9.6 C
Пинск
Четверг, 25 апреля, 2024
Пiнскi Веснiк
Культура

Паэт, валанцер, зоаахоўнік і кінолаг сустрэліся з дзяцьмі ў межах праекта “Жывая бібліятэка”

  Вы, мабыць, не раз чулі выказванне, што чалавек –  гэта адкрытая кніга. Сімвалічна, што менавіта бібліятэка вырашыла пацвердзіць гэтыя словы. У інфармацыйна-культурным цэнтры «Максімум» цэнтральнай гарадской бібліятэкі ўпершыню ў горадзе правялі «жывую бібліятэку».

  Першай «жывой кнігай» стаў паэт Анатоль Шушко.  Ён распавядаў,  як упершыню ў чацвёртым класе напісаў верш, як упершыню пачаў друкавацца. Пазабаўляла чытачоў гісторыя пра тое, як дзяўчаткі чацвёртых-пятых класаў, пасля таго як пазнаёміліся з яго вершамі, пачалі пісаць яму лісты. Ды толькі тады ўжо дарослы дзесяцікласнік Толя не хацеў перапісвацца з «дзяўчатамі-малятамі».

  Запрасілі да юных чытачоў таксама Ірыну Чэраўко. Яна з’яўляецца старшынёй Пінскага гарадскога дабрачыннага грамадскага аб’яднання «Ахова жывёл». І.Чэраўко пагутарыла з моладдзю пра тое, што бяспека жывёл залежыць толькі ад саміх людзей. Дарэчы, у Ірыны Дзмітрыеўны ёсць пісьмо з аўтографам аўтара сагі пра Гары Потэра Джоан Роулінг.


  Давялося «пачытаць» яшчэ і вядомага валанцёра Максіма Янковіча. Дарэчы, сваю валанцёрскую дзейнасць, на якую ідзе амаль увесь вольны час, Максім сумяшчае з працай на заводзе. Юныя чытачы, пасля таго як пазнаёміліся з гэтай «кнігай», захацелі паспрабаваць сябе ў яе «жанры».

  Чацвёртай «жывой кнігай» былі лепшы кінолаг Пінскага пагранатрада старэйшы інспектар пагранічнага паста «Невель» Ігар Сувораў і службова-вышуковая бельгійская аўчарка Жаста. Ігар Аляксандравіч расказаў моладзі, па якому прынцыпу трэніруюцца вайсковыя сабакі, якія пароды ёсць у пагранатрадзе. А напрыканцы яны разам з Жастай прадэманстравалі некалькі каманд.


 Мерапрыемства прайшло на «ура». Пачытаць «жывыя кнігі» прыйшлі дзевяцікласнікі сярэдняй школы № 10 з настаўніцай Таццянай Гарагляд і ваенна-патрыятычны клас гімназіі № 2 з псіхолагам Ганнай Свірыдэнка. Юныя чытачы былі ў захапленні ад такіх «кніг». Падтрымалі праект у якасці першых чытачоў і супрацоўнікі газеты «Пінскі веснік».

  Спадзяемся, што ў будучым гэтае мерапрыемства стане традыцыйным і мы зможам «прачытаць» яшчэ шмат цікавых пінчукоў.


  Ірына ДЗЕНІСОВІЧ
   Фота Вячаслава ІЛЬЯНКОВА

Оставить комментарий

Похожие новости

Пинск: волшебство искусства в сердце истории

pv

Мировые рок-хиты в исполнении концертного оркестра духовой и эстрадной музыки под управлением Михаила Агиевича

pv

“Парохонская ГДШИ: Участие в программе “В будущее с надеждой” – перспективы развития талантливых детей”

pv
ТГ канал