Кожную пятніцу мы гаворым пра роднае, сваё. Дарэчы, 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.
Сёння гаворка пойдзе пра адзін з брэндаў Пінска – пякарню з 30-гадовай гісторыяй «Залаты колас». 
Яна размешчана ў гістарычным цэнтры горада, на скрыжаванні вуліц Леніна і Казіміра Свёнтэка. Гэта месца ведаюць і любяць, пэўна, многія. І не толькі пінчане. Сюды не прамінуць зайсці турысты. Асабліва летам. Для некага гэта кафэ, для другога – кропка сустрэчы каханых, для трэцяга – адпачынак у кампаніі сяброў. Словам, для кожнага – сваё. У чым жа сакрэт папулярнасці «Залатога коласа»?
Расказвае намеснік упраўляючага прадпрыемствам Наталля Андрэйчук:
– Вось ужо тры дзесяцігоддзі на адным і тым жа месцы, у гэтай жа краме пякуцца хлеб і хлеба-булачныя вырабы. Нават пры з’яўленні новага ўласніка вытворчасць захавалася. Зберагчы традыцыі – гэта важна. Амаль што ўся прадукцыя вырабляецца ўручную. Мы не перайшлі на смесі, у якія можна дабавіць вады і атрымаць гатовы прадукт, а працуем з сапраўднымі, жывымі прадуктамі. У калектыве 15 асноўных супрацоўнікаў на чале з упраўляючым Валянцінам Быковічам. Два кандытары з’яўляюцца галоўнымі творцамі. Дарэчы, з вялікім стажам работы.

Што датычыцца асартымента, то, вядома, ён мяняўся. За апошнюю палову года нават любімыя прадукты пінчукоў, якія мы ўжо называем класікай, – смятаннік, булачкі «Чайная», з павідлам – крыху змяніліся. Зразумела, у лепшы бок. Напрыклад, смятаннік цяпер заліўны, і 50 % прадукта – начынне.

Зберагчы традыцыі, але адпавядаць часу
Яшчэ адна прычына папулярнасці – адпаведнасці часу. Так-так, захоўваючы галоўныя традыцыі, патрэбна мяняцца і быць смачнымі.
У 2017 годзе мы зрабілі рэбрэндынг прадпрыемства. Змянілі лагатып, а з ім і шыльду, памянялі мэблю і ўвогуле інтэр’ер. Да таго ж пільна вывучаем густ нашых паважаных пакупнікоў. Калі нейкая страва ім не падабаецца, спрабуем прааналізаваць чаму, неяк змяніць прадукт. Калі і гэтыя меры не дапамагаюць, што бывае надзвычай рэдка, то замяняем яго. Тут – сапраўднае мастацтва гандлю, дзе немагчыма абысціся без любові да своёй прафесіі.
Гэта ўсё і стварае наш поспех.
Вы любіце грыбы?
Не, канешне, не тыя, што растуць у лесе, а з цеста. Наталля Вітальеўна гаворыць, што грыбы кандытарскія – адзін з самых любімых прадуктаў не толькі пінчукоў, але і турыстаў. Яны лепяцца ўручную. Кожная ножка скочваецца і злепліваецца з двух палоў, капялюшык глазуруецца какавай, пасыпаецца кандытарскай крошкай. Гэта сапраўдны працэс. І хто спрабаваў тут грыбочкі, гаворыць, што яны такія ж, як раней: смак дзяцінства і напамін пра вясковыя вяселлі. Менавіта на вяселле калісьці із абавязкова рабілі. Такія ж смачныя палоскі пясочныя, сочнік.
– Прадукцыйная паліца дзеліцца на здобную, слаёную, пясочную і весавую, – паведамляе падрабязнасці Наталля Андрэйчук. – Апошнім часам мы развіваем новы напрамак – сытную лінейку прадуктаў. З’явілася брускета. Гэта так званы пажыўны гарачы бутэрброд з сытнай асновай і рознымі начыннямі і смакамі. З’явіліся шанежкі і іншыя стравы.

Каравай
Можа, хто не ведае, што ў «Залатым коласе» пякуць караваі? Дык скажу, што тут здаўна можна заказаць святочны пірог: на вяселле, заручыны ці якое іншае мерапрыемства ці гулянку. Вось хіба толькі трох’ярусныя караваі ўжо не робяць, бо попыту няма на іх. Цяпер іх выконваюць па-іншаму, але такімі ж смачнымі.
Супрацоўніцтва, бук-кросінг, малюнкі
Яшчэ адна традыцыя «Залатога коласа» – супрацоўніцтва з ААТ «Север-Пинск», магазіны якога даўно ўпадабалі наборы булачак. Свежую выпечку рэгулярна атрымліваюць ранкам аб’екты гандлю.
Да таго ж, пэўна, усе ведаюць, што ў кафэ, размешчаны малюнкі і арганізаваны букросінг (кнігазварот) – сусветны грамадскі рух, заснаваны на прынцыпе «прачытаў – аддай другому». Людзі пакідаюць кнігі, каб іншыя маглі іх знайсці, прачытаць і перадаць далей. Малюнкі таксама папулярныя сярод дзятвы. Пакуль бацькі заказваюць стравы, дзеці працуюць алоўкамі. Час ад часу тут арганізуюць нават конкурс малюнку. Карацей, не засумуеш!
Кава з водарам гурка
Такую вы не паспрабуеце больш нідзе. Гурковы водар, сапраўды, надае напою незвычайны смак. Гэта асабліва адзначаюць турысты. Наталля Андрэйчук падкрэсліла, што госці Пінска шукаюць фірменную каву ў першую чаргу. А яшчэ яны вельмі ўпадабалі мясцовы «Снікерс» – пірожнае «Сластёна». Некаторыя пытаюць, што з’явілася новенькага. І сапраўды, у магазіне «Залаты колас» сёе-тое з’явілася: пірожныя «Муравейнік» і «Картошка», бісквітнае пячэнне з маскарпоне. Хутка можна будзе паспрабаваць эклеры.
Кацярына, навучэнка Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў:
– «Залаты колас» мне падабаецца. Вучуся тут недалёка, таму прыбягаю часта. У кафэ прыемная атмасфера, смачныя булкі і кава. Дзякуй усім.
Алена Жук
Фота аутара і прадастаўлена Наталляй Андрэйчук
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Любые рассказы, новости или сообщения мы принимаем через Telegram-бот PinskNews_bot.
Обсудить происшествия, поделиться мнением, получить совет или просто пообщаться с пинчанами можно в нашей Telegram-группе Pinsk Chat. Это место, где жители Пинска делятся новостями, помогают друг другу и обсуждают события города.
