10.6 C
Пинск
Четверг, 28 марта, 2024
Пiнскi Веснiк
Культура

Мінскі тэатр на палескай сцэне

  Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прадставіў класіку «Адвечная песня» як фольк-оперу. У спектаклі прыняла ўдзел народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель, якую гледачы ведаюць па ролі ў трылогіі «Палеская хроніка» беларускага кінарэжысёра Віктара Турава. Гэта абудзіла ў яе прыемныя ўспаміны.


  — Таццяна Рыгораўна, у 1984 годзе вам прысуджана званне заслужанай артысткі Беларусі. Гэта менавіта дзякуючы ўдзелу ў «Палескай хроніцы»?

  — Не думаю, што толькі за адзін фільм. Гэта так супала, што званне было прысвоена ў тым жа годзе, калі выйшаў апошні фільм трылогіі. Ён на Палессі як раз і здымаўся. Тады я прыляцела ў Пінск на самалёце. Гэты горад вельмі ўтульны, а людзі тут цудоўныя! А вось, ведаеце, мы здымалі другую ці трэцюю частку ў Моталі, а пасля гэтага пазнаёмілася я з рэжысёрам кінакарціны «Белае сонца пустыні». А ў яго ж прозвішча Матыль! Дык і кажу яму, што ёсць у нас вёска з назвай, падобнай на яго прозвішча. Здзівіўся — бывае ж і такое! Да таго ж ён і сам беларус — з Лепеля. Увогуле, куды ні глянь, усюды шмат людзей з беларускімі каранямі.

  — За сваё творчае жыццё вы сыгралі шмат роляў. Якая з іх самая значная?

  — Я вам скажу, што яны, як дзеці, усе родныя. Напрыклад, гэты спектакль у нас любяць усе. Калі ён заканчваецца, артысты, адчуваюць сябе ўзнёслымі — калі герой у канцы гаворыць: «Я буду, бо я чалавек». Стаіш, спяваеш гэтыя словы і думаеш, думаеш… «Адвечная песня» Янкі Купалы адлюстроўвае кругаварот прыроды, чалавечага жыцця — ад нараджэння да смерці. Усё па колу. Час няспынны, і з гэтым патрэбна змірыцца.


  — А як вы вырашылі да нас завітаць?

  — Ой! Ды лёгка. Нават незважаючы на тое, што ехаць далекавата. Вырашылі — і прыехалі! А ў якасці ўзнагароды атрымалі задавальненне ад сустрэчы з пінскімі гледачамі.

  — Таццяна Рыгораўна, год таму вы былі ў складзе журы на фестывалі нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску. Вы падтрымліваеце маладыя тэатры, у тым ліку і наш, Палескі драматычны?

  — Я заўсёды падтрымліваю маладыя тэатры. На гэтым фестывалі старшынёй журы была Таццяна Дзмітрыеўна Арлова, а гэта самы паважаны і бескампрамісны театральны крытык нашай краіны. І яна першая падтрымала «Пінскую шляхту». Я вам скажу, што пастаноўка шыкарная. І акторы малайцы! Бачылі мы спектакль тэатра Маякоўскага з Масквы, а першы прыз аддалі тэатру з Пінска. Усё таму, што ў «Пінскай шляхце» былі беларускія і боль, і гумар, і праўда… Увогуле, з усіх бакоў цудоўны спектакль. Калі не памыляюся, то сёлета ён намінуецца на Нацыянальную тэатральную прэмію. Гэта ўжо паказчык добрага густу.


  — Палескі драматычны тэатр будзе прадстаўляць «Пінскую шляхту» на сцэне Купалаўскага тэатра, у якога ёсць свая пастаноўка класікі. Як вы думаеце, гэта не стане пэўным процістаяннем двух рэжысёраў?

  — Канешне, не. Нічога такога не будзе. Вы ж разумееце, што ў кожнага сваё бачанне, сваё прачытанне арыгінальнага тэкста. І я думаю, калі купалаўцы пагля-дзяць ваш спектакль, то зразумеюць, што і інтэрпрэтацыя Баркоўскага дастойная па сваёй якасці.

  Адным спектаклем госці не абышліся. Пасля яго заканчэння адбылася сустрэча актораў з навучэнцамі каледжа мастацтваў, якія прыйшлі паглядзець на пастаноўку сталічнага тэатра. Будучыя работнікі культуры цікавіліся ў прафесіяналаў, як яны спраўляюцца з хваляваннем, і пачулі ў адказ: для гэтага яны на сцэне выкарыстоўваюць самыя розныя эмоцыі.

   Заўважылі гледачы і тое, што на пачатку спектакля ўзніклі тэхнічныя перашкоды з мікрафонам, які ў гэты час быў у народнай артысткі.

  — Ведаеце, хацелася проста ўзяць і закінуць куды-небудзь гэты мікрафон. Але ж патрэбна было не выходзіць з ролі, таму давялося спраўляцца і з тым жа хваляваннем, і з перашкодамі прама на сцэне.


  Дарэчы, у галоўнай ролі выступіў заслужаны артыст Беларусі Ігар Сігоў (на здымку), вядомы сваімі ролямі ў кінакарцінах «Каменская» і «У чэрвені 41-га». Напрыканцы артысты Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі выказалі сваё захапленне тым, як іх сустрэлі гледачы ў Пінску.

  А завяршыліся вераснёўскія сустрэчы на пінскіх падмостках таксама беларускай класікай — адноўленым спектаклем Палескага драмтэатра «Раскіданае гняздо».

  Ірына ДЗЕНІСОВІЧ


  Фота Вячаслава ІЛЬЯНКОВА


 

Оставить комментарий

Похожие новости

Корреспондент газеты «Пiнскi веснiк» побывала на репетиции кавер-группы «Другой ритм»

pv

Оркестр духовой и эстрадной музыки приглашает на сольные концерты

pv

Логишинская библиотека – Сюда спешат, чтобы прикоснуться к бесценному богатству – книге

pv
ТГ канал