21 августа, Пинск /ПВ/ Праект «Кожная пятніца – Роднае, сваё». У Пінску шмат майстэрняў, дзе можна пашыць штаны ці абнавіць сукенку. Але знайсці спецыяліста па машыннай вышыўцы – яшчэ той квэст. Трэці год студыя «Sofi_style» даказвае: вышыўка – гэта не проста ўпрыгожанне, а сапраўднае мастацтва, якое робіць кожную рэч унікальнай.

Калі трапляеш у светлую майстэрню на вулiцы Першамайскай, першае, што кідаецца ў вочы, – гэта любоў да дэталяў. Узоры і трапныя радкі на рушніках, строгія эмблемы для школьных касцюмаў, яскравыя прынты на халатах – усё гэта створана рукамі і талентам Анастасіі Шэлест. Яе гісторыя пра тое, як лёс, каханне і жаданне развівацца спляліся ў адну прыгожую лінію.

З Віцебшчыны — на Палессе, або «Лёс хацеў, каб я вярнулася»
Майстрыха родам з Наваполацка. У Пінск трапіла па размеркаванні пасля бліскучага заканчэння Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа. Пазнаёмілася з мясцовым юнаком.
– Мая мама родам з Лагішына, – кажа Анастасія. – Яна выйшла замуж і паехала на Віцебшчыну. А я, праз гады, вярнулася на Палессе ўжо за сваім мужам. Мабыць, так павінна было быць.

З чаго ўсё пачалося
– Мне заўсёды падабалася займацца творчасцю, – расказвае Анастасія. – Я прыйшла на завод «Белэнка» мадэльерам-канструктарам. Стварала мадэлі адзення, якія карысталіся высокім попытам. Потым мяне запрасілі ў «Белтрыкатаж».
Ідэя адкрыць уласную справу прыйшла падчас дэкрэтнага адпачынку, у разгар пандэміі каронавіруса.
– Муж пераконваў мяне ў тым, каб я пачала займацца машыннай вышыўкай. Падараваў бытавую машынку. Вучылася па відэа ў інтэрнэце, штудзіравала праграмаванне. У Беларусі няма курсаў па вышыўцы, беларускія майстры, як правіла, вучацца за мяжой, – падзялілася майстрыха.
Студыю яна назвала у гонар сваёй доўгачаканай дачкі Соф’і.
– На прафесійную машыну адкладвала ўвесь час, калі была ў дэкрэтным адпачынку. І вось калі яна з’явілася, каштоўнасцю як добры аўтамабіль, баялася на яе нават дыхнуць! Але цяпер гэты агрэгат – мой верны сябар і галоўны памочнік. Дзякуючы яму мы ствараем унікальныя рэчы. Без творчасці я не магу. Мне 42 гады, і 20 з іх я апранаю людзей.

«Кожны заказ – першы»
У майстэрні Анастасіі можна заказаць ўсё: ад вышыўкі лагатыпа для прадпрыемстваў да эксклюзіўных камплектаў для лазні з махры. Навопратку можна пранесци нават фотаздымакпрчым нават па фотаздымку.
– Каб зрабіць якасны выраб, даводзіцца доўга падбіраць іголкі, ніткі, улічваць шчыльнасць тканіны. Але, калі бачыш шчаслівыя вочы кліента, які задаволены вынікам, гэта бясцэнна, – гаворыць Анастасія Шэлест. — Не баюся складаных эскізаў, бо гэта вопыт і развіццё.
У майстэрні заўсёды ёсць гатовыя вырабы. Анастасія працуе не толькі «пад заказ», але і з вітрынай. Тут заўсёды ў наяўнасці халаты і камплекты для лазні з вышыўкай на любы густ, з нацыянальнай атрыбутыкай у тым ліку. А можна прынесці сваю любімую рэч, і яна зайграе па-новаму.
Школьная форма і «Ястрабы»
Асобны накірунак работы — школьная форма. Калі сыны Анастасіі пайшлі ў СШ № 3, яна захацела, каб іх вопратка была не толькі прыгожай, але і зручнай.
– Разам з кіраўніцтвам установы адукацыі стварылі эмблему для школьнай вопраткі. Пашыла камізэлькі, бомберы для вучняў. Давялося канкураваць з «Палессем» і “Фабрыкай мастацкіх вырабаў”, але прапанова мела якасную альтэрнатыву, – успамінае майстрыха.
Анастасію заўважылі спартсмены: яна абшыла хакейную каманду «Ястрабы».
– Калі нашых «Ястрабаў» убачылі ў Гродне, пайшла «сарафанка». У адзенні нашай студыі ўжо дзве гродзенскія хакейныя каманды, – ганарыцца майстрыха. – Геаграфія шырыцца: Дзяржынск, Мінск, Салігорск, фанаты «Дынама»… Цяпер вось рыхтуем гальштукі для СШ № 16.
Не толькі бізнес, але і жыццё
Рытм, які задала сабе Анастасія, яе цалкам задавальняе. Яна шчаслівая мама чацвярых дзяцей: у гэтым годзе старэйшы сын паступіў у ПалесДУ, сярэдні ідзе ў дзявяты клас, малодшы – у трэці, а маленькая Соф’я рыхтуецца ў першы.
– Раней я пякла цудоўныя торты ў дэкрэце з двума старэйшымі. Цяпер у мяне вышыўка. Але ў любым выпадку, галоўнае — гэта людзі. Калі я працавала ў найме, мая задача была проста зрабіць якасную рэч. А цяпер я павінна ўмець сябе рэкламаваць, размаўляць, прапаноўваць. Ды і проста быць адкрытай, – дзеліцца Анастасія Шэлест.
Калі сёння пінчукі звяртаюцца да яе з нагоды вышыўкі, яны ведаюць: кожная рэч створана з душой. Бо ў руках майстрыхі – не проста іголкі і ніткі, а гарачая любоў да сваёй справы.

Алена Брыч
Фота аўтара
Любые рассказы, новости или сообщения мы принимаем через Telegram-бот PinskNews_bot.
Обсудить происшествия, поделиться мнением, получить совет или просто пообщаться с пинчанами можно в нашей Telegram-группе Pinsk Chat. Это место, где жители Пинска делятся новостями, помогают друг другу и обсуждают события города.

