Ва ўрочышчы за Купяцічамі мы сустрэліся з героем нашага матэрыялу — вадзіцелем-тысячнікам ААТ «Пачапава» Дзянісам ГМІРАМ.

…На круглым загарэлым твары маладога чалавека пабліскваюць неспакойныя шэрыя вочы… Быццам ён ужо загадзя думаў пра мае пытанні. Малады вадзіцель усхвалявана ловіць кожнае маё слова і пачынае гаворку…
Дзяніс Гмір нарадзіўся ў вёсцы Купяцічы. Маці – Святлана Канстанцінаўна – працуе галоўным бухгалтарам у ААТ «Пачапава». Бацька – Мікалай Іванавіч – інжынерам-электрыкам. Больш за трыццаць год таму сям’я Гмір пераехала са Столінскага раёна ў Купяцічы, дзе мужу з жонкай, як маладым спецыялістам, далі жыллё. З часам у маладой сям’і з’явіліся на свет сыны Дзяніс і Мікалай.
Скончыўшы Купяціцкую СШ, Дзяніс паступіў у ліцэй будаўнікоў на спецыяльнасць «плітачнік-абліцоўшчык». Пасля атрымання дыплому малады чалавек адправіўся служыць у армію. Нейкі час Дзяніс ездзіў на заробкі ў Расію, а ў красавіку 2022 года прыйшоў на працу ў ААТ «Пачапава» вадзіцелем.
З пэўным пачуццём трывогі і адначасова гонару за сваю рашучасць – вось так узяцца за незнаёмую працу і крута павярнуць сваё жыццё – заходзіў Дзяніс на мехдвор. Разам з іншымі механізатарамі пераапрануўся і ўзяў ключы ад машыны. Усміхнуўся, бо злавіў сябе на думцы: хто б мог падумаць, што ён вернецца ў родную гаспадарку, ажэніцца і будзе тут працаваць вадзіцелем? Хутка пакрочыў да свайго грузавіка. Гаспадарліва агледзеў яго – усё было ў парадку. Вырашыў не чакаць механіка, якому было даручана апякаць навічкоў. Завёў грузавік і націснуў на газ — стрэлка спідометра задрыжэла: «Трэба спяшацца, сёння шмат працы».
Дзяніс лічыць вялікім козырам у сваёй рабоце тое, што ён мясцовы.
– Патрэбна разумець людзей, з якімі працуеш, – дзеліцца мой субяседнік. – Мабыць, мае калегі паспрыялі майму прыходу ў прафесію і працы ў гаспадарцы. А таксама мае бацькі, якія заўсёды былі добрым прыкладам у жыцці. Ну і, канечне, жонка Іна і дачушка Паліна, для якіх я жыву і працую.
… Здаецца, усё сабраў. Ён зайшоў у пакой і пацалаваў двухмесячную дачушку. Яна спала без коўдры, толькі ў адной пялёнцы. Дзяніс накрыў яе — з форткі цягнула свежым паветрам. Ён паціху зачыніў за сабой пакой.
– Можа, паснедаеш, Дзяніс? – спытала жонка.
Яна прагна ўглядалася ў яго твар, такі знаёмы і дарагі да самай маленькай рыскі.
– Спазняюся ўжо, – Дзяніс заспяшаўся, абняў жонку і пабег.
Трэба спяшацца. Абы не падвяла машына. Ён вытрымае і дзень, і ноч. І скуль столькі сілы ў яго?..
Дарога была пустая, і Дзяніс ціснуў на газ. Па баках нічога не было відаць. Ён рэзаў цемру святлом фар. Чым далей ад’язджаў ад дому, тым больш думаў аб дачушцы і жонцы.
…Іх сустрэча з Інай. Як яны ў першы раз сядзелі ў кафэ, калі Дзяніс яшчэ зусім юнак, які толькі што вярнуўся з арміі, не змог пачаць размову. Таму першай загаварыла Іна. Вусны дзяўчыны разышліся ва ўсмешцы, калі яна глядзела на такога засмучанага і сур’ёзнага Дзяніса. Ёй захацелася прытуліць яго да сябе, як дзіця.
Рояцца думкі і знікаюць, і ўсплываюць зноў… Здаецца, што ён трымае на руках сваю дачушку Палінку. Сонечныя зайчыкі, як матылькі, садзяцца на маленькі тварык. Дзяўчынка нібы ловіць іх вочкамі і смяецца, як гэта ўмеюць рабіць немаўляты.
У адчыненую фортку ўрываецца бадзёрае ранішняе паветра. Дзяніс радасна пад’язджае на поле, дзе яго чакаюць іншыя механізатары, каб пачаць новы працоўны дзень…
Таццяна ПАЛХОЎСКАЯ.
Фота аўтара.
Любые рассказы, новости или сообщения мы принимаем через Telegram-бот PinskNews_bot.
Обсудить происшествия, поделиться мнением, получить совет или просто пообщаться с пинчанами можно в нашей Telegram-группе Pinsk Chat. Это место, где жители Пинска делятся новостями, помогают друг другу и обсуждают события города.
