7 C
Пинск
Среда, 24 апреля, 2024
Пiнскi Веснiк
Общество

Дранікі для турыстаў, або Дзе пачынаецца нацыянальная самасвядомасць

   Апошнім часам Беларусь пачынае выходзіць на турыстычныя гарызонты. Прываблівае да сябе спадарожнікаў архітэктурай, непаўторнай чысцінёй прыроды і традыцыйнай нацыянальнай стравай. Спытайце сёння паляка, рускага, прыбалта або немца, ці ведаюць яны такую краіну — Беларусь, і яны адразу назавуць страву «дранікі», якую, можа, і не елі ніколі, але добра ведаюць, што гэта датычыцца да беларускай нацыянальнай кухні. Сапраўды, аб’яднанне турызму і кухні можа зацікавіць спадарожнікаў і прыцягнуць іх ўвагу да любой краіны, у нашым выпадку — да Беларусі.

 З асаблівасцямі нацыянальнай кухні можна пазнаёміцца ў любым горадзе або мястэчку, у любым кафэ ці рэстаране. Так гэта на самой справе, ці ёсць у Пінску месцы, дзе падаюць нацыянальныя стравы, на свае вочы вырашыла даведацца карэспандэнт «ПВ». 

  Паглядзела ў меню амаль кожнага кафэ, клуба, рэстарана, якія ёсць на вуліцы Леніна і бліз яе. Менавіта тут, у старажытнай частцы горада, часцей за ўсё гуляюць госці і гаспадары Пінска. Даведалася, якімі стравамі нацыянальнай кухні могуць пачаставаць наведвальнікаў.



  Але спачатку, перад тым як шукаць адказ на гэтае пытанне, прапаную вызначыць, менавіта што ўяўляе сабой традыцыйная ежа беларусаў, на якія стравы трэба звяртаць увагу перш за ўсё. Па-першае, беларуская нацыянальная кухня адметна тым, што з’яўляецца адной з самых экалагічных. Нам непрымальныя фаст-фуды. Нашы продкі ежу варылі, парылі, тушылі, смажылі. Па-другое, на беларускую кухню значна паўплывалі стравы суседніх народаў — рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў і латышоў. Пра гэта сведчаць, напрыклад, агульныя назвы адных і тых жа страў, кулінарных вырабаў і напояў. Напрыклад, «крупнік» мае агульную назву ў беларусаў, палякаў і літоўцаў, а «зацірка» добра вядома ў рускай, літоўскай і ўкраінскай кухнях. Таму, калі ў пінскіх меню сустрэнем назву стравы «борщ», ён можа быць не толькі ўкраінскім.

  Пасля размовы з супрацоўнікамі кафэ «Таверна», «Левада», «Ахмад», кафэ-бара «ЗимаNлетто», клуба-рэстарана «Андре» і рэстарана-клуба «Франт» складаецца ўраджанне, што пінскія госці ўяўляюць сабе беларусаў, якія ядуць толькі бульбу. А адна з галоўных страў — дранікі. Дарэчы, гэтая страва папулярная і сярод пінчукоў. Напрыклад, у кафэ «ЗимаNлетто» заўважылі, што гэтую ежу заказваюць на кожны стол, незалежна ад нацыянальнасці кліента.


  Сапраўды, бульбы мы ўжываем шмат. На сённяшні дзень існуе больш за 600 страў з гэтага карняплоду. Цікава, што з’явілася бульба ў нашай краіне толькі ў XVIII ст. дзякуючы апошняму каралю Рэчы Паспалітай Станіславу Аўгусту Панятоўскаму. Дагэтуль продкі ахвотна елі бабы, моркву, буракі, бручку, шчаўе. У той час заморская агародніна падавалася да стала як дэлікатэс — часцей проста зваранай у лупінні. Гэта зараз яе вараць, смажаць, параць, пякуць, а яшчэ робяць з яе таркаванае цеста (надраная на тарцы сырая абабраная бульба), з якога потым гатуюць, напрыклад, дранікі, бабку, калдуны, клёцкі, галушкі.

  Дарэчы, дранікі ёсць у кожным меню вышэйназваных кафэ і рэстаранаў. Бульбу долькамі або «пюрэ», мне здаецца, можна знайсці ўсюды, асобная размова, з чым яе пададуць і ці атрымаецца з гэтага наша нацыянальная страва. Напрыклад, кафэ «Залаты колас», вядомае шыкоўным печывам, падае сваім кліентам бульбу, але на амерыканскі манер — «картофель фри».

 
 На другім месцы па значнасці ежы для нашых продкаў стаяла «малочка»: малако, смятана, тварог, сыр. Гэтыя стравы нават з цягам часу не страцілі ні свой знешні выгляд, ні ролю ў нашым харчаванні. Турысты могуць паспрабаваць смятану як асобны прадукт, разам з дранікамі, якія падаюць таксама ў кожным вышэйназваным кафэ і рэстаране. Да іх, напрыклад, у «Таверне» пададуць яшчэ грыбы або смажаную цыбулю, у «ЗимаNлетто» — свініну або курыцу, у «Леваде» гатуюць дранікі з дамашняй каўбасой у гаршочку.

  Дарэчы, мяса, найбольш ужывальнае для беларусаў, — свіное, затым бараніна, радзей выкарыстоўвалі мяса буйной рагатай жывёлы і хатняй птушкі. У паўсядзённым харчаванні мяса служыла толькі «прыправай» да агародніны і крупяных страў. Сёння мы больш ужываем самастойных мясных страў, мабыць такіх, якія раней гатаваліся толькі на вялікае свята або вяселле. І гэтая патрэба часу добра адлюстравана ў меню. Напрыклад, катлета «Несвіж» («Ахмад», «ЗимаNлетто»), «жаркое по-домашнему» і «рулетики по-мински» («Таверна»), «солянка сборная мясная» («Левада», «Ахмад», «Андре»), «сковородочка «Сялянская» («Левада»), «колбаски по-домашнему» (ЗимаNлетто).



  У кафэ «Левада» і рэстаранах «Франт», «Андре» можна нават пакаштаваць сала разам з «чесночными гренками».

Мноства страў гатавалі нашы продкі з агародніны: халаднік, капусту квашаную, грыжанку (з бручкі). У вялікай пашане былі грыбы — свежыя, сушоныя, салёныя. «Ассорти из соленых грибов» можна паспрабаваць у рэстаране «Франт». Такую страву як «халаднік» падаюць толькі ў «Таверне» і «Ахмад». Ёсць у меню і «экзатычныя» назвы: «жаренка», «кашанка с луком» («Таверна»), «крученики» і «скарбонка» («Андре»). Супрацоўнікі кафэ «Таверна» пайшлі далей і прапануюць сваім гасцям блюда ад шэф-повара «палескі пачастунак» як страву менавіта палескай мясцовасці. А яшчэ ў іх маленькім прудзіку можна самастойна злавіць карпа, і повар яго абавязкова для вас прыгатуе. Раней ўсе саслоўі шырока выкарыстоўвалі рыбу, асабліва ў час пастоў. Таму такі цікавы ход таксама можна залічыць да нацыянальнай кухні.

  Падчас вывучэння асаблівасцяў беларускіх нацыяльных страў знайшла ежу з таркаванай бульбы — «бульбяная каўбаса» (у таркаваную бульбу дабаўлялі крышку мукі, солі, цыбулі, дробна накрышанага сала, перчыка. Потым гэтым начынялі кішку і абварвалі ў вадзе. Пасля на змазаную тлушчам патэльню выкладвалі бульбяную каўбасу і ставілі ў печ). На жаль, не толькі такога, але і падобнага блюда я ў «вывучаемых» кафэ і рэстаранах не знайшла. Можа, на яе няма попыту? Бо лепш за ўсё есці такую страву гарачай: калі бульбяная каўбаса астывае, яна становіцца не такой смачнай.

  З шасці вышэйназваных кафэ і рэстаранаў, бадай, самы разнастайны выбар беларускіх нацыянальных страў прадстаўлены ў кафэ «Таверна», затым «Левада». Нават кафэ «Ахмад», назва якога напісана на ўсходні манер, мае ў сваім меню беларускія нацыянальныя стравы. Але ж, на жаль, на вуліцы Леніна ёсць кафэ, дзе няма нават распаўсюджаных дранікаў… Шкада, бо, на мой погляд, беларуская кухня павінна не проста існаваць, а актыўна ўдзельнічаць у развіцці турызма.

  Ася ЦЯРЛЕЦКАЯ

Оставить комментарий

Похожие новости

Противоправные действия в отношении сотрудников органов принудительного исполнения не останутся без внимания

pv

В Минтруда рассказали, какие изменения планируются в законе об охране труда в 2025 году

pv

Всебелорусское народное собрание проходит 24-25 апреля во Дворце Республики

pv
ТГ канал