Віншаванне на ўрачыстасць Божага Нараджэння Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі
«Святкаванне таямніцы Божага Нараджэння нагадвае нам,
што Езус — гэта наш супакой, нашая радасць, нашая моц і нашае суцяшэнне»
(Святы Айцец Францішак)
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Дарагія вернікі, людзі добрай волі!
Святкаванне таямніцы Божага Нараджэння запрашае нас паглядзець на кожнага чалавека, а асабліва на сям’ю, як на бясцэнны дар з Неба. Сын Божы — абяцаны Адкупіцель — прыходзіць у гэты свет, каб вярнуць яму надзею на вечнае збаўленне, умацаваць веру, навучыць безумоўнай любові і ўзаемнай зычлівасці як фундаментальнай запаведзі, на якой грунтуецца «ўвесь Закон і Прарокі» (гл. Мц 22, 40).
У таямніцы бэтлеемскіх ясляў Бог, бясконцы ў міласэрнасці (гл. Эф 2, 4), схіляецца над чалавечай слабасцю, каб шырока адкрыць дзверы да крыніц Яго ласкі. Неабходна толькі адчыніць гасцінна Богу дзверы і прыняць дар Яго Сына. Так мы зробім найважнейшы крок насустрач Таму, хто прыходзіць, каб нас выбавіць ад путаў усялякага граху, зла і вечнай пагібелі.
Няхай Хрыстус — святло свету (гл. Ян 8, 12) — увойдзе ў кожны наш дом, каб рассеяць цемру непаразуменняў і слабасцяў. Няхай Бог Адкупіцель, які пажадаў аб’явіцца гэтаму свету праз дар Дзіцяці і Святой Сям’і, напоўніць душу кожнага чалавека цеплынёй той незямной любові, якая праменіцца з таямніцы бэтлеемскіх ясляў. А нязгаснае ззянне Бэтлеемскай зоркі няхай асвятляе кожны шлях і найлепшыя планы на будучыню.
Жадаю кожнаму з вас, браты і сёстры, перажыць невыказную радасць асаблівай сустрэчы з Хрыстом, які прыходзіць, каб быць «Богам з намі» (гл. Ап 21, 3). Зычу ўсім людзям добрай волі, каб гэтыя калядныя дні радасці і надзеі на парозе новага, 2025 года ўмацавалі ўсіх нас той непахіснай надзеяй на перамогу дабра, справядлівасці і любові, якая напаўняла сэрцы Святой Сям’і з Назарэта, бэтлеемскіх пастушкоў і святых анёлаў — веснікаў новага часу.
Хрыстус нарадзіўся! Славім Яго!
+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі