07 августа, Пинский район /ПВ/ Праект «Кожная пятніца – роднае, сваё!». Песня – адзін з аспектаў культурнага кода беларусаў. Яна, як і ўся сістэма каштоўнасцяў, традыцый і сімвалаў, перадаецца з пакалення ў пакаленне і дапамагае захаваць спадчыну. Шчасце, што сапраўдная беларуская песня жыве і ў нашыя дні. У гэтым мы ўпэўніліся, калі сустрэліся з народным фальклорным калектывам «Дударыхі» аграгарадка Валішча Пінскага раёна.
Як расказала загадчык Валішчанскага сельскага Дома культуры і ўдзельніца самабытнага калектыва Людміла Сярэдзіч, гурт быў заснаваны ў 1972-м пры мясцовым ДК. Праз дзесяць гадоў яму было прысвоена званне «народны» за выдатны ўклад у захаванне спадчыны. Людміла Сярэдзіч з гонарам адзначыла, што гэта першы у Брэсцкай вобласці калектыў, які атрымаў такое званне.
Вядома гісторыя стварэння, якую распавядала неяк першы кіраўнік Ніна Бурдзь. . Аднойчы Ніна Міхайлаўна ішла па дзіцячым садку, які у той час узначальвала, і пачула, як яго супрацоўніцы спявалі за працай. Ды так звонка і хораша, што жанчына вырашыла: калектыву быць! Так і сталася.
Напачатку, калі збіралі рэпертуар, удзельінчалі ў святах вёскі, горада, раёна. Затым – у абласных мерапрыемствах, і рэспубліканскіх. Запрашалі калектыў і на міжнародныя сустрэчы. У складзе творчых дэлегацый Піншчыны «Дударыхі» неаднаразова прадстаўлялі беларускую культуру за мяжой, у прыватнасці ў Польшчы. Яны і цяпер з’яўляюцца ўдзельнікамі і прызёрамі часцей за ўсё рэгіянальных фэстаў, такіх як «Зоў Палесся», «Рух Зямлі» і «Фальварак мінулага».
Падкрэслю, што гурт стаў аўтэнтычным – ён выконве песні і абрады менавіта ў тым выглядзе, у якім яны стагоддзямі існавалі на тэрыторыі Піншчыны. «Дударыхі» займаюцца рэканструкцыяй і папулярызацыяй унікальных палескіх традыцый. Візітоўкай гурта з’яўляецца традыцыйны вясельны абрад «Замес і ўбіранне каравая». Калектыў вярнуў да жыцця і захаваў мясцовы самабытны танец «Хіната», які выклікае вялікую цікавасць у этнографаў. Ёсць у рэпертуары і каляндарныя святы: Калядкі, Шчодрыкі, дажынкі і традыцыйныя восеньскія вячоркі.
Самыя любімыя паляшуцкія песні жанчын – «Бочачка дубовая», «Дождж ідзе», «Чаго Надзя зажурылася» і іншыя. Людміла Сярэдзіч адзначыла, што спачатку рэпертуар збіралі, як кажуць, па людзях: хадзілі па хатах, слухалі, як спяваюць бабулі і дзядулі, запісвалі ў сшыткі песні, прыпеўкі, прыказкі і прымаўкі. Пазней ўсё гэта было надрукавана, занесена ў кампьютар. Але і цяпер есць тыя сшыткі, а таксама альбомы з памятнымі здымкамі.
Зараз фальклорным калектывам «Дударыхі» кіруе Лукер’я Сцяпанаўна Андрыевіч. Сярод заўзятых удзельнікаў – Ганна Адамаўна Андрыевіч, Ганна Рыгораўна Аляхновіч, Зоя Уладзіміраўна Вашчыла, Ганна Адамаўна Аляхновіч, Марыя Мікалаеўна Лазюк і іншыя. Самая старэйшая ўдзельніца калектыва – Кацярына Іванаўна Ралінская.
Носьбіты фальклору ўжо знаходзяцца ў паважаным узросце, калектыў патрабуе аднаўлення. Безумоўна, што самабытныя артысткі шчыльна супрацоўнічаюць з Валішчанскай сярэдняй школай, перадаючы веды і спеўныя традыцыі дзецям. Але пакуль што паўнацэннага дзіцячага калектыва не існуе. Аднак жа фалькларысткі не губляюць надзею на тое, што пераемнасць пакаленняў адбудзецца і «Дударыхі» заспяваюць дзявочымі галасамі.

Алена Жук
Фота аўтара
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Любые рассказы, новости или сообщения мы принимаем через Telegram-бот PinskNews_bot.
Обсудить происшествия, поделиться мнением, получить совет или просто пообщаться с пинчанами можно в нашей Telegram-группе Pinsk Chat. Это место, где жители Пинска делятся новостями, помогают друг другу и обсуждают события города.
