Працягваем праект «Кожная пятнiца – роднае, сваё». У сённяшнім выпуску мы распавядзём пра фабрыку мастацкіх вырабаў «Крыніца Палесся».
Гісторыя пінскай фабрыкі пачалася са стварэння ў 1946-м арцелі «8 Сакавіка», дзе працавалі 16 чалавек. Дарэчы, у гэтым годзе прадпрыемству споўніцца 80 гадоў.

Ад прадзедаў да нашых дзён
Першая прадукцыя арцелі была ўпрыгожана ручной мастацкай вышыўкай у тэхніках «крыж», «падліковая роўнядзь», «свабодная роўнядзь», машыннай вышыўкай «тамбур» і іншымі. Старажытнае майстэрства не забыта і ў нашыя дні.
Фабрыка была і застаецца эксклюзіўным вытворцам нацыянальных, сцэнічных і іншых касцюмаў. Тут шырокі асартымент прадукцыі як з натуральнай сыравіны (лён, бавоўна), так і штучнай (віскоза, поліэфір). Як і раней, тут вырабляюць вышыванкі, рушнікі, сталовыя і чайныя абрусы, сурвэткі, парцьеры, пледы, пасцельную бялізну.

Разам з тым ёсць і тавары іншага кшталту. Напрыклад, адзенне для рабочых розных прафесій. Наладжана вытворчасць сувенірных лялек, цільдаў, вырабаў з роспісам па тканіне (карціны, пано), спецыяльных вырабаў (гербы, сцягі) і іншага.
Безумоўна, фабрыка «Крыніца Палесся» застаецца адным з месцаў, дзе берагуць нацыянальныя традыцыі, якія засталіся «ад прадзедаў з пакон вякоў». Аднак тут укараняюць і сучасныя тэхналогіі, без якіх сёння немагчыма развівацца.

Пано па-сучаснаму
Намеснік дырэктара прадпрыемства Святлана Ляшук паведаміла навіну. Упершыню тут сумясцілі ДТФ-друк з тэхнікай напісання карцін у стылі двуслоевага баціка. Атрымалася пано, якое ніколечкі не горшае за тое, што распісвае ўручную мастак Валянціна Луд. На ніжнім слоі пано, аснова якога – танюсенькі празрысты шыфон, друкуецца на ДТФ-станку малюнак, на верхнім – толькі там-сям рыскі.
Малюнкі распрацоўвае малады спецыяліст інжынер-праграміст Вольга Осіпава.
– Мая задача складаецца ў тым, каб з аднаго фотаздымка зрабіць два – верхні і ніжні слаі пано, – паведамляе падрабязнасці Вольга. – На адным будзе адна частка карціны, на другім – другая. Далей на кампьютары трэба іх накласці так, каб атрымаўся 3D малюнак. Ажыўляе пано мастак. Яна робіць некаторыя штрыхі, і вось краявід нібы сапраўдны. Здаецца, што вось-вось павее ветрык, выгляне сонейка, а між дамоў прамільгне фігура знаёмага.
– Ужо гатова першае пано, зробленае па сучасных тэхналогіях, – гаворыць Святлана Ляшук. – Мы вырашылі ўзяць папулярны малюнак – вуліцу Леніна са скульптурай пінчука. Не за гарамі турыстычны сезон. Госці сталіцы Палесся любяць заходзіць у нашыя фірмовыя крамы і купляць нешта такога кшталту. А дзякуючы новаму падыходу да вырабу сувенірнай прадукцыі пано атрымліваецца ў некалькі разоў танней, а вырабляецца намнога хутчэй, чым напісанае ўручную. Безумоўна, мастацкую творчую працу нельга поўнасцю замяніць, але як варыянт вельмі нават і добры. Да таго ж гэта выдатная магчымасць расшырыць асартымент прадукцыі. Ведаеце, нам ужо паступілі прапановы ад мінчан зрабіць віды сталіцы, ад брэстчан – карціну з ліхтаршчыкам. А што датычыць нашага рэгіёну, то ў бліжэйшы час мы зробім пано з малюнкам пінчука ў лодцы на Піне.

Алена Жук
Фота аўтара
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Любые рассказы, новости или сообщения мы принимаем через Telegram-бот PinskNews_bot.
Обсудить происшествия, поделиться мнением, получить совет или просто пообщаться с пинчанами можно в нашей Telegram-группе Pinsk Chat. Это место, где жители Пинска делятся новостями, помогают друг другу и обсуждают события города.
