Для навучэнцаў аграрна-тэхнічнага каледжа імя А.Я.Кляшчова была праведзена незвычайная куратарская гадзіна. Да іх у госці завітаў каваль-рамеснік Аляксей Наздрын.
А наведаўся ён, каб правесці для моладзі лекцыю пра сярэднявечную зброю. А.Наздрын ужо не першы раз прадстаўляе для пінчукоў вынікі сваёй творчасці – рэплікі (копіі) рыцарскіх даспехаў і зброі. У каледжы Аляксей паказаў узбраенне пачынаючы з ІХ-Х стагоддзяў, таму што менавіта да гэтага перыяду належаць першыя знаходкі зброі на Піншчыне. Самымі «маладымі» элементамі ўзбраення былі шлемы, у якіх, магчыма, змагаліся рыцары беларускіх зямель у Грунвальдскай бітве.
Акрамя дэманстрацыі ўзбраення, Аляксей падмацоўваў усё гістарычнымі звесткамі аб сярэднявеччы і сваімі ведамі пра ўзбраенне рыцарства. Да таго ж ён плануе папоўніць сваю калекцыю элементамі даспехаў XVI – XVII стагоддзяў.
Для А.Наздрына гэта сустрэча не толькі магчымасць паказаць і распавесці пра сваё захапленне, але і добрая нагода нагадаць моладзі пра нашых доблесных продкаў-палешукоў.
Напрыканцы юнакі прымерылі на сябе рыцарскія даспехі. Дарэчы, аказалася, што насіць такое ўзбраенне справа далёка не лёгкая, а рыцары яшчэ і змагаліся ў ім.
Гэта не апошняя лекцыя Аляксея пра ўзбраенне, над рэплікамі якога працуе каваль. Спадзяемся, што ў хуткім часе зможам назіраць новыя экспанаты ў калекцыі майстра.
Ірына ДЗЕНІСОВІЧ
Фота Ганны ВЯРЭНІЧ