У сталіцы Палесся адсвяткавалі 100-годдзе Пінскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы. З гэтай нагоды на беларускую зямлю завітаў спецыяльны пасланнік Папы Льва XIV кардынал Клаўдыё Гуджэроці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх касцёлаў у Ватыкане.
Пінская дыяцэзія была заснавана 28 кастрычніка 1925 года Папам Піем XI. Цяпер яна з’яўляецца адной з чатырох каталіцкіх дыяцэзій у Беларусі і ахоплівае тэрыторыю Брэсцкай і Гомельскай абласцей.
Ліст ад Папы
У сваім лісце да кардынала Гуджэроці Папа Леў XIV патлумачыў, што прызначыў яго сваім прадстаўніком, бо ён добра пазнаёміўся з пастырскім жыццём мясцовага Касцёла на працягу чатырох гадоў (2011-2015) служэння апостальскім нунцыем у Беларусі.
Пантыфік выказаў удзячнасць Богу за шматлікія духоўныя дары, якія дыяцэзія прынесла за стагоддзе свайго існавання, падкрэсліўшы, што гэта “духоўнае зерне, пасеянае калісьці, з дапамогай Божай ласкі змагло ўзрастаць і ў спрыяльныя, і ў цяжкія часы, даючы багаты плён”. Папа Рымскі асабліва адзначыў вялікі ўклад, ўнесены Пінскай дыяцэзіяй у спадчыну Касцёла і духоўнае жыццё Беларусі.
Леў XIV заахвоціў кардынала Гуджэроці перадаць яго благаславенне біскупам, духавенству, кансэкраваным асобам, свецкім вернікам і ўсім, хто будзе ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях. Папа таксама пажадаў, каб яго добразычлівыя словы былі скіраваны да прадстаўнікоў грамадзянскіх уладаў і ўсіх, хто рупліва ставіцца да паняцця рэлігійнай свабоды, нагадаўшы, што яна з’яўляецца прынцыпам сапраўднага міру і дабра чалавечай асобы.
Тэкст ліста быў зачытаны падчас урачыстасцей у Пінскай катэдры.
Свята!
Святкаванне пачалося ў пятніцу. Вечарам адбылася святая імша з абрадам асвячэння касцёла святога Бенэдзікта ў Пінску. Літургію ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, у ёй удзельнічалі біскупы Беларусі, кардынал Гуджэроці.
25 кастрычніка духавенства, у тым ліку манаства, свецкія вернікі, прадстаўнікі дзяржаўнай улады сабраліся ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Падчас святой імшы з ўрачыстым унясеннем у катэдру рэліквій святога Андрэя Баболі, нябеснага апекуна дыяцэзіі, вернікі маліліся да Бога аб заступніцтве гэтага святога беларускай зямлі.
Пасля біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка з удзельнікамі ўрачыстасці віталі ў касцёле спецыяльнага пасланніка Папы. Маладая сям’я паднесла кардыналу Гуджэроці традыцыйны хлеб-соль, а дзеткі звярнуліся да яго з вершаванымі словамі.
Клаўдыё Гуджэроці ўзначаліў святую імшу падзякі Богу за сто гадоў дыяцэзіі. Разам з ім святую еўхарыстыю служылі апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыа Чэфаліа, а таксама ўсе біскупы Беларусі, шматлікія святары.
Місія кардынала
У лісце да кардынала Гуджэроці Папа Леў XIV асабліва прасіў іерарха заахвоціць усіх удзельнікаў святкавання скіраваць сваё жыццё да Бога – першай ісціны і найвышэйшага дабра. Выконваючы гэтую місію, спецыяльны пасланнік звярнуўся да вернікаў з шчырай прамовай. Ён заклікаў іх цаніць той скарб веры і захавання хрысціянскіх каштоўнасцей, якія перадалі цяперашняму пакаленню продкі. Як прыклад стойкасці ў веры, вернасці Богу кардынал узгадаў лёсы святога Андрэя Баболі, благаславёнага Мечыслава Багаткевіча, кардынала Казіміра Свёнтэка.
Спецпасланнік Пантыфіка засяродзіў увагу на тым, што чалавецтва перажывае няпростыя часы.
– Войны, бясконцыя цяжкасці, гвалт у свеце, здаецца, парушаюць Божую задумку ў створаным ім свеце. Мы часта задаем пытанне: што адбываецца? Дзе мудрасць, розум, міласэрнасць, любоў? Куды гэта ўсё падзелася? Таму што мы народжаныя Богам, імя якому любоў. Кожны раз, калі бачым гвалт, усякае зло, адчуваем у сабе як быццам удар электрашоку, – сказаў ён.
Кардынал заклікаў да міру і адзінства, да любові і дабра.
– Вы народ ціхі, спакойны. І ў гэтым ваша сіла. Вы сціплыя, працавітыя. Людзі за межамі Беларусі любяць вас такімі, якія вы ёсць, таму што вы сумленныя, шчырыя і адкрытыя, – адзначыў спецпасланнік Папы Рымскага.
Сардэчна павіншавалі
На заканчэнне святой імшы прывітанне кардыналу Клаўдыё Гуджэроці, віншаванні ў сувязі з юбілеем Пінскай дыяцэзіі біскупу Антоні Дзям’янку і ўсім вернікам адрасавалі епіскап Пінска-Лунінецкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы Георгій, Генеральны консул Расійскай Федэрацыі ў Брэсце Алег Мурашоў, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Віктар Рафаловіч, старшыні Пінскіх гарадскога і раённага выканаўчых камітэтаў Валерый Рэбкавец і Сяргей Сазанчук. Антоні Дзям’янка падзякаваў дзяржаўным уладам, мецэнатам за падтрымку, дапамогу ў вырашэнні праблем.
У гэты дзень у катэдральным касцёле таксама адбыўся канцэрт арганнай музыкі, а яшчэ пазней у дворыку курыі выступіў музыкальны гурт семінарыстаў.
Галоўныя юбілейныя ўрачыстасці завяршыліся ў нядзелю 26 кастрычніка ў Брэсце. Там, у касцёле Узвышэння Святога Крыжа, адбылася сустрэча моладзі з кардыналам Гуджэроці, які таксама ўзначаліў святую імшу.
Людміла Рэбкавец
Фота аўтара
Антоні Дзям’янка, Пінскі біскуп:
– 28 кастрычніка 1925 года Папа Пій ХІ, дбаючы пра духоўнае дабро вернікаў на нашай зямлі, стварыў Пінскую дыяцэзію. Мы нізка схіляемся перад сведчаннем веры, якое далі нашы папярэднікі. Пасля ста гадоў гісторыі перажытых выпрабаванняў мы маем жывы і дынамічны Касцёл. Ён сёння цалкам прадстаўлены ў гэтым катэдральным касцёле. Гэта біскупы, святары і касэкраваныя асобы, вернікі, сярод якіх нямала шматдзетных сем’яў і маладых энергічных людзей. Мы адважна глядзім у будучыню, памятаючы нашае мінулае. Прыклад папярэдніх пакаленняў вучыць нас планаваць далейшыя крокі, ставячы ў цэнтры Бога, Яго Словы. Мы хочам будаваць Касцёл, які будзе расці і ўмацоўвацца ў веры.
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
























































