3 сакавіка, Пінск /ПВ/ Клубу літаратараў Піншчыны «Пiнчукi» споўнілася дзесяць гадоў. Гэта цудоўная нагода, каб расказаць чытачам пра творчае аб’яднанне.
Яно дзейшічае на базе цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Яўгеніі Янішчыц. Дарэчы, творчасць нашай зямлячкі, вядомай беларускай паэткі Яўгеніі Янішчыц стала прыкладам для многіх. А сама традыцыя літаратурнага жыцця Піншчыны бярэ свае карані з суполкі літаратараў, якая была створана ў 1940 годзе ў рэдакцыі газеты «Палеская праўда». У 1970-м аб’яднанне атрымала назву «Арбіта» (адзін з кіраўнікоў – Васіль Каратышэўскі). Пазней яго змяніў «Струмень», які існаваў пры газеце «Пiнскі веснік». Кіравалі ім у розныя гады былы рэдактар гарадской газеты, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Марыя Ляшук, член Саюзаў пісьменнікаў Беларусі і Расіі Валерый Грышкавец, паэтка Наталля Прыступа. Многія імёны тых, хто пачынаў свой шлях у мясцовым літаратурным аб’яднанні, вядомыя за межамі не толькі Пінска, але і краіны: Валерый Грышкавец, Зіновій Прыгодзіч, Любоў Тарасюк, Анатоль Шушко і іншыя.
У 2016 годзе быў створаны клуб літаратараў Піншчыны «Пiнчукi». Яго ўзначаліла член Саюза пісьменнікаў Беларусі Жанна Завацкая.
Дарэчы, днямі ў раённай бібліятэцы адбылася вечарына «Сузор’е талентаў», прысвечаная юбілею паэтычнай суполкі. Са святам «Пiнчукоў» павіншавалі дырэктар бібліятэкі Вольга Антанчук, пачэсны член клуба Валерый Грышкавец. Выступалі і самі юбіляры: Лідзія Кучынская, Святлана Мажароўская, Галіна Лазіцкая, Людміла Шклёда, Міхаіл Цуба, Жанна Верыч, Мікалай Лаўровіч, Валянціна Вахітава, Уладзімір Варонін, Ганна Савіч, Віктар Мяцельскі, Альбіна Наўгародская, Зінаіда Савіла, Васіль Алешка, Таццяна Лушчыцкая.
Дзесяць – гэта не проста лічба. Гэта цэлая эпоха, напоўненая творчасцю, цёплымі сустрэчамі, новымі кнігамі. Дзесяць гадоў жыцця, адданых роднаму слову, служэнню Палескаму краю. «Пiнчукi» – актыўныя ўдзельнікі бібліятэчных мерапрыемстваў, часта яны выступаюць у сельскіх дамах культуры, у Палескім дзяржаўным універсітэце і іншых месцах, а таксама – у гарадскім творчым праекце «Пинская пешеходка». Іх вершы рэгулярна друкуюцца на старонках газет і часопісаў, у тым ліку і ў «Пiнскім весніку». У 2024 годзе выйшаў у свет калектыўны паэтычны зборнік «Вянок радкоў ад «Пiнчукоў», які стаў сапраўдным падарункам для аматараў паэзіі. Жанна Завацкая адзначыла, што зараз вядзецца работа над новай кнігай, у якую ўвойдуць творы палешукоў. Яна будзе называцца «Каб слова паляшуцкае гучала». Дарэчы, гэты радок можна ўзяць і за дэвіз клуба «Пiнчукi». Сапраўды, ён павінен жыць, працаваць, каб гучала роднае слова, каб жыла малая радзіма!
Вольга Антанчук, дырэктар Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Яўгеніі Янішчыц:
– Папулярызацыя творчасці мясцовых аўтараў, удзельнікаў літаратурнага клуба «Пiнчукi» – адно з прыярытэтных напрамкаў работы бібліятэкі. Мы імкнемся ствараць камфортныя ўмовы для сустрэч паэтаў, арганізуем мерапрыемствы, прымеркаваныя да важных падзей і дат грамадска-культурнага жыцця Пінскага раёна.
Творчасць пісьменнікаў роднага краю насычана любоўю да малой радзімы. У адкрытым доступе – тэматычныя паліцы са зборнікамі мясцовых аўтараў, матэр’ялы пра поспехі ўдзельнікаў літаб’яднання. Прыходзьце, знаёмцеся, чытайце!
Жанна Завацкая, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня клуба літаратараў Піншчыны «Пiнчукi»:
– Нашыя сустрэчы праходзяць па-сяброўску, бываюць і госці клуба. Разам мы чытаем вершы, спяваем, абмяркоўваем творчыя і не толькі падзеі. Увогуле, за дзесяць гадоў мы сталі адной сям’ёй. Вось толькі не хапае моладзі. Таму запрашаю хлопцаў і дзяўчат – аматараў слова – прыходзіць у бібліятэку на засяданні літклуба. Будзем рады бачыць ўсіх!
Алена Жук
Фота аўтара
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Любые рассказы, новости или сообщения мы принимаем через Telegram-бот PinskNews_bot.
Обсудить происшествия, поделиться мнением, получить совет или просто пообщаться с пинчанами можно в нашей Telegram-группе Pinsk Chat. Это место, где жители Пинска делятся новостями, помогают друг другу и обсуждают события города.






















