9.6 C
Пинск
Четверг, 25 апреля, 2024
Пiнскi Веснiк
Культура

Гарадскія мерапрыемствы да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

  Пачатак айчыннага, а таксама ўсходне-славянскага кнігадрукавання вядомы — 6 жніўня 1517 года, калі Фрацыск Скарына з Полацку закончыў працу над «Псалтыром» у перакладзе на старажытнабеларускую мову. Дакладней, ён сам пазначыў гэты дзень у канцы тэкста. У далейшым Скарына выпусціў у свет кнігі Бібліі і царкоўныя творы, упрыгожваў іх гравюрамі, суправаджаў аўтарскімі прадмовамі і пасляслоўямі.

  У сувязі з выключнай значнасцю спадчыны першадрукара для нацыянальнай, а таксама агульнаславянскай і ў цэлым еўрапейскай культуры на дзяржаўным узроўні запланавана насычаная праграма святкавання юбілею, у тым ліку правядзенне традыцыйнага вераснёўскага Дня беларускага пісьменства. Да памятнай гадавіны поступова ажыццяўляецца агульнанацыянальны праект па выпуску факсіміле поўнага збору кніг Скарыны. «Ён — наш выток, гонар, вера», — пішуць пра славутага на ўвесь свет беларускага першадрукара, перакладчыка і асветніка мастацтвазнаўцы, гісторыкі, паэты і  празаікі. Што як не бібліятэка дапаможа чытачу знайсці той самы цікавы для яго твор, у якім ён зможа даведацца як мага больш для сябе?! 

  У рамках святкавання знакавых падзей у бібліятэках Пінска арганізаваны разна-планавыя мерапрыемствы. Так, напрыклад, з пачатку жніўня ў чытальнай зале гарадской цэнтральнай бібліятэкі адкрыецца разгорнутая кніжная выстава «Старонак друкаваных дзіўны свет». Першы раздзел прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, гісторыі станаўлення беларускага пісьменства. Асобны блок — творы Ф.Скарыны, а таксама матэрыялы аб яго жыцці і дзейнасці. Другі раздзел «З моўнага набытку класікаў беларускай літаратуры» прысвечаны юбілярам года: 135-годдзю з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа і 100-годдзю П.Панчанкі і Я.Брыля. І трэцяя частка выставы «Берасцейскія пісьменнікі-юбіляры. 2017» — кнігі-навінкі мастацкай літаратуры і выданні нашых землякоў. 

  У сектары інфармацыі гарадской цэнтральнай бібліятэкі пачне сваю дзейнасць выстава-прапанова «Вяртанне да мовы сэрца». Будуць прадстаўлены энцыклапедыі, слоўнікі, бібліяграфічныя дапаможнікі і іншыя матэрыялы, якія адлюстроўваюць беларускую мову ва ўсіх яе праявах: паходжанне, граматыку, арфаграфію, разнастайнасць дыялектаў і народных гаворак, акрэсліваюць моўную палітыку нашай дзяржавы і распавядаюць пра гісторыю беларускага мовазнаўства і працу вядомых беларускіх мова-знаўцаў па адраджэнні і развіцці беларускай мовы. У бібліятэцы-філіяле № 7 рыхтуецца выстава рэдкіх і адначасова вядомых беларускамоўных выданняў з кнігасбора чытача бібліятэкі Вячаслава Ільянкова.

  Да знамянальных дат прымеркавана літаратурна-музычная кампазіцыя «Гучы, родная мова!» (гарадская цэнтральная бібліятэка). У ходзе мерапрыемства чытачы бібліятэкі і госці пазнаёмяцца з традыцыяй святкавання Дня беларускага пісьменства. Будуць гучаць вершы класікаў нацыянальнай літаратуры і музычныя кампазіцыі, якія апяваюць роднае слова.

  Постаць Францыска Скарыны займае адно з ганаровых месцаў сярод дзеячаў эпохі Адраджэння і Рэфармацыі ў Беларусі. Ён увайшоў у гісторыю нашай краіны не толькі як асветнік і гуманіст, але як пісьменнік і мастак, медык, батанік, астраном. Дарэчы, Скарына стаяў ля вытокаў беларускай бібліяграфіі. Сэнс сваёй дзейнасці «сын з Полоцка» бачыў у служэнні народу. Усходне-славянскі, але ў першую чаргу беларускі  першадрукар і мысліцель імкнуўся далучыць суайчыннікаў да набыткаў агульначалавечых каштоўнасцей і рабіў гэта праз кнігі. У гонар гэтай асобы ладзяцца вечарына «Невядомы вядомы Скарына» (гарадская цэнтральная бібліятэка) і гульня-віктарына «Францыск Скарына і яго час» (гарадская дзіцячая бібліятэка імя Якуба Коласа).

  Запрашаем усіх, хто цікавіцца гісторыяй і літаратурай сваёй краіны, наведаць бібліятэкі горада.

  Дзіна ЛАГОДЗІЧ,
   дырэктар гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы

Оставить комментарий

Похожие новости

Пинск: волшебство искусства в сердце истории

pv

Мировые рок-хиты в исполнении концертного оркестра духовой и эстрадной музыки под управлением Михаила Агиевича

pv

“Парохонская ГДШИ: Участие в программе “В будущее с надеждой” – перспективы развития талантливых детей”

pv
ТГ канал