10.6 C
Пинск
Пятница, 29 марта, 2024
Пiнскi Веснiк
Культура

У Іванаве адбылася творчая сустрэча пісьменнікаў, паэтаў і аматараў літаратуры

  Мерапрыемства прайшло ў рамках літаратурнага праекта Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі «Фарбы Берасцейшчыны».

  – У рамках гэтага праекта мы звычайна запрашалі пісьменнікаў з глыбі-нак у Брэст, дзе яны выступалі, дзяліліся сваёй творчасцю, – расказвае старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Таццяна Анатольеўна Дземідовіч. – У дадзеным выпадку яны прыехалі ў Іванава, бо ўсё тут рыхтуецца да свята – Дня беларускага пісьменства. Таму вырашылі загадзя пазнаёміцца з горадам, пазнаёміць іванаўцаў з творчасцю пісьменнікаў Брэстчыны.

  На сустрэчу Таццяна Дземідовіч запрасіла ажно дзевяць літаратараў абласнога аддзялення. Прыйшлі на сустрэчу і мясцовыя аматары высокага слова. Вітала гасцей старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Паўлаўна Дарагакупец.

  Таццяна Дземідовіч пазнаёміла ўдзельнікаў мепрапрыемства з кнігамі, якія былі выдадзены абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў у мінулым годзе. Сёлета, па яе словах, Нацыянальная літаратурная прэмія прадстаўлена рэкорднай колькасцю кніг – дзевяць – у розных намінацыях. Пра многія з іх ішла гутарка падчас сустрэчы. Уручэнне прэмій адбудзецца ў Іванаве ў рамках святкавання Дня беларускага пісьменства.

  Таццяна Дземідовіч расказала таксама пра праекты, прысвечаныя Году малой радзімы.

  – Сёлета ў нас было шмат цікавых мерапрыемстваў. Праведзены конкурс «Маладая літаратурная крытыка». Студэнты Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта разглядалі творы пісьменнікаў нашай суполкі і пісалі водгукі. Упершыню адбылося мерапрыемства «Зорны спеў». Гэта конкурс маладых чытальнікаў, якія знаёмілі слухачоў з вершамі паэтаў Берасцейшчыны.

  Адзначым, што і гэтая сустрэча ў Іванаве прысвячалася малой радзіме.  На ёй прысутнічалі А.С. Скакун, вядомы на ўсю краіну аграрый, празаік, М.В. Панасюк, публіцыст,  які таксама быў ля вытокаў «Ясельды» і свае творы прысвяціў першаму касманаўту П.І.Клімуку, М.І. Ляшук, кіраўнік клуба літаратараў «Пінчукі», А.Р. Бензярук, вядомы жабінкаўскі краязнаўца, журналіст, Т.В. Канапацкая, краязнаўца, журналіст, А.І. Мазько, паэт з Лунінца, А.І. Дзенісейка, іванаўскі літаратар, і Л.М. Красеўская, паэтка. Так прадставіла брэсцкіх пісьменнікаў Таццяна Дземідовіч.



  А далей – размова пра кнігі. «Саламяны дом» Т. Дземідовіч, «Ключ от елочного сундука» і «Разламачкі майстра Люфта» К. Мядзведзевай, “И тогда спроси свою печаль» А. Валковіча, «Лунінецкая памяць» Т. Канапацкай, «Хуліган» А. Крэйдзіча, «Лірычны поўдзень» Р. Бензерука і іншыя, якія пабачылі свет у мінулым годзе. Пра некаторыя коратка распавядала сама Таццяна Дземідовіч, некаторыя прадстаўлялі аўтары. Але, як сказала Любоў  Красеўская, намеснік старшыні Брэсцкага аддзялення СП Баларусі, кнігі трэба чытаць, а не расказваць пра іх. Такога ж меркавання прытрымліваліся ўсе, бо размова больш ішла пра любоў да малой радзімы, пра таленавітых калег, пра свой лёс, пра іванаўскую зямлю, пра тое, адкуль бярэцца матэрыял для кніг… Наконт апошняга вельмі дакладна сказаў паэт Андрэй Мазько: «Усё, пра што пішаш, бярэцца з жыцця». Сапраўды, па расказах літаратараў, нехта браў гістарычныя звесткі, нехта запісваў успаміны і перажыванні, а хто пісаў сучасную гісторыю сваёй зямлі.

  Дзве гадзіны размовы прайшлі вельмі хутка і лёгка. Гэта заўважыла А.П. Дарагакупец у завяршэнні мерапрыемства:

  – Вы дазволілі перайсці на іншую хвалю. Дзякуючы многім, хто сёння за гэтым сталом, хто прысутнічае на гэтай сустрэчы, свята беларускага пісьменства ў Іванаве стане літаратурным святам краіны.

  Падзякавала ўсім за сустрэчу таксама А.І. Данількевіч, дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Ф. Панфёрава.

  Творчая сустрэча «Пісьменнікі Берасцейшчыны» скончылася, а размова – не. Пасля агульнага фотаздымка каля бібліятэкі госці абмяркоўвалі паміж сабой будучы Дзень пісьменства, падрыхтоўку горада да свята. А потым звярнулі на абноўленую вуліцу 17 Верасня, цяпер ужо пешаходную…

  Яніна ГАРАДЗЕЦКАЯ
   Фота аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости

Корреспондент газеты «Пiнскi веснiк» побывала на репетиции кавер-группы «Другой ритм»

pv

Оркестр духовой и эстрадной музыки приглашает на сольные концерты

pv

Логишинская библиотека – Сюда спешат, чтобы прикоснуться к бесценному богатству – книге

pv
ТГ канал