У Пінску прайшла вечарына, прысвечаная 75-годдзю з дня нараджэння А.Дуброўскага

Культура

«Я вярнуся сюды, дзе туманы і росы…»

Ёсць людзі, якія пакідаюць памяць пра сябе не на гады, а на стагоддзі. Наш аповед пра Аляксея Дуброўскага — вядомага пінскага краязнаўца, эколага, экскурсавода, вандроўніка, журналіста і фатографа. Пра чалавека добрай душы і чыстага сумлення, глыбокай прыстойнасці і інтэлігентнасці. 


Вялікі патрыёт, чалавек, адданы сваёй малой радзіме, чый краязнаўчы прыклад стаў узорам для пераймання, сёлета адзначыў бы сваё 75-годзе. У раённай бібліятэцы імя Яўгеніі Янішчыц на вечары памяці Аляксея Мікалаевіча, які ўнёс бясцэнны ўклад у вывучэнне і захаванне Беларускага Палесся, сабраліся яго жонка, сваякі, сябры, калегі-меліяратары, экскурсаводы, журналісты і паслядоўнікі. Спецыяльна з Украіны прыехаў святар Павел. Ён у свой час пазнаёміўся з Аляксеем Дуброўскім і таксама захапіўся краязнаўствам, якое аб’ядноўвае людзей розных палітычных поглядаў, узростаў, прафесій, захопленых адной агульнай справай — вывучэннем роднага краю.


Для Аляксея Мікалаевіча ў паняцці «краязнаўства» быў заключаны больш глыбокі сэнс, чым можа здацца на першы погляд. Апроч усяго іншага, гэта гісторыка-сацыяльная самаідэнтыфікацыя асобы, якая адказвае на пытанні: хто я? адкуль? чаму я такі? чаму я тут? куды я іду і з кім? што і для чаго захаваў ад продкаў і што пакіну пасля сябе нашчадкам? Гэта своеасаблівы голас генетычнай памяці, які добра чуў Аляксей Мікалаевіч. 


Ён сабраў вялікую колькасць дакументальных фота- і відэаматэрыялаў. Фільм «Колькі каштуе прыгажосць» быў адзначаны першай прэміяй на конкурсе аматарскіх фільмаў у Брэсце. Трэцяй прэміяй адзначаны фільм «Па Залатым коле Беларусі».


Аляксей Дуброўскі шмат падарожнічаў. Пераадольваючы на ровары ў сярэднім у дзень каля 100 кіламетраў, рыхтуючы ежу на вогнішчы і начуючы ў палатцы, ён аб’ехаў амаль усё Палессе, а з жонкай Верай здзейсніў падарожжа маршрутам Пінск-Брэст-Бяла-Падляска-Варшава-Торун-Мальбарк-Гданьск-Сопат-Ольштын-Беласток-Брэст-Пінск, а таксама Пінск-Адэса. Наведваў Чэнстахова, Асвенцым, гарадок Пётркуў-Трыбунальскі, дзе каралі падпісвалі дакументы, якія тычыліся пінскай шляхты.


Аляксей Дуброўскі займаў актыўную грамадскую пазіцыю. Вельмі шмат зрабіў для нашага горада. Менавіта ён даў назву Верасы аднаму з мікрараёнаў Пінска. У 1990-1999 гадах быў дэпутатам Пінскага гарсавета. Менавіта па яго праекце быў практычна адноўлены дрэнаж падмурка палаца Бутрымовіча, што дазволіла выратаваць архітэктурную каштоўнасць. Сабраныя і апрацаваныя ім веды аб родным краі становяцца бессмяротнымі, так як з’яўляюцца акумуліруючай базай многіх часам нязначных па аб’ёме, але даволі ёмістых па змесце звестак, рассыпаных да таго па неаглядных прасторах Палесся. 


Багацце кніг, газетныя публікацыі, шмат выкананых каліграфічным почыркам выпісак з архіўных дакументаў, звестак, тэматычна падабраныя ілюстрацыі, запісы ў шляхавых нататніках і сшытках, варыянты тэкстаў будучых кніг — такую спадчыну пакінуў пасля сябе гэты выдатны чалавек.


Ляцяць дні, гады, як няма з намі гэтага добразычлівага чалавека. Ён быў сапраўдным генератарам ідэй, да многіх з якіх варта было б прыслухацца зараз, асабліва тым, хто хоча і можа зрабіць наш горад лепшым. Так і павінна быць.


У нашых сэрцах і памяці Аляксей Дуброўскі — назаўжды.


Алена ДАБРАВОЛЬСКАЯ

Фота Уладзіміра МЕЛЯШЭНКІ


Даведка «ПВ»:

Аляксей Мікалаевіч Дуброўскі (1943-2011) — краязнаўца, эколаг, фатограф, журналіст. Нарадзіўся 2 студзеня 1945 года ў вёсцы Зачысце Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. Выпускнік школы паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на біялагічны факультэт, пасля заканчэння якога разам з жонкай Верай адправіўся настаўнічаць у сельскую школу на Магілёўшчыну. Працаваў навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага парку «Белавежская пушча».


З 1970 года
— супрацоўнік Пінскага праектнага інстытута меліярацыі «Палессегіправадгас». У 1983 годзе прызначаны галоўным спецыялістам інстытута па ахове прыроды. З яго ўдзелам або па яго ініцыятыве было абследавана 62 тысячы гектараў запаведнай тэрыторыі. Аляксей Мікалаевіч рэалізаваў свае планы па вывучэнню і захаванню ўнікальнай прыроды Палесся. У інстытуце стварыў археалагічны музей. Вывучаў стварэнне біялагічнага заказніка «Спораўскі», гідралагічнага заказніка «Падвялікі мох», заказнікаў «Ізін» і «Выдранка».

З 1986 года ў розных часопісах і газетах былі апублікаваны сотні артыкулаў аб прыродзе, гісторыі і праблемах Палесся. У 2003-м выйшла ў свет кніга А.Дуброўскага «Палігон»  зборнік артыкулаў, напісаных за 25 гадоў.


У 1997 годзе прайшоў дзяржаўную атэстацыю ў Нацыянальным агенцтве па турызме і атрымаў пасведчанне экскурсавода. Дзякуючы Аляксею Мікалаевічу з’явіліся турыстычныя маршруты Пінск-Тураў, Пінск-Кудрычы. Створана экалагічная сцежка ў вёсцы Кудрычы.


У 2001 годзе адбылася яго першая фотавыстава «Ляснымі сцежкамі Палесся». У 2005-м выйшаў у свет фотаальбом Дуброўскага «Край пад белымі крыламі» пра Беларускае і Украінскае Палессе. 



З 2004 года працаваў фотакарэспандэнтам газеты «Живая во
да» і супрацоўнічаў з іншымі беларускімі і польскімі выданнямі.


Апошняя фотавыстава «Родная зямля» адбылася ў кастрычніку 2009-га у Музеі Беларускага Палесся.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *