8.3 C
Пинск
Четверг, 28 марта, 2024
Пiнскi Веснiк
Культура

У Музеі Беларускага Палесся адкрылася выстава іканапісу

  Чарговы раз Музей Беларускага Палесся прымае выставу работ удзельнікаў міжнародных майстар-класаў сучаснага іканапісу ў Навіцах.

 У гэтым невялікім польскім пасяленні ў Падкарпацкім ваяводстве традыцыйна адбываюцца сустрэчы мастакоў, якія чэрпаюць натхненне ад нябеснага вытоку, каб данесці праз сваю творчасць біблейскую гісторыю і каштоўнасці хрысціянства. Што атрымліваецца ў выніку, можна ўбачыць у розных краінах, у тым ліку і Беларусі, прадстаўленай сваімі майстрамі на пленэрах. На гэты раз выстава ў Пінску мае назву «Абожанае цела».


Дыптых Аляксея ДОЎНАРА (Беларусь)

  Вядома, хрысціянскае мастацтва ў цэнтр сваіх інтарэсаў ставіць Уцелаўленне – перадачу ідэі нябачнага і спрадвечнага Бога, не выкарыстоўваючы рэалістычнае адлюстраванне рэчаіснасці, але вядучы пошук святых сэнсаў. Іканаграфічныя сюжэты, акрамя кананічна-царкоўнага маюць і філасофска-мастацкі характар. Мабыць, самай незвычайнай працай на выставе з’яўляецца дыптых беларускага мастака Аляксея Доўнара «Хрыстос» і «Маці Божая». Для адных гэта дзве «гітары». Іншыя, больш дасведчаныя, заўважаць музычныя інструменты, на якіх апяваў Бога ў сваіх псалмах цар Давід, звярнуць увагу на сілуэты рыб, пляценне вінаграднай лазы – найстаражытныя сімвалы хрысціянства. І так адкрываецца шматгранная пабудова хрысціянскага сусвету.


Удзельнiца плэнера Ярына МОЎЧАН (Польша)

 Увогуле прапанаваныя тэматычныя мастацкія працы нагадваюць пра старазапаветнае грэхападзенне чалавека, праводзяць нас праз абожанае цела, Праабражэнне, ахвяру і ўваскрэсенне Хрыста. Святое Дабравесце паводле Яна сведчыць: «Слова стала плоццю і ўсялілася ў нас, поўнае мілаты і праўды» (1:14). Аднак нам зараз здаецца, што маральнае супрацьстаянне света і цемры, белага і чорнага дасягнула амаль свайго апагея. І чалавек – у цэнтры гэтай супярэчлівасці.





 А пакуль мы знаходзімся ў карціннай галерэі музея. Па перыметры размясцілася каля сарака вобразаў, выкананых з пасланнямі паўнаты ўвасаблення божага промыслу і з’явы Збавіцеля, што прыйдзе ў славе.



  Як адзначыла на адкрыцці выставы начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі гарвыканкама Валянціна Кулак, такія сустрэчы з узнёслым мастацтвам нагадваюць пра духоўнае, заклікаюць больш шанаваць дары жыцця. Гэта мае асаблівае значэнне ў год, калі на Беларусі адзначаецца Год малой радзімы.



  Экспазіцыйны праект быў арганізаваны разам з Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча ў Брэсце і Польскім Інстытутам у Мінску. На вернісажы пінчукой вітаў Генеральны консул Петр Казакевіч.

  Сучаснае сакральнае мастацтва спрыяе ўмацаванню рэлігійнай талерантнасці і дыялогу культур.

Выстава, якую варта паглядзець, нават калі вы не з усім убачаным згадзіцеся, будзе знаходіцца ў Пінску да восьмага ліпеня.

  Вячаслаў ІЛЬЯНКОЎ
  Фота аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости

Логишинская библиотека – Сюда спешат, чтобы прикоснуться к бесценному богатству – книге

pv

Юные таланты сорвали бурные овации – юбилейный, 30-й по счету концерт «Новые имена» состоялся в Пинске

pv

Народному хору полесской песни исполнилось 70 лет

pv
ТГ канал