04 сакавіка, Пінск /ПВ/ Зусім хутка мы адзначым Уваскрэсенне Хрыстова, а гэта значыць, што скончыцца пост, і тады можна будзе ладзіць вяселле. Але ж спачатку, згодна з народнай традыцыяй, трэба схадзіць у сваты.
Менавіта абрад сватання, характэрны для нашай мясцовасці ў другой палове ХХ стагоддзя, прадэманстравалі вучні Стытычаўскай сярэдняй школы гасцям, што завіталі да іх у сонечны вясновы дзень.
Вяселле на Палессі – яркі і самабытны
Адзначу, што вясельны абрад з’яўляецца адным з самых старажытных у Беларусі. На Палессі ён яркі і самабытны, удзел у ім прымала ўся вёска. Існавала некалькі этапаў палескага вяселля: пярэпыты, сватанне, запоіны, вянкі, каравай, першы, другі і трэці дні вяселля, госці. Сватанне, як і пярэпыты, з’яўляецца падрыхтоўчым этапам абраду. Яно адбывалася толькі тады, калі дзяўчына давала на яго згоду. Выбар сватоў, сяброў жаніха звычайна адбываўся на савеце, які трымалі жаніх, яго бацькі і таварышы. У сваты звычайна ішлі ў суботу вечарам. У гэты час спявалі песні ўдакладнялі тэрмін вяселля. Калі дзяўчына не хацела ісці замуж або яе бацькам не падабаўся жаніх, яны ветліва адмаўлялі сватам, гаворачы, што дачка яшчэ маладая, ёй рана ісці замуж (альбо клалі ў вазок гасцей звараны гарбуз). Праз некаторы час у доме нявесты праходзілі запоіны.
Ваш тавар – наш купец
…І вось на пляцоўцы перад школай разгарнулася яскравая дзея. Сваты з боку жаніха пад вясёлую музыку падышлі да сядзібы нявесты. Пытаюцца, ці можна адпачыць тут. Іх, канечне, ветліва запрашаюць зайсці на падворак. Пачынаецца размова ў іншасказальнай форме. Сваты ад жаніха гавораць, што яны маюць бычка маладога, а ці ёсць у іх цялушачка, каб купіць яе. Аказваецца, яе няма. Тады ці ёсць у двары дзявіца красна, бо яны маюць купца маладога. Ну, калі купец, то і патаргавацца можна. Сваты ад маладой патрабуюць гасцінцы. Як вядома, яны ёсць, не спустымі ж рукамі ходзяць у сваты: у кошыку і каўбаса, і шматок сала, яблыкі, бутэлькі. Старгаваўшыся, сваты з абодвух бакоў абмяняліся хлебам і селі за стол пачаставацца і зрабіць замову для маладых. Не абышлося без песень. Пасля сталі збірацца дамоў. Праз пэўны час у хаце нявесты будуць запоіны, дзе ўжо дамовяцца і пра вяселле, каб добра да яго прыгатавацца – парася ды цяля зарэзаць, музыкаў наняць.
“Спадчыне” шосты год
З 2020 года ў Стытычаўскай школе функцыяніруе апорная пляцоўка “Выкарыстанне рэгіянальных традыцый і абрадаў у пазаўрочнай дзейнасці “Спадчына”. Ва ўстанове адукацыі ўжо быў назапашаны матэрыял, якім можна было дзяліцца з усімі, каму гэта цікава. Как працаваць, выдзелілі фае на другім паверсе, распрацавалі эмблему, на якой выява жанчыны-берагіні. Тут прадстаўлены вышыўка, прылады працы, быту, якія падаравалі мясцовыя жыхары і не толькі, а таксама фотаздымкі, дзе зафіксаваны ўсе дзеі, у якіх дзеці прымалі ўдзел. Пачэснае месца займае саламяны павук, які зрабілі на майстар-класе па саломапляценні пад кіраўніцтвам Аксаны Смужэвіч.
Чарговым экспанатам стала карціна, якую падарыла школе кіраўнік праваслаўнага гуртка “Зярнятка” Стытычаўскай СШ, бібліятэкар Пінкавіцкай СБ Святлана Мажароўская, – яна крыжыкам вышыла вясельны каравай, упрыгожаны шышкамі.
Акрамя матэрыяльнай спадчыны продкаў, звяртаюць увагу і на духоўную спадчыну. У куточку размешчаны даследчыя работы вучняў.
– Дзейнасць пляцоўкі накіравана на тое, каб зберагаць, аднаўляць і перадаваць нашым дзецям жыццёвы вопыт продкаў, – расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Аляксандра Куцэвіч. – Да мерапрыемстваў далучаюцца настаўнікі, дзеці і іх бацькі. Мы запрашаем у школу педагогаў раёна, гісторыкаў, кіраўніцтва ўстаноў адукацыі. Напрыклад, у мінулым годзе адбылося пасяджэнне дырэктароў сярэдніх школ, на якім мы прапанавалі абрад “Каляды”.
Майстар-класы, абрады, даследчая дзейнасць
На пляцоўцы праводзяць майстар-класы па салома- і лозапляценні, вышыўцы крыжыкам, вырабу лялькі-мотанкі, траецкага і дажынкавага абярэгаў. Для гэтага запрашаюць майстроў народнай творчасці, далучаюцца да іх і бацькі вучняў. Супрацоўнічаюць з мясцовым сельскім Домам культуры, які дапамагае ў аднаўленні абрадаў, такіх як “Ваджэнне куста”, “Масленіца”, “Грамніцы”, “Багач”, “Каляды”, “Выпечка вясельнага караваю”, а цяпер ужо і “Сватанне”.
– Мы займаемся таксама і даследчай дзейнасцю, – расказвае Аляксандра Анатольеўна. – Вывучалі лексіку вясельнага абраду, традыцыі і абрады святкавання Сёмухі. Увогуле, праца праводзіцца велізарная. Нашы дзеці добра арыентуюцца ў святах каляндарна-абрадавых, сямейна-абрадавых традыцыях і звычаях. Сувязь пакаленняў прасочваецца і па сённяшні дзень. Спадзяемся, што нашы выпускнікі пранясуць праз сваё жыццё тое, што яны атрымалі ў школе, і перададуць сваім дзецям, каб наша спадчына і наша беларуская адметнасць, нацыянальная каларытнасць на страціліся. Мы ўдзячны ўсім, хто дапамагае ў рабоце аднаўлення традыцый і абрадаў.
Заслужаныя ўзнагароды
У гэтым годзе ўдзельнікі “Спадчыны” атрымалі дыплом другой ступені на рэгіянальным конкурсе “Таленты Палесся” за абрад “Багач”, а пазалетась – за “Грамніцы”. І гэта далёка не ўсе дясягненні, якімі могуць пахваліцца ў Стытычаўскай школе. Іх вельмі шмат. Адна з нядаўніх узнагарод – дыплом першай ступені на рэспубліканскім конкурсе “Васількоў шапатліваю моваю…”, якую атрымаў вучань 10 класа Павел Мышко, ён працаваў пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Людмілы Сачкоўскай і выканаў навукова-даследчую работу “З павуцінак бабіна лета…” (актыўнасць ужывання фраземы “бабіна дета).
Сустрэча ў Стытычаўскай школе была вельмі насычанай. Напрыканцы гасцям прадэманстравалі відэаматэрыялы з розных майстар-класаў і абрадаў, што рэканструіруюць вучні і іх настаўнікі.
Ніна Шарко, вучаніца 9 класа Стытычаўскай сярэдняй школы:
– Мне падабаецца гэткая дзейнасць. Прыемна, што такія святы не забываюць, сама была на падобным нядаўна. Аказалася, што я вельмі много ведаю з таго, што на ім рабілі. Напрыклад, на сватанні абавязкова патрэбна, каб былі самыя родныя людзі, хросныя жаніха і нявесты. Хутка Вялікдзень, і мы ўжо рыхтуемся да яго. Гатуем заўсёды много розных страў. Абавязкова будзем выпякаць кулічы, фарбаваць яйкі.
Павел Мышко, вучань 10 класа Стытычаўскай СШ:
– Прымаю актыўны ўдзел у мерапрыемствах апорнай пляцоўкі “Спадчына”. Мы паказваем розныя абрады. Больш за ўсё запомніўся “Багач”, які дэманстравалі на рэгіянальным конкурсе “Таленты Палесся” і занялі другое месца. І я, і мае бацькі, і іх бацькі нарадзіліся тут. Дзякуючы падобным мерапрыемствам, даведваюся пра мінулае сваіх продкаў. Гэта вельмі цікава.
Іна Гук, начальнік аддела загс райвыканкама:
– Мне як начальніку аддзела загс цікава было паназіраць за такім элементам вясельнага абраду як сватанне. Тым больш што ў нас на рэгістрацыі шлюбу абрады заўсёды прысутнічаюць: жаніх і нявеста становяцца на рушнік, запальваюць свечкі, бацькі сустракаюць маладых караваем. Таксама яны ёсць, калі адзначаем юбілеі сумеснага жыцця – мужа з жонкай абсыпаюць зернем, яны становяцца на футра, на рушнікі сваіх бацькоў. Прадстаўнікам маладога пакалення гэта падабаецца. Таму тыя народныя традыцыі, якія мы перадаем дзецям, – унёсак у нашу будучыню.
Іна Урбановіч
Фото аўтара
Любые рассказы, новости или сообщения мы принимаем через Telegram-бот PinskNews_bot.
Обсудить происшествия, поделиться мнением, получить совет или просто пообщаться с пинчанами можно в нашей Telegram-группе Pinsk Chat. Это место, где жители Пинска делятся новостями, помогают друг другу и обсуждают события города.
























