20 марта, Пинск /ПВ/ У сённяшнім выпуску праекта «Кожная пятнiца – роднае, сваё» мы распавядзём пра народны ансамбль народных інструментаў «Палескі сувенір» Пінскай дзіцячай школы мастацтваў.
Ён з’явіўся дзякуючы апантанаму музыканту, педагогу, таленавітаму кіраўніку, творчай і прыгожай жанчыне Аксане Макарэвіч. Родам яна з Віцебска. Прыехала ў Пінск за мужам акурат пасля заканчэння Белдзяржкансерваторыі і ўжо 40 гадоў служыць на карысць дзяржаве, бо выкладае музыку па класу балалайкі ў Пінскай дзіцячай школе мастацтваў, папулярызуе спрадвечна беларускую музыку і разам з калегамі далучае дзяцей і моладзь да спадчыны.

«Поспех – гэта вынік велізарнай працы і любові да сваёй справы»
– Мы, а гэта настаўнікі музычнай школы, ігралі ўсё: ад барочнай класікі да джаза, – успамінае Аксана Міхайлаўна. – У рэпертуары было болей за 200 твораў. І ведаеце, была вялікая цікаўнасць да вывучэння нечага новага і ўпэўненасць, што ўсё атрымаецца. Бо кіраўнік – гэта ў першую чаргу не пра апладысменты, задавальненне, нават не пра радасць. Усе гэта з’віцца, але пазней. У першую чаргу – гэта велізарная праца і любоў да сваёй справы. Трэба было не толькі падабраць рэпертуар, а прадумаць і запісаць для кожнага ўдзельніка ансамбля, што і як ён павінен сыграць, а затым і як будуць гучаць усе разам. Рэпетыцыі праводзіліся кожны вечар. Таму быў і выдатны вынік. Безумоўна, мы выконвалі і творы Палескага рэгіёна. Я, будучы яшчэ студэнткай, ездзіла па вёсках і ўласнаручна збірала фальклор у яго носьбітаў.
«Палескі сувенір» – гэта маё жыццё! Я шчаслівая ад таго, што займаюся любімай справай. Аддала ансамблю больш за 35 гадоў. Дарэчы, столькі ж часу прысвяцілі яму і выдатныя прафесіяналы Уладзімір Фёдаравіч Богнат (флейта, кларнет, саксафон) і Людміла Сцяпанаўна Палхоўская (домра, альт). Астатнія ўдзельнікі мяняліся. Зараз я выкладаю музыку па класу балалайкі, а калектыў узначаліў малады, таленавіты педагог музычнай школы Данііл Стралецкі. Дай Бог, каб у яго таксама ўсё атрымалася!
Музыка, якую стварыў народ
Данііл Стралецкі, кіраўнік НАНІ «Палескі сувенір», настаўнік музыкі па класу акардэона Пінскай дзіцячай школы мастацтваў:
– «Палескі сувенір» ведаюць далёка за межамі нашага горада. Сама назва гаворыць аб тым, што мы прэзентуем самабытную палескую культуру беларусам і гасцям Пінска, краіны, перадаем яе маладому пакаленню, як каштоўны падарунак, нават скарб. Что такое народная музыка? Музыка, якую стварыў, сфарміраваў цэлы народ, самі людзі. Таму гэта наша мудрасць, культура, гісторыя.
Днямі «Палескі сувенір» адзначыў сваё 40-годдзе. Заўважу, што крыху больш за год састаў ансамбля поўнасцю аднавіўся. Маладыя таленавітыя музыканты і педагогі працягваюць яго традыцыі – іграюць жывую музыку на арыгінальных акустычных інструментах (няма электрагітар ці электрабарабанаў, напрыклад). Скрыпка, цымбалы, баян, акардэон, балалайка, ударныя інструменты – бас-гітара. А яшчэ ў нас ёсць народны вакал. Сучасны рэпертуар разнастайны. Там прадстаўлены ўсе жанры. У канцэртным рэпертуары пакуль што – 28 твораў. Для пачатку гэта вельмі нядрэнна. Сярод іх – беларуская народная песня «Цячэ вада ў ярок», вядомыя кампазіцыі «Родны кут», «Ой, лебяда», «Родныя людзі» і іншыя.
Хачу падзякаваць былым кіраўнікам ансамбля «Палескі сувенір» Аксане Міхайлаўне Макарэвіч, Таццяне Мікалаеўне Агіевіч і ўсім нашым вопытным калегам, якія дапамагаюць і парадай, і справай, і нават удзелам у некаторых канцэртах. Спадзяюся, што ансамбль будзе і далей развівацца і несці ў свет прыгожае. Бо мы стараемся дзеля зберажэння спадчыны.
«Палескі сувенір» – прастора, дзе традыцыі могуць гарманічна спалучацца з сучаснасцю
Ілля Карнілаў, удзельнік НАНІ «Палескі сувенір» (барабаншчык)
– Для мяне «Палескі сувенір» – больш чым проста музычны калектыў. Гэта жывое ўвасабленне душы нашага краю, захавальнік народных традыцый і культурнай спадчыны Палесся.
Марына Пашкевіч, удзельніца НАНІ «Палескі сувенір» (балалайка):
– Наш калектыў – гэта не толькі супрацоўнікі, а садружнасць творчых асоб, аб’яднаных агульнай мэтай. Мы жывем адной ідэяй і верым у тое, што робім. Кожны дадае сваю іскру, пераўтвараючы рабочы працэс у бесперапынную плынь стварэння новага і драйва.
Асабліва каштоўна тое, што ансамбль не стаіць на месцы, развіваецца и шукае новыя формы выканання народнай музыкі. Сучасная апрацоўка класічных твораў, такіх як «Кацюша», даказвае, што традыцыі могуць гарманічна спалучацца з сучаснасцю.
Анжаліка Невар, удзельніца НАНІ «Палескі сувенір» (цымбалы):
– Кожнае выступленне ў гэтым дзіўным калектыве – сапраўднае падарожжа ў свет народнай музыкі. Калі гучаць родныя мелодыі ў выкананні таленавітых музыкантаў, сэрца напаўняецца гонарам за наша культурнае багацце.
Ганна Цупа, дырэктар Пінскай дзіцячай школы мастацтваў:
– «Палескі сувенір» сапраўды можна назваць брэндам Пінска. Характэрна, што калектыў складаўся з кіраўнікоў розных падраздзяленняў школы. Не дзіўна, што яны вельмі ініцыятыўныя, добрасумленныя, аб’яднаныя адной ідэяй. А сённяшні састаў калектыву – гэта новае пакаленне. Таксама таленавітыя музыкі са сваім бачаннем. Веру, што ў іх усё атрымаецца!
Алена Жук
Фота аўтара і Людмілы Зубко
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Любые рассказы, новости или сообщения мы принимаем через Telegram-бот PinskNews_bot.
Обсудить происшествия, поделиться мнением, получить совет или просто пообщаться с пинчанами можно в нашей Telegram-группе Pinsk Chat. Это место, где жители Пинска делятся новостями, помогают друг другу и обсуждают события города.

