыніц». Сёння творчая сям’я – Валянціна Калінкіна, Вера Гарохава, Ніна Гут, Ніна Сераброва, Сафія Жывушка, Валянціна Шыцько. Выкананне народных песень упрыгожваюць музыканты Святлана Калодзіч, Мікалай Саўчанчык, Ігар Сіманчук і Анатоль Зырко.
У рэпертуары «Крыніц» разнастайныя творы. Сярод іх шмат жартоўных, гульнявых, побытавых песень палескага краю, якія выконваюцца на каларытным мясцовым дыялекце: «Дождж ідэ», «Пуд зэлэным дубом», «Коло річкі, коло броду», «Сонцэ вжэ заходыть». Самабытнае гучанне ўражвае нават моладзь, якая ахвотна ўдзельнічае ў розных абрадах і святах, што ладзяць «Крыніцы» і работнікі Пінкавіцкага Дома культуры.
Старадаўні абрад «Праводны тыдзень» у выкананні калектыву атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Менавіта толькі тут можна ўбачыць, як жанчыны, прагнаўшы зіму песняй «Провэдэмо зыму», бягуць на бераг ракі, каб дастаць расліну з вады, а потым памерацца: у каго даўжэйшая – тая будзе шчаслівейшая, і ў той гаспадыні будзе лепшы ўраджай.
У скарбонцы «Крыніц» больш за сто дыпломаў і грамат за перамогі і ўдзел у фестывалях розных узроўняў. Народны фальклорны калектыў таксама атрымаў падзяку ад міністра культуры Рэспублікі Беларусь. Сваю творчасць удзельнікі яскрава прадстаўлялі ў праграме «Наперад у мінулае» з абрадамі «Тройца» і «Хрэсьбіны». У рэспубліканскіх тэлевізійных праектах «Беларусь спявае» і «Жывая спадчына» падзяліліся сваім непаўторным творчым вопытам.
Радасна і прыемна, што эстафету любові да народнай песні падхапіла аматарскае аб’яднанне «Крынічанькі», якое складаецца з моладзі. Упэўнена, што ніколі не знікне жыватворная вада вялікай любові да народнай самабытнай песні ў срэбразвонных «Крыніц», і спеў іх будзе гучаць яшчэ доўгія-доўгія гады.
Святлана Мажароўская,
бібліятэкар Пінкавіцкай сельскай бібліятэкі
Фота Іны УРБАНОВІЧ
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.